Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 6 з паловай гадоў зьняволеньня. Вынесьлі прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». ВІДЭА


Пратэст у Пінску 9 жніўня
Пратэст у Пінску 9 жніўня

Сёньня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця вынесьлі прысуд 14 фігурантам пінскай справы. Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых  беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

Судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў:

  • Сяргею Маўшуку і Алянсандру Цярэшку — 6 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гунько, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Дэвіду Масьціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шэлямету — 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запатрабаваў пракурор.

Судзьдзя таксама пастанавіў спагнаць з усіх асуджаных агулам 530 тысяч рублёў кампэнсацыі.

Сяргей Маўшук, які да выраку быў пад хатнім арыштам, з бацькам перад вынясеньнем прысуду
Сяргей Маўшук, які да выраку быў пад хатнім арыштам, з бацькам перад вынясеньнем прысуду

Суды над над 14 пінскімі палітвязьнямі працягваліся з 23 сакавіка. У ходзе судовых паседжаньняў віну прызналі Артур Халімончык і Сяргей Ляжэнка. Цалкам не прызналі — Ігар Салавей, Станіслаў Міхайлаў, Данііл Богнат, Аляксандар Цярэшка. Астатнія абвінавачаныя прызналі віну часткова.

У чым абвінавацілі фігурантаў

  • Ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
  • закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
  • закліках «біць сілавікоў»,
  • пашкоджаньні маёмасьці,
  • кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
  • ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».

Людзі каля дзьвярэй судовай залі перад вынясеньнем прысуду
Людзі каля дзьвярэй судовай залі перад вынясеньнем прысуду

«Яны ўсе героі, нашы дзеці»​,— ш​то сказалі сваякі падсудных пасьля выраку

Марыя Салавей, маці Ігара Салаўя: «Лічы, што ўсё надуманае, выдуманае. Атрымаў 6 гадоў, але ў мяне надзея, што 6 гадоў ён там сядзець ня будзе. Чакаю яго найхутчэйшага вяртаньня дахаты. Да канца траўня хаця б… Усё выдумана, усё робіцца пад дудку вусатага «красаўца».

Яўгенія Маціюш, маці Дэвіда Масьціцкага: «Мы чакалі тэрмін не такі вялікі, хаця б крыху менш. У шоку, канешне. Сын быццам трымаецца, малайчына. Я імкнулася таксама трымацца. Напілася супакаяльных, каб ня плакаць – найперш, каб яго не хваляваць. Адназначна мой сын – герой і я вельмі ганаруся ім».

Юлія Богнат, маці Данііла Богната: «Я не чакала такога, канешне, думала, што нашмат менш будзе. Але настройвала сябе, глядзела па іншых выніках суду: як пракуроры запытвалі – так і давалі. Ну, як ёсьць ужо. Спадзяемся, што ня доўга застанецца і столькі яны сядзець ня будуць. Усё памяняецца да лепшага. Яны ўсе героі, нашы дзеці. Ганарымся імі».

Віктар Рубец, бацька Алега Рубца: «Гэта ж ня суд, гэта спэктакль. Ну, сёньня ён скончыўся, гэты спэктакль. Адны акторы зьехалі ў камэры, а іншыя – траціць свае сярэбранікі. Што тут можна сказаць? Калі мы гадавалі дзяцей, я думаў, што турма – гэта страшна і сорамна. Аказваецца, гэта зусім ня сорамна. Ёсьць такія артыкулы, па якіх ня сорамна сядзець. Мой сын будзе сядзець, але я ганаруся сваім сынам, што ён у свае 18 год зрабіў тое, пра што многія толькі на кухнях размаўляюць і што хацелі б зрабіць, але баяцца. Усе мы перажываем і сын перажывае… Але ўсе людзі чакаюць перамен».

Тацяна Рубец, маці Алега Рубца: «Хлопцы нашы малайцы, яны паводзілі сябе вельмі годна і годна выслухалі свой прысуд, далі зразумець, што іх не зламалі, што яны трымаюцца. Несправядлівасьць канешне жудасная».

Станіслаў Цярэшка, бацька Аляксандра Цярэшкі: «Канешне ж, не чакалі. Гэта жах! Быццам і не даказана толкам нічога, а суд прызнаў вінаватым. 6 гадоў і 6 месяцаў – за галаву ўзяцца можна!»

Сьвятлана Багнавец, сястра Рамана Багнаўца: «Сын вельмі моцна перажывае, у іх такія адносіны пяшчотныя. Я нават ня ведаю, як усе гэтыя гады – страчаныя, скрадзеныя – як Арцём будзе бяз таты, я ўвогуле не ўяўляю.
Самае галоўнае: жадаю хлопцам, каб яны не зламаліся, бо зусім не салодка ім будзе».

Сяргей і Алена Маўшукі і іх дзеці

Сярод асуджаных па «пінскай справе» сужэнцы Сяргей (6.5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму) і Алена (6 гадоў калёніі агульнага рэжыму) Маўшукі.

Маці трох дачок (двое зь іх непаўналетнія) Алена Маўшук знаходзіцца за кратамі з 10 жніўня. Яе муж Сяргей знаходзіўся на волі.

Сяргей і Алена Маўшукі
Сяргей і Алена Маўшукі

У пары Маўшукоў адно агульнае дзіця — 5-гадовая Карына. 10-гадовую дачку Алены Ангеліну ў верасьні забралі ў прытулак. Аднак празь некаторы час пад апеку яе ўзяла хросная. Карына ж увесь час, да пачатку суду, знаходзілася разам з татам.

Перад першым судовым паседжаньнем Сяргей Маўшук прызнаўся, што калі яго пасадзяць, гэта будзе моцны ўдар па дачцэ.

14 сакавіка, пачуўшы запыт пракурора, Алена Маўшук напісала вялікімі літарамі ў сшытку: «Я павешуся».

Перад выракам Сяргей Маўшук сказаў, што на гэты момант 5-гадовая Карына знаходзіцца ў старэйшай дачкі Алены Юліі. Па словах бацькi Сяргея, некалькі «добрых сем’яў» хочуць яе ўдачарыць і зараз зьбіраюць для гэтага неабходныя дакумэнты.

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам дзьвюх з паловай гадзінаў пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.

Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Начальнік міліцыі справакаваў сутычку з пратэстоўцамі?

Паводле словаў сваякоў абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне.

На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».

Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна сілавікі.

Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».

Родныя ж палітвязьняў кажуць, што на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG