Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў вырак 16-гадоваму падлетку з эпілепсіяй — 5 гадоў у калёніі


Дзьмітры Карнееў (зьлева) і Мікіта Залатароў, на лаве падсудных. Гомель, 22 лютага 2021 году.
Дзьмітры Карнееў (зьлева) і Мікіта Залатароў, на лаве падсудных. Гомель, 22 лютага 2021 году.

Гомельскі абласны суд 23 красавіка разгледзеў скаргі асуджаных на вялікія тэрміны жыхароў Гомля, раёну і Добруша за «масавыя беспарадкі» і пакінуў выракі бязь зьменаў, а скаргі — без задавальненьня.

Сярод асуджаных — 16-гадовы Мікіта Залатароў, хворы на эпілепсію. Ён быў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня.

Раней суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў Мікіту Залатарова калёніяй на 5 гадоў, Дзьмітрыя Карнеева — на 8 гадоў, Леаніда Кавалёва — на 6 гадоў.
Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з тэлеграм-каналаў і ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».

Дзяржаўны абвінаваўца зазначаў, што Кавалёў спрабаваў «наўмысна правесьці відэазапіс», каб потым разьмясьціць яго ў інтэрнэце з «мэтай прапаганды злачыннай дзейнасьці». Паводле пракурора, абвінавачаныя «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена, і зрабілі пагрозу гвалту над супрацоўнікамі міліцыі як помсты за выкананьне службовай дзейнасьці».

Разам з тым цяпер на 16-гадовага палітвязьня завялі новую крымінальную справу.

«Нібыта Мікіта напаў на канваіра. Справу распачалі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт над супрацоўнікам)», — паведаміў Міхаіл Лапуноў, бацька непаўналетняга.

Падлетка затрымалі 11 жніўня 2020 году. Міліцыя абвінаваціла яго ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»).

Падчас утрыманьня ў СІЗА падлетак, які хварэе на эпілепсію, скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты палітычны, здохнеш».

«Мяне выклікалі ў СІЗА як законнага прадстаўніка Мікіты, бо ён непаўналетні. Аказалася, што сын нібыта напаў на канваіра, зрабіў яму падсечку і пачаў душыць. Мікіта кажа, што не рабіў гэтага! Гэта проста трызьненьне нейкае. Мікіта мае вагу 45 кіляграмаў — як ён мог напасьці на здаровага канваіра, прычым іх жа водзяць у кайданках? Сын скардзіўся, што ён ня можа дапрасіцца лекаў ад эпілепсіі. А яны яму неабходныя, ён мусіць іх прымаць рэгулярна. Калі ён прапускае прыём — то могуць пачацца зьмены ў паводзінах! Яму не даюць спуску — увесь час прэсуюць, чапляюцца да кожнай дробязі. Ён на гэтых сьледчых дзеяньнях быў з паголенай галавой. Я яго разьдзеў, агледзеў. Гематомы былі на губе і на шыі», — расказаў Міхаіл Лапуноў.

Ён кажа, што сын у прыгнечаным стане, бо «ўвесь час ідзе псыхалягічны ціск».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG