Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вучыў рытм». Хто такі Аляксей Санчук, якога затрымалі разам з бубначамі


Аляксей Санчук
Аляксей Санчук

У судзе Маскоўскага раёну 15 красавіка пачаўся працэс над Аляксеем Санчуком, якога затрымалі ў лістападзе разам з камандай бубначоў «Патрабуем разысьціся». Кагосьці з музыкаў тады аштрафавалі, хтосьці адбыў «суткі», а на Санчука, які проста прысутнічаў на рэпэтыцыі, завялі крымінальную справу.

Ня быў прафэсійным бубначом, сябраваў з музыкамі з гурту «Патрабуем разысьціся»

Аляксею Санчуку 30 гадоў. Ён скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж, прафэсійна займаўся зборкай мэблі. Музыкай проста захапляўся, расказвае жонка Аляксея Ганна.

«Аляксей проста сябраваў з бубначамі, захапіўся іх творчасьцю, часта наведваў іх рэпэтыцыі, хацеў навучыцца граць бездакорна. „Вучыўся рытму“, як сам ён казаў. Але зь імі разам ён ніколі не выступаў, на маршы разам не хадзілі», — сьцьвярджае Ганна.

Гурт бубначоў «Патрабуем разысьціся» стаў своеасаблівым сымбалем летніх і восеньскіх пратэстаў. Хлопцы гралі дваровыя канцэрты, «задавалі рытм» на нядзельных маршах.

Пасьля 15 сутак на свабоду ня выйшаў

4 лістапада на рэпэтыцыю гурту «Патрабуем разысьціся», якая праходзіла ў гаражы каля абутковай крамы «Прамень» на Ціміразева, зьявіўся ГУБАЗіК. Затрымалі 16 чалавек — на рэпэтыцыі былі ня толькі музыкі, але і аматары, якія захапляліся бубнамі, у тым ліку Аляксей Санчук. Семярых адпусьцілі, астатніх завезьлі ў пастарунак. На наступны дзень тром дзяўчатам далі штрафы па 30 базавых. Яшчэ шасьцярых асудзілі на 10–15 дзён арышту. Аляксею Санчуку прызначылі 15 сутак. Спачатку яго завезьлі на Акрэсьціна, адтуль перавезьлі ў Жодзіна, потым у Магілёў.

Аднак праз 15 дзён на свабоду Аляксей Санчук ня выйшаў, расказала ягоная жонка Ганна.

«Літаральна за дзень да сканчэньня 15 сутак па Аляксея прыехалі зь Менску байцы ГУБАЗіК, прычым не на аўтазаку, а на звычайным аўтамабілі, і павезьлі ў Менск. У машыне яго прымусілі разблякаваць тэлефон. Моцна пабілі, пагражалі, што, маўляў, «не разблякуеш, не раскажаш усё — выкінем, і ніхто ведаць ня будзе, што з табой і дзе ты», — кажа Ганна Санчук.

Сілавікі палічылі, што Аляксей Санчук быў адмінам нейкага чату і «арганізоўваў дзеяньні, накіраваныя на грубае парушэньне грамадзкага парадку». А сябры Аляксея сьцьвярджаюць, што ніякім адмінам тэлеграм-каналу ён ня быў, у тэлефоне знайшлі толькі інфармацыю пра пункты збору на маршы.

Завялі дзьве крымінальныя справы

5 лістапада па АНТ паказалі сюжэт «Закон па барабану»: нібыта музыкі «задавалі тэмп на маршах», а сярод затрыманых былі анархісты. У сюжэце Аляксей Санчук сказаў, што ня ведае, за што яго затрымалі, ніякай атрыбутыкі пры ім не было. На пытаньне, што рабіў у гаражы, адказвае: «Я вучыў рытм».

Пазьней у сеціве быў запушчаны флэшмоб #яучилритм, где людзі адбіваюць рытм на бубнах, на каструлях за вызваленьне Аляксея Санчука ды іншых палітвязьняў.

26 лістапада на Аляксея Санчука завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 342 (арганізацыя масавых беспарадкаў). У лютым стала вядома, што Аляксею дадалі артыкул 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі).

«Спачатку быў адзін артыкул, 342-ы. У лютым дадаўся яшчэ адзін — 393-ы (масавыя беспарадкі), частка 2 і 3. І фінансаваньне іх. Так, хлопцы зьбіралі грошы на адвакатаў, на дапамогу тым, хто сядзіць у ІЧУ, каб акуляры купіць ці штосьці неабходнае. Ну якое гэта фінансаваньне?»

3 сьнежня беларускія праваабаронцы прызналі Аляксея Санчука палітвязьнем.

«Для Аляксея самае галоўнае, каб гук быў добры»

Ганна ўспамінае, як пазнаёміліся з Аляксеем: студэнткай пабачыла на вуліцы прыгожага хлопца — гэта было каханьне зь першага позірку.

«Я сама спыніла яго — і мы разам ужо 10 гадоў. Сям’я ў яго заўсёды на першым пляне. Аляксей вельмі хатні, любіць нашу 8-гадовую дачушку. Цяпер дачка вельмі перажывае за бацьку, яна ўжо ўсё разумее. Бацька шмат часу аддаваў дачцэ, займаўся зь ёй, вадзіў на гурткі і сэкцыі. Ёй вельмі цяжка было на сьвяты — на Новы год, дзень народзінаў бяз таты», — узгадвае Ганна Санчук.

Яна кажа, што ў мужа «залатыя рукі», ён усё робіць вельмі дасканала. Зарабляе на жыцьцё зборкай мэблі, вельмі шмат працуе.

«Ён усё робіць вельмі грунтоўна, дасканала хацеў асвоіць і бубен, для яго самае галоўнае — „каб гук быў добры“, таму і пасябраваў з музыкамі.

Аляксей заўсёды змагаецца за справядлівасьць, вельмі кантактны і адкрыты, характарам надзвычай добры. Вельмі любіць жывёлаў. Часам мяне проста „даставаў“: падбіраў на вуліцы бадзяжных катоў-сабачак, цягнуў дадому, мы іх лячылі, уладкоўвалі. Прыедзе з працы, тэлефануе. Пытаюся: „Ты дзе?“ Адказвае: „У машыне сяджу, падабраў маленькае кацяня, грэю яго“», — узгадвае Ганна.

Паўтара месяца Ганна не атрымлівае лістаў ад Аляксея. Апошні раз прыйшла віншавальная паштоўка на 8 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG