Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам сыгналілі ў падтрымку». Менскую мастачку абвінавачваюць у перакрыцьці дарожнага руху


Юлія Якубовіч у судзе
Юлія Якубовіч у судзе

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся суд над мінчанкай Юліяй Якубовіч. Ёй пагражаюць 3 гады зьняволеньня.

Юлія Якубовіч — мастак-рэстаўратар, працуе ў «Белрэстаўрацыі». Маладую жанчыну вінавацяць ва ўдзеле ў стварэньні перашкод транспарту ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Раманаўская Слабада. У справе два падобныя эпізоды — 20 сьнежня і 3 студзеня. Паводле сьледчых, гэта былі акцыі пратэсту, арганізаваныя праз інтэрнэт. У абодвух выпадках нібыта фігуравалі бел-чырвона-белыя сьцягі, воклічы, размахваньне рукамі, спыненьне транспартнага патоку па Раманаўскай Слабадзе на значны кавалак часу.

Юлія Якубовіч, мяркуе сьледзтва, дзейнічала ў складзе групы, што павялічвае яе адказнасьць. Маладую жанчыну абвінавачваюць па 1 частцы 342 артыкула, ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Аднак тэкст абвінавачаньня, які зачытаў памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску Цімафей Нічыпарук, аказаўся адрозны ад таго тэксту, які мелі на руках падсудная і яе адвакат Уладзімер Пыльчанка. Гэта выявілася падчас допыту падсуднай і прывяло да нечаканага спыненьня працэсу, які пачаўся 9 красавіка ў Цэнтральным раённым судзе Менску. Назіральнікі казалі, што гэта або непрафэсіяналізм абвінавачаньня, або наўмыснае скажэньне доказаў.

«Цэлы абзац аказаўся ўпісаны ў тэкст, які ёсьць у пракурора, але ў нашых копіях гэтага абзаца няма. Там указаныя пэўныя маршруты транспарту, руху якіх нібыта перашкаджала падабаронная. 23 тралейбус і 40 аўтобус. А мы пра гэта нічога ня ведаем, адпаведным чынам не будуем абарону. Сапраўды дзіўна», — сказаў абаронца Юліі Якубовіч Уладзімер Пыльчанка.

Калі падчас допыту абвінавачанай адвакат адзначыў гэтае разыходжаньне, судзьдзя Вікторыя Шабуня, якая вядзе працэс, тэрмінова абвясьціла перапынак. Праз 10 хвілін паседжаньне аднавілася, і ўжо прадстаўнік пракуратуры выказаўся за тое, каб памылка была выпраўленая, а падсуднай і адвакату далі час на падрыхтоўку да абароны паводле выпраўленага тэксту, як і патрабуе закон.

«Нам рэгулярна сыгналілі ў падтрымку і толькі ўсьміхаліся»

Юлія Якубовіч віны па 342 артыкуле не прызнае. Яна не адмаўляе, што двойчы ў складзе групы прыкладна ў 25 чалавек гуляла ў раёне вуліцы Раманаўская Слабада, пераходзіла дарогу па пераходзе і аднаго разу спынялася. Але, паводле пасуднай, гэта было «на вельмі кароткі кавалак часу, можа 2 хвіліны», і не прыводзіла да затору з аўтамабіляў. Тралейбусаў і аўтобусаў на дарозе яна ўвогуле ня бачыла.

Як ставіліся аўтамабілісты да такіх дзеяньняў пратэстоўцаў?

«Ніводнага голасу супраць ня чулі. Чулі толькі рэгулярныя сыгналы ў нашу падтрымку і бачылі ўсьмешкі людзей. У эпізодзе 3 студзеня я затрымалася на пераходзе, пастаяла, калі ўжо гарэла чырвонае сьвятло, але пакуль была там, ніводзін аўтамабіль на нас не паехаў. Нас усе падтрымлівалі», — кажа Юлія Якубовіч.

Яна прызнала, што на апошняй акцыі, 3 студзеня, была зь бел-чырвона-белым сьцяжком, але адмаўляла, што размахвала рукамі ці выкрыквала лёзунгі, як сказана адносна яе ў абвінавачаньні.

Навошта праводзіліся вулічныя маршы на Раманаўскай Слабадзе?

Юлія з мужам жывуць на вуліцы Раманаўская Слабада. Жанчына ў твар ведае некаторых суседзяў па вуліцы, якія «таксама неабыякавыя». Яе вельмі хвалюе лёс палітвязьняў — людзей, якіх трымаюць за кратамі ні за што, мяркуе мастачка. Мэтай іх прагулак па раёне 20 сьнежня і 3 студзеня была салідарнасьць з палітвязьнямі.

«Турмы перапоўненыя палітвязьнямі, суды перапоўненыя палітычнымі справамі», — патлумачыла свае перажываньні Юлія Якубовіч. На пытаньне судзьдзі, ці лічыць яна магчымым заўсёды парушаць правілы дарожнага руху, маладая жанчына адказала, што «правілы парушаць нельга». Але сказала, што іншай магчымасьці пратэставаць яна ня бачыла.

«Мяркую, грамадзяне Беларусі маюць права на пратэст, і ў дадзенай сытуацыі ў нас няма іншага выйсьця», — сказала Юлія Якубовіч.

«Самая лепшая жанчына і маці»

Мастачцы Юліі 33 гады, разам з мужам яна гадуе 4-гадовую дачку. Затрымліваць маладую жанчыну прыйшлі 27 студзеня, але, як згадвае муж Юліі Валер, яны гэтак спалохаліся, што на грукат не адчынілі дзьверы. Аднак калі пазьней выйшлі ў двор, аказалася, што там яе пільнавалі. Юлію адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна і там трымалі 5 дзён, штодня вывозілі на допыты ў Сьледчы камітэт як падазраваную па крымінальнай справе. Пазьней Юлія расказала мужу, што часта не было як паесьці і нават з вадой былі праблемы.

«На пяты дзень проста ў сьледчых Юля страціла прытомнасьць. Лекары сказалі, што ад абязводжваньня арганізму. Тады ўжо ёй зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, хоць дачку змагла пабачыць», — расказаў Валер.

Перад пачаткам працэсу ён сказаў пра Юлію, што яна «самая лепшая жанчына і самая лепшая маці».

Суд над Юліяй Якубовіч адновіцца ў панядзелак, 12 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG