Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара вёскі пад Менскам асудзілі за флюгер з Пагоняй і паштовую скрыню ў нацыянальных колерах


Частка інтэр'еру дома Яўгена Жука, якая трапіла на міліцэйскае відэа
Частка інтэр'еру дома Яўгена Жука, якая трапіла на міліцэйскае відэа

Лекар-траўматоляг на судзе заявіў, што міліцыянты ня маюць фотапацьверджаньняў на некаторыя пункты, адлюстраваныя ў пратаколе. Аднак судзьдзя ўсё адно адправіў яго на 15 сутак арышту.

У судзе Менскага раёну 19 красавіка вынесьлі рашэньне ў адміністрацыйнай справе за флюгер з Пагоняй і іншыя «атрыбуты пратэсту». Паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП судзілі 34-гадовага Яўгена Жука. Мужчыну затрымалі ўвечары 16 красавіка ў сваім доме ў вёсцы Антонаўцы пад Менскам, піша «Новы час».

Міліцыянты тады ж правялі агляд дому. Падставай для затрыманьня Жука стала нібыта «несанкцыянаванае адзіночнае пікетаваньне шляхам паштовай скрыні бел-чырвона-белага колеру, ня менш як 8 налепкамі на вокнах другога паверху, флюгерам у выглядзе вершніка „Пагоня“, банэрам на плоце дома са словамі „Мы разам“ і выявай знака вікторыі, сэрцайка і сьціснутага кулака».

Яўген на судзе адзначыў, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць фотадоказы разьмешчаных налепак на акне дома і банэра на плоце. Таксама мужчына расказаў на судзе, што ягоная паштовая скрыня ў такіх колерах вісіць на доме ўжо тры гады.

Судзьдзя Крапачоў прызнаў мужчыну вінаватым у незаконным пікетаваньні і асудзіў да 15-дзённага адміністрацыйнага арышту.

16 красавіка пры затрыманьні Жука абласная міліцыя выклала ў інтэрнэт фота інтэрʼераў дому затрыманага, на якіх відаць:

  • шалік «Мы пераможам» над вакном,
  • налепка зь бел-чырвона-белым сьцяжком на скрыні з інструмэнтамі,
  • пара падсьвечнікаў з трыма белымі і шасьцю чырвонымі сьвечкамі,
  • традыцыйны беларускі арнамэнт «Васьмірог» на белай падлозе,
  • чырвоныя бэлькі на белай столі.

Але засталося пытаньнем, навошта міліцыя ў сваім відэа паказала некаторыя з гэтых рэчаў, ніякага тлумачэньня таму ні ў дзень затрыманьня, ні пазьней сілавікі не далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG