Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кобрынскай лякарні пэдыятра звальняюць за «суткі» ў ізалятары, хоць законапраект, які гэта дазваляе, яшчэ не ўступіў у сілу


Тэкставая расьцяжка ў падтрымку мэдыкаў
Тэкставая расьцяжка ў падтрымку мэдыкаў

Адміністрацыйны арышт кіраўніцтва не палічыла ўважлівай прычынай адсутнасьці Юліі Рафаловіч на працы.

У Кобрыні «за прагулы» звальняюць доктара-пэдыятра Юлію Рафаловіч. Адміністрацыя Цэнтральнай раённай лякарні, дзе яна працавала, палічыла суткі, якія актывістка правяла ў ізалятары, «адсутнасьцю на працоўным месцы зь няўважлівай прычыны», паведамляе «Эўрарадыё».

24 сакавіка Юлія разам зь іншымі актывістамі хацела ўпрыгожыць гарадзкі парк да Дня Волі. Жанчын затрымалі. 26 сакавіка доктарку асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд бел-чырвона-белых стужак і ўлётак».

Галоўны доктар Кобрынскай ЦРБ Мікалай Брашко настаяў на звальненьні Юліі Рафаловіч, нягледзячы на недахоп пэдыятраў у раёне. 16 красавіка — яе апошні працоўны дзень.

Рафаловіч ня лічыць сябе вінаватай у парушэньні працоўнай дысцыпліны. На думку ж Брашко, «чалавек мусіць быць на працы, не зрываць прыёму пацыентаў, аказваць мэдычную дапамогу згодна з графікам».

Пэтыцыя супраць звальненьня Рафаловіч сабрала больш за 500 подпісаў. Галоўны доктар адказаў на яе, што «прыняў аргумэнты да ведама». Але ўсё адно звольніў Юлію.

Доктарка лічыць, што найбольш засмучаныя яе звальненьнем бацькі пацыентаў.

«Адзін участак у нас цалкам вольны. З маім звальненьнем вызваляецца яшчэ адзін. У нас тры глыбокія пэнсіянэры на 15 участкаў. Колькасьць дзяцей на ўчастку ў нас не такая, якая мае быць у адпаведнасьці з заканадаўствам — 800 дзяцей на ўчастку. У нас больш за тысячу. У выпадку сыходу доктара трэба камусьці замяняць участак цалкам».

Рафаловіч, акрамя гэтага, падзарабляла ў стацыянары, дзе таксама нестае работнікаў. Праца на паўтары стаўкі дазваляла Юліі атрымліваць да 1200 рублёў у месяц. Гэта з выплатамі за «ўчастковасьць», вялікі стаж працы і іншымі надбаўкамі.

Новую ж працу па спэцыяльнасьці ў Берасьцейскай вобласьці знайсьці будзе няпроста: «і ў дзяржаўных, і ў прыватных мэдустановах зьвяртаюць увагу на „народны артыкул“».

«Я не магу зьмяніцца нават празь нейкі ціск, цкаваньне, перасьлед. Бачу, што трэба нешта мяняць, таму што пацярпеў першапачаткова і мой сын. Я бачу ўсё, што адбываецца, і мне балюча, сэрца разрываецца на часткі. Улічваючы, што я яшчэ і мэдычны работнік, бачу, якую інфармацыю мае калегі падаюць пра гвалт, жорсткасьць — гэта, вядома, страшна», — сказала Юлія Рафаловіч.

Паводле існуючага на гэты момант заканадаўства арышт зьяўляецца ўважлівай прычынай для адсутнасьці на працоўным месцы, за гэта работніка звольніць нельга.

Але ўлады вырашылі зьмяніць Працоўны кодэкс. Савет міністраў Беларусі ўнёс у кодэкс зьмены, якія дазваляюць наймальніку звальняць работнікаў за адміністрацыйнае пакараньне або заклікі да страйку. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі папраўкі ў першым чытаньні.

Пакуль гэты закон у сілу не ўступіў.

Як вынікае з праекту, апублікаванага на партале pravo.by, урад прапанаваў унесьці зьмены ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 году.

Пункт 7 артыкула 42 пасьля абзаца пятага маюць дапоўніць прычынамі, за што прадугледжаныя санкцыі ў выглядзе звальненьня:

  • «Адсутнасьць на працы ў сувязі з адбываньнем спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананьню працоўных абавязкаў»;
  • «Прымус да ўдзелу ў страйку, заклік да спыненьня выкананьня працоўных абавязкаў без паважлівых прычын; удзел працаўніка ў незаконным страйку, а таксама іншых формах адмовы ад выкананьня працоўных абавязкаў (цалкам або часткова)».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG