Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Пісальнік: «Выцягнулі з ложка і ўвесь час падганялі. Па нас прыйшлі 10 сілавікоў»


Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік.
Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік.

Горадзенскі журналіст адзначыў, што ня можа расказваць падрабязнасьці допыту ў менскім Сьледчым камітэце, бо і ён, і жонка далі падпіску аб неразгалошваньні.

Як паведамілі родныя затрыманых, каля 22 гадзін 14 красавіка яны ўжо былі дома. У Менску іх дапыталі ў якасьці сьведак у «справе палякаў». Анджэй Пісальнік расказаў пра допыт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Нас з раніцы выцягнулі з ложкаў, сын яшчэ нават не прачнуўся, каб ісьці ў школу. Людзі ў форме прыйшлі і загадалі зьбірацца ў Менск. Увесь час нас падганялі, бо сьледчы чакае. Па маіх ацэнках, па нас прыйшло каля 10 супрацоўнікаў сілавых органаў, яны казалі, што, як мы захочам уцячы праз вокны, то нас зловяць, бо там таксама іхныя людзі».

Допыт у Сьледчым камітэце ў Менску цягнуўся з 11:30 да 16:30. Пасьля гэтага журналістаў Анджэя Пісальніка і яго жонку Інэсу Тодрык-Пісальнік адвезьлі назад у Горадню. Яны падпісалі дакумэнты аб невыдаваньні, таму падрабязнасьцяў допыту няма.

Журналіст сказаў, што і ён, і ягоная жонка Інэса маюць статус сьведак у межах крымінальнай справы супраць кіраўніцтва Саюзу палякаў, але гэта ніяк не зьвязана з папярэджаньнем пракуратуры 13 красавіка.

За што Пісальніка папярэдзіла пракуратура?

Пракуратура Горадні выклікала Анджэя і афіцыйна папярэдзіла аб «недапушчэньні выказваньняў, якія могуць супярэчыць патрабаваньням заканадаўства Беларусі аб нацыянальных меншасьцях і супрацьдзеяньні экстрэмізму».

У пачатку красавіка ў этэры польскіх радыёстанцый Radio 24 і Radio 4 Пісальнік нібыта выказаў «шэраг думак, мэта якіх — узбудзіць у насельніцтва варожасьць на нацыянальнай і моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасьць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іх дзейнасьці».

Журналіст тады заявіў пра распачатую ў дзяржаўных беларускіх СМІ шырокамаштабную прапаганду супраць Польшчы. На яго думку, гэта робіцца для таго, каб стварыць вобраз палякаў як людзей «другой катэгорыі». Паводзіны ўладаў Пісальнік параўнаў са сталінскім рэжымам.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» у якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG