Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэвалюцыя ня робіцца ў белых пальчатках». (Не)прыдуманае інтэрвію з бальшавіком N1


Уладзімір Ленін
Уладзімір Ленін

Радыё Свабода працягвае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх даўно няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і погляды гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.

У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.

Чацьвёртая гутарка — з расейскім бальшавіком Уладзімірам Леніным (1870–1924). Яго выказваньні ўзятыя са збору твораў, выдадзенага ў савецкія часы.

Хто такі Ленін

  • Расейскі камуністычны тэарэтык
  • Арганізатар бальшавіцкага перавароту
  • Першы кіраўнік Савецкай дзяржавы

«Мы выставілі тэрор і патройны тэрор, а калі яшчэ спатрэбіцца, выставім і яшчэ»

— Дзіўныя часы, Уладзімір Ільліч. У СССР вашае імя ведала кожнае дзіця, а сёньня мы мусім пераказваць вашую біяграфію, бо маладая публіка можа вас ужо і ня памятаць.

— Нас памятаюць, пакуль мы перашкаджаем іншым.

— Менавіта пра гэта мы сёньня і пагаворым. Давайце спачатку вырашым прынцыповую рэч. Чаму бальшавіцкі пераварот камуністы называюць рэвалюцыяй? Вы зрынулі Часовы ўрад, які ўзьнік пасьля ўласна самой рэвалюцыі — адрачэньня Мікалая ІІ і падзеньня самадзяржаўя.

— Мы не адмаўляліся ўзяць уладу адны. Мы заяўлялі гэта яшчэ ў чэрвені 1917 году. У кастрычніку 1917 году на зьезьдзе Саветаў гэта ажыцьцявілі. Зьезд Саветаў атрымаў бальшавіцкую большасьць. Тады Керанскі зьвярнуўся да юнкераў, паскакаў да Краснова, хацеў сабраць войска і ісьці на Петраград. Мы іх трошкі пабілі, і цяпер яны пакрыўдзіліся і кажуць: «Якія крыўдзіцелі, захопнікі, якія каты!». Мы адказваем: «Наракайце на сябе, сябры! Ня думайце, што расейскія сяляне і рабочыя забыліся вашы дзеяньні! Вы выклікалі нас на барацьбу ў самай адчайнай форме ў кастрычніку, у адказ на гэта мы выставілі тэрор і патройны тэрор, а калі яшчэ спатрэбіцца, выставім і яшчэ, калі вы паспрабуеце яшчэ раз.

Ленін у Маскве, 1920 год
Ленін у Маскве, 1920 год

— Чакайце. На выбарах ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход, 25 лістапада 1917, ужо пасьля перавароту, бальшавікі набралі толькі 24%. І вы гэты легальна абраны сход потым разагналі. Гісторыкі называюць той разгон студзеня 1918 „пунктам невяртаньня“ для расейскай дэмакратыі. Чаму вы не заваявалі большасьць з дапамогай ўсеагульнага выбарчага права, каб потым арганізаваць сацыялізм?

— А мы гаворым, на падставе вучэньня Маркса і практыкі расейскай рэвалюцыі: пралетарыят мусіць спачатку скінуць буржуазію і заваяваць сабе дзяржаўную ўладу, а потым гэтую дзяржаўную ўладу, то бок дыктатуру пралетарыяту, выкарыстоўваць як прыладу сваёй клясы ў мэтах набыцьця прыхільнасьці большасьці працоўных.

— Чаму вы не захацелі дамовіцца з эсэрамі, якія перамаглі тады на выбарах? Ці ня быў бы кансэнсус, мірныя перамовы, найлепшым выйсьцем з сытуацыі?

— Ніякіх умоў з эсэрамі і меншавікамі: альбо падпарадкоўваюцца нам без усялякіх умоваў, альбо будуць арыштаваныя.

«Суд мусіць не пазбаўляць ад тэрору, а абгрунтаваць і ўзаконіць яго прынцыпова...»

— Арышты — гэта першы этап, у параўнаньні з тым, што бальшавікі пачалі пазьней. Гэта вашы словы: »... Выдатны плян! Завяршайце яго разам зь Дзяржынскім. Пад выглядам «зялёных» (мы потым на іх звалім) пройдзем на 10-20 вёрст і перавешаем кулакоў, папоў, памешчыкаў. Прэмія: 100 000 р. за павешанага... «. Уладзімір Ільліч, гэта найчысьцейшы тэрарызм.

— Рэвалюцыі ў белых пальчатках ня робяцца.

— Беларуская рэвалюцыя апошніх сямі месяцаў усё ж мірная.

— Бяз гвалту над гвалтаўнікамі нельга пазбавіць народ ад гвалтаўнікоў.

— Гэтыя мэтады большасьць беларусаў не прымае. Людзі вераць, што мірнасьць рэвалюцыі — гарантыя яе пасьпяховасьці.

— Няма нічога больш паскуднага, чым самазадаволены аптымізм.

— Гэта пазыцыя шырокіх слаёў грамадзтва: ад пралетарыяту, як бы вы сказалі, да інтэлігенцыі, мозгу кожнай нацыі.

— Інтэлігенцыя — ня мозг нацыі, а г.. но.

— І ўсё ж пра мэтады рэвалюцыі. Няўжо вы ня бачыце іншых спосабаў, апрача тэрору?

— Гісторыя расейскай рэвалюцыі паказвае, што партыя заўсёды зьвяртаецца да індывідуальнага тэрору, калі яна не карыстаецца падтрымкай масаў. Прынцыпова мы ніколі не адмаўляліся і ня можам адмаўляцца ад тэрору. Гэта адно з ваенных дзеяньняў, якое можа быць цалкам прыдатным і нават неабходным у вядомы момант бітвы, пры вядомым стане войска і пры вядомых умовах.

— Чаму гэты тэрор ужо ў першыя месяцы пасьля перавароту нагадваў спартовае спаборніцтва?

— Трэба менавіта цяпер правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзясяткаў гадоў ні пра які супраціў яны ня сьмелі і думаць.

Уладзімір Ленін
Уладзімір Ленін

— Ваш тэрор датычыўся ня толькі палітычных апанэнтаў, эсэраў ці меншавікоў, але і многіх катэгорый людзей, напрыклад проста багатых. Ці гэта злачынства — умець зарабляць грошы?

— Багатыя і жулікі, гэта — два бакі аднаго мэдаля, гэта два галоўныя разрады паразытаў, выкармленыя капіталізмам, гэта галоўныя ворагі сацыялізму, гэтых ворагаў трэба ўзяць пад асаблівы нагляд, зь імі трэба распраўляцца, пры самым малым парушэньні імі правілаў і законаў сацыялістычнага грамадзтва, бязьлітасна.

Было б сьмешна і недарэчна адмаўляцца ад тэрору і ўціску супраць памешчыкаў і капіталістаў зь іхнымі прыхвастнямі, прадаўцамі Расеі замежным «саюзным» імпэрыялістам.

— Чаму вы проста ня выгналі буржуазію, сваіх апанэнтаў, з савецкай Расеі, а замест гэтага ўчынілі, па сутнасьці, генацыд уласнага насельніцтва?

— Сам я ня бачу, як мы можам спалохаць іх так, каб яны пайшлі вон з Расеі бяз масавых расстрэлаў. Вядома, знаходзячыся за мяжой, яны будуць уяўляць сабой такую ж пагрозу, аднак эмігранты не такія шкодныя. Адзінае рашэньне я бачу ў тым, каб пагроза чырвонага тэрору спрыяла распаўсюджваньню жаху і вымушала іх уцякаць.

— А што з замежнымі грамадзянамі, якія не падзяляюць вашыя погляды? Таксама высылаць?

— Наконт іншаземцаў раю не сьпяшацца з высылкай. Ці ня лепш у канцлягер.

— У прававой дзяржаве за такія словы вас бы прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Любы суд прызнаў бы вас ня проста экстрэмістам, але і тэрарыстам.

— Суд мусіць не пазбаўляць ад тэрору, абяцаць гэта было б самападманам або падманам, а абгрунтаваць і ўзаконіць яго прынцыпова, ясна, бяз фальшу і без прыкрас.

«Напад, а не абарона, павінен стаць лёзунгам масаў»

— Сьвет за 100 гадоў значна прасунуўся наперад. Разам з ростам дабрабыту пашырыліся і ідэі гуманізму, правоў чалавека і павагі да асобы. Пра гэта беларускія інтэлігенты, напрыклад Луцкевіч, гаварылі яшчэ ў вашы часы.

— Вайна не на жыцьцё, а на сьмерць багатым дармаедам, буржуазным інтэлігентам... зь імі трэба распраўляцца, пры самым малым парушэньні... У адным месцы пасадзяць у турму... У другім — паставяць іх чысьціць сарціры. У трэцім забясьпечаць іх, па адбыцьці карцара, жоўтымі білетамі... У чацьвёртым — расстраляюць на месцы... Чым разнастайней, тым лепшым, тым багацейшым будзе агульны досьвед.

— Адно цяжка паверыць, што ў савецкіх школах віселі вашыя партрэты з усьмешкай, а школьнікі вучылі вашыя цытаты пра дабрыню або апакрыфічныя гісторыі пра вашую мудрасьць.

— Паменей палітычнай траскатні. Паменш інтэлігенцкіх разваг. Бліжэй да жыцьця.

— Добра. Давайце вернемся да тэхналёгіі рэвалюцыі, хоць вы пра гэта напісалі ўжо дзясяткі тамоў.

— Прыемней і карысьней «досьвед рэвалюцыі» ажыцьцяўляць, чым пра яго пісаць.

— Сёньня б вам такое пісаць не дазволілі, і ня толькі ў Беларусі. Хаця, як ні дзіўна, менавіта ў Беларусі дзень бальшавіцкага перавароту сьвяткуецца на дзяржаўным узроўні і паўсюль поўна вашых помнікаў. Такім чынам, да сутнасьці. З чаго пачынаецца рэвалюцыя?

— Ідэі становяцца сілай, калі яны авалодваюць масамі. Усеагульная вера ў рэвалюцыю ёсьць ужо пачатак рэвалюцыі.

— Сумнеўна, улічваючы, што за бальшавікамі была ў 1917-м далёка нават ня большасьць. Па сутнасьці, меншавікамі былі вы, але са зброяй.

— Паўстаньне, каб быць пасьпяховым, мусіць абапірацца не на змову, не на партыю, а на перадавую клясу. Гэта па-першае. Паўстаньне мусіць абапірацца на рэвалюцыйны ўздым народу. Гэта па-другое. Паўстаньне мусіць абапірацца на такі пераломны пункт у гісторыі нарастальнай рэвалюцыі, калі актыўнасьць перадавых шэрагаў народу найбольшая, калі ўсё большыя ваганьні ў шэрагах ворагаў і ў шэрагах слабых, палавіністых, нерашучых сяброў рэвалюцыі. Гэта па-трэцяе.

Петраград. 1918 год
Петраград. 1918 год

Рэвалюцыя можа складацца і, напэўна, будзе складацца з шматгадовых бітваў, зь некалькіх пэрыядаў націску, з прамежкамі контрарэвалюцыйных сутаргаў буржуазнага ладу. Трэба заахвочваць энэргію і масавіднасьць тэрору супраць контрарэвалюцыянэраў.

— Асаблівасьць бальшавіцкай сыстэмы была яшчэ ў тым, што, апрача самой сыстэмы бюракратыі, вы збудавалі масавую машыну даносаў, «стукацтва», заразілі тэрорам масы. Вы ўцягнулі людзей у палітычную барацьбу, але па сутнасьці разьвязалі грамадзянскую вайну.

— Зусім не адмаўляючы ў прынцыпе гвалту і тэрору, мы патрабавалі працы над падрыхтоўкай такіх формаў гвалту, якія б разьлічвалі на непасрэдны ўдзел масы і забясьпечвалі б гэты ўдзел. Было б пажадана і з нашага пункту гледжаньня неабходна, каб замест агульнага закліку да «адзінкавага і масавага тэрору» задачай злучаных дзеяньняў было пастаўлена прама і вызначана непасрэднае і фактычнае зьліцьцё на справе тэрарызму з паўстаньнем масаў.

Масы мусяць ведаць, што яны ідуць на ўзброеную, крывавую, адчайную барацьбу. Пагарда да сьмерці павінна распаўсюдзіцца ў масах і забясьпечыць перамогу. Наступ на ворага мусіць быць самы энэргічны. Напад, а не абарона, павінен стаць лёзунгам масаў, бязьлітаснае зьнішчэньне ворага — стане іх задачай.

— Месца людзей на заводах і фабрыках, а не на барыкадах. Вы ўцягваеце людзей у тэрарыстычную дзейнасьць. Гэта тое, што КДБ называе «неканстытуцыйны шлях зьмены ўлады».

— Мы можам і павінны скарыстацца ўдасканаленьнем тэхнікі, навучыць працоўныя атрады рыхтаваць масамі бомбы, дапамагчы ім і нашым баявым дружынам назапасіць выбуховыя рэчывы, запальнікі і аўтаматычныя стрэльбы. Узброеныя рабочыя — людзі практычнага жыцьця, а не сэнтымэнтальныя інтэлігенцікі, і жартаваць яны з сабой не дазволяць.

«Мы ў вечную маральнасьць ня верым і падман усялякіх казак аб маральнасьці выкрываем»

— А як жа легальная барацьба? Гэта ж дзейнасьць па-за прававым полем, як кажа дэпутат Давыдзька.

— Дрэнны той рэвалюцыянэр, які ў момант вострай барацьбы спыняецца перад непахіснасьцю закону.

— Вы разумееце, што гэта адмаўленьне маралі або таго здабытку, які дала сьвету рэлігія за тысячы гадоў?

— Усялякі божанька — гэта нэкрафілія... усялякая рэлігійная ідэя, усялякая ідэя пра нейкага божаньку, усялякае какецтва з божанькам — гэта невымоўная брыдота, небясьпечная брыдота, самая гнюсная зараза.

— Рэлігія — гэта ня толькі культ, як казалі бальшавікі, але і традыцыя маральнасьці. Вы адмаўляеце маральнасьць?

— У якім сэнсе адмаўляем мы мараль, адмаўляем маральнасьць? У тым сэнсе, у якім прапаведавала яе буржуазія, якая выводзіла гэтую маральнасьць з загаду бога... Усялякую такую маральнасьць, узятую з пазачалавечага, пазаклясавага разуменьня, мы адмаўляем. Мы кажам, што гэта падман, што гэта ашуканства і забіваньне розумаў... Мы ў вечную маральнасьць ня верым і падман усялякіх казак аб маральнасьці выкрываем.

— Але вы прапануеце не барацьбу ідэяў, а барацьбу супраць людзей.

— Чым большую колькасьць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства і рэакцыйнай буржуазіі ўдасца нам з гэтай нагоды расстраляць, тым лепш.

— На жаль, мы мусім скончыць гэтую размову. Гэта пярэчыць нашаму кодэксу, які не прымае мову нянавісьці. І чытачы не даруюць. У камэнтарах можа пачацца пекла.

— Люблю я, калі людзі лаюцца, — значыць, ведаюць, што робяць, і лінію маюць.

Ленін у маўзалеі ў Маскве, 1924 год
Ленін у маўзалеі ў Маскве, 1924 год

Бліц

— Што параіце цікавага з вашага ўлюбёнага ў мастацтве?

— Я, ведаеце, у мастацтве ня моцны, мастацтва для мяне, гэта... нешта накшталт інтэлектуальнай сьляпой кішкі, і калі яго прапагандная роля, неабходная нам, будзе сыграная, мы яго — дзык, дзык!

— Ваша стаўленьне да сэксу?

— Усе забароны, якія тычацца сэксуальнасьці, павінны быць зьнятыя... Нам ёсьць чаму павучыцца ў суфражыстак: нават забарона на аднаполае каханьне мусіць быць зьнятая.

— Адна практычная парада ад Леніна бяз гвалту і тэрору.

— Не забывайце штодзённай абавязковай гімнастыкі, прымушайце сябе рабіць па некалькі дзясяткаў (без патураньня) усялякіх рухаў! Гэта вельмі важна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG