Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйныя хімічныя прадпрыемствы Горадні абмяркоўваюць спыненьне вытворчасьці праз рамонт


Азот, Горадня
Азот, Горадня

«Гродна Азот» і «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад «Азоту», могуць спыніць вытворчасьць дзеля рамонтных працаў. Пра гэта паведаміў лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы.

«Азот» у бліжэйшы час можа спыніцца цалкам на 7–10 дзён. Прычына — аварыя на трубаправодзе зваротнай вады. Ён лопнуў падчас нядаўняга спыненьня цэхаў «Аміяк-4» і «Карбамід-4».

«Тады пэрсанал зрабіў памылкі, бо не хапае спэцыялістаў, і сапсавалі водаправод. Каб яго адрамантаваць, імаверна, давядзецца спыніць цалкам завод», — кажа Юры Рававы.

Труба, зьвязаная з рознымі цэхамі, цяпер прапускае ваду. Цэх «Аміяк-4» пакуль ня выйшаў на звычайныя нагрузкі.

Падобная сытуацыя склалася на «Хімвалакне». На праспэкце Янкі Купалы побач з заводам плянуюць рабіць рамонт дарогі. Дзеля гэтага трэба адключыць лінію электраперадач, ад якой сілкуецца «Хімвалакно». Тады ўвесь завод або спыніцца, або пяройдзе на мінімальныя абароты. Яго, як і «Азот», спыніць умомант немагчыма праз складаны тэхналягічны працэс. Паводле папярэдняй інфармацыі, спыненьне можа адбыцца ў бліжэйшыя дні на 7–10 дзён.

«Гэта капітальныя мінусы ў грошах», — кажа Юры Рававы.

Летась «Гродна Азот» ужо спрацаваў у мінус 85 мільёнаў рублёў. Прычына — падаражэньне сыравіны. Расея прадавала ў Беларусь прыродны газ па значна вышэйшых коштах, чым раней. Даражэй нават, чым у Літву і Польшчу.

Яшчэ адна прычына, як тлумачыць Рававы, — раней не было так шмат невялікіх спыненьняў, як у 2020 годзе. Кожны дзень прастою можа выліцца ў тысячы даляраў страты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG