Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змова рэальная ці ўяўная? У чым пераканаў фільм АНТ «Забіць прэзыдэнта»


Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута і Рыгор Кастусёў

Новы фільм «Забіць прэзыдэнта», паказаны ўвечары 28 красавіка дзяржаўным тэлеканалам АНТ, мала што дадаў да першага фільма на гэтую тэму, які дэманстраваўся дзесяць дзён таму. Хіба што высьветліўся такі факт: Юрася Зянковіча КДБ «вёў» яшчэ са жніўня мінулага году.

Сьцісла

  • Змова — гэта не размовы, а канкрэтны плян. Пра які нічога невядома.
  • Аўтары фільма імкнуцца даказаць, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаяць амэрыканскія спэцслужбы. Але выглядае гэта вельмі нацягнута і непераканаўча.
  • Зянковіч, каб прыдаць сабе большую вагу, блефуе, намякаючы на нейкія сувязі ў кіраўніцтве ЗША.
  • Усё астатняе — гэта набор стандартных прыёмаў з арсэналу «чорнага піяру», каб мацней дыскрэдытаваць апанэнтаў рэжыму

Фільм ня даў адказу на самае галоўнае пытаньне: ці была змова? Там апавядаецца пра шматлікія размовы на тэму сілавога захопу ўлады. Аднак змова — гэта не размовы. Прыкметай змовы зьяўляецца канкрэтны плян, які прадугледжвае задзейнічаньне сілавых рэсурсаў. Якое канкрэтна вайсковае падразьдзяленьне каторы аб’ект захоплівае, хто за што адказвае, якая дата перавароту і іншыя дэталі. Вось такім мусіў быць плян змовы, калі б гэта былі рэальныя намеры.

Але, як можна зразумець зь фільма, пра нейкую, хоць і сумнеўную, канкрэтыку гаварыў толькі спэцслужбовец, які прадстаўляўся афіцэрам Міністэрства абароны. Сумнеўную з розных прычынаў. Вось хоць бы ягоная рэпліка, што ён мае кола зносін з 300 асобамі ў апараце міністэрства мусіла выклікаць недавер.

Усё астатняе — балбатня.

Яшчэ адзін канкрэтны факт, які можа сьведчыць пра рэальнасьць змовы — гэта грошы, якія нібыта перадаваліся вайскоўцам. Бухгальтарка менскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч зьняла грошы з карткі Зянковіча і паклала ў ячэйку, а потым у нейкі «схрон» на клада́х. Калі меркаваць па пакеце, які паказалі, то грошы невялікія. Максымум некалькі тысяч даляраў. Гэта несурʼёзна, перавароты за такія сумы ня робяцца. Верагодна, гэта асабістыя грошы Зянковіча. Але якая змова, такія і грошы.

І другое важнае пытаньне: роля ЗША ў гэтай нібыта змове. Аўтары фільма імкнуцца даказаць, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаяць амэрыканскія спэцслужбы. Але выглядае гэта вельмі нацягнута і непераканаўча.

Найперш паказваюць заявы Зянковіча падчас перамоваў. Відавочна, што той, каб надаць сабе большую вагу, блефуе, намякаючы на нейкія сувязі ў кіраўніцтве ЗША. Але, зьвярніце ўвагу, гэтыя кантакты ўвесь час розныя і вельмі няпэўныя: «Вашынгтон», габрэйскія арганізацыі. Ці вось гэтая рэпліка: «Я знайду выхад на Лэнглі» (штаб-кватэра ЦРУ). То бок выхадаў яшчэ няма, ён яшчэ толькі зьбіраецца гэта рабіць.

У адным выпадку Зянковіч нават кажа, што калі пра нашыя пляны даведаюцца амэрыканскія спэцслужбы, то мы можам апынуцца за кратамі. Там, у ЗША, а не ў Беларусі.

Пра адзіны кантакт Зянковіча з амэрыканскімі спэцслужбамі той гаворыць ужо падчас допыту. Гэты кантакт быў тады, калі ён прымаў амэрыканскае грамадзянства. Людзі, адзін зь якіх прадставіўся супрацоўнікам ФБР, спыталі, ці не супрацоўнічае той з КДБ. Гэта стандартная працэдура пры атрыманьні амэрыканскага грамадзянства.

А далей, здаецца, пайшлі нейкія фантазіі Зянковіча. «Я думаю, трэці чалавек быў прадстаўніком ЦРУ... Пасьля чаго яны спыталі, ці не хачу я папрацаваць на амэрыканскі ўрад».

Тут узьнікае некалькі пытаньняў. Чаму чалавек з ЦРУ не назваўся, калі рабіў такую важную прапанову? Якую цікавасьць для ЦРУ ўяўляе памочнік адваката у Нью-Ёрку? Не паказалі, што ж адказаў Зянковіч. Калі ЦРУ яго завэрбавала, то чаму падчас перамоваў са «змоўшчыкамі» ён гаварыў толькі пра намер знайсьці «выхад на Лэнглі»?

Усё астатняе — гэта набор стандарных прыёмаў з арсэналу «чорнага піяру», каб мацней дыскрэдытаваць апанэнтаў рэжыму (грошы Сораса, джыпы зь Літвы, склады з выбухоўкай і інш.).

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG