Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША: Прадпрыемствы, закранутыя санкцыямі, спрыяюць рэпрэсіям супраць беларускага народу


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен выступіў з заявай з нагоды аднаўленьня санкцыяў супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў. Ён назваў зьняволеньне Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калесьнікавай і Ігара Лосіка прыкладамі рэпрэсіяў у Беларусі, якія робяць немагчымым далейшае прыпыненьне санкцыяў.

У заяве гаворыцца, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША цалкам падтрымлівае рашэньне Міністэрства фінансаў і што гэты крок зьяўляецца наступствам грубага ігнараваньня правоў чалавека беларускімі ўладамі і невыкананьня Беларусьсю сваіх абавязаньняў паводле міжнародных нормаў у сфэры правоў чалавека.

У 2015 годзе Міністэрства фінансаў ЗША — у кансультацыях зь Дзярждэпартамэнтам — прыпыніла санкцыі ў сувязі з пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека. У прыватнасьці, гэта было зьвязана з вызваленьнем палітвязьняў, адзначаецца ў заяве.

«Аднак у выніку ўладных рэпрэсій вакол сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і пасьля іх, цяпер у Беларусі больш за 340 палітычных зьняволеных. Улічваючы рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, урад ЗША перакананы, што далейшы працяг [прыпыненьня санкцый] ня будзе адпавядаць Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і будзе несумяшчальны з амэрыканскімі каштоўнасьцямі. Дзевяць дзяржаўных прадпрыемстваў, закранутых гэтым дзеяньнем, фінансуюць і падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, спрыяючы гвалтоўным рэпрэсіям супраць беларускага народу і неаднаразоваму адмаўленьню ад вяршэнства закону», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША.

Прыкладамі рэпрэсіяў у Беларусі ў заяве называецца зьняволеньне «патэнцыйных палітыкаў, такіх як Сяргей Ціханоўскі, мужных лідэраў-актывістаў, такіх як Марыя Калесьнікава, і незалежных мэдыя-экспэртаў, такіх як Ігар Лосік. Гэта толькі трое з сотняў беларусаў, несправядліва зьняволеных рэжымам Лукашэнкі за карыстаньне сваімі правамі чалавека і фундамэнтальнымі свабодамі».


Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых і зьняволеных». Акрамя таго, у заяве гаворыцца, што ЗША будуць працаваць разам зь міжнароднай супольнасьцю, каб паспрыяць адказнасьці тых, хто парушаў правы чалавека ў Беларусі.

«Павага да правоў чалавека, вяршэнства закону і абавязаньняў Беларусі перад Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе застаюцца цэнтральнымі для паляпшэньня двухбаковых адносінаў», — адзначаецца ў канцы заявы дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG