Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш пра пісьменьнікаў і літаратуру: «Легенда мацнейшая за талент»


Удзельнікі таварыства вольных літаратараў на творчым сэмінары ў Полацку, 1995 г.
Удзельнікі таварыства вольных літаратараў на творчым сэмінары ў Полацку, 1995 г.

Ян Максімюк размаўляе зь пісьменьнікам Алесем Аркушам пра літаратурную прэмію «Гліняны Вялес», Таварыства вольных літаратараў і рэгіянальную літаратуру ў Беларусі.

Паэт і празаік Алесь Аркуш з Полацку — заснавальнік Таварыства вольных літаратараў і літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», якая прысуджаецца штогод з 1993 году. Сёлетні ляўрэат гэтай прэміі будзе абвешчаны 10 красавіка.

Тэкст гутаркі даецца ў скарачэньні. Цалкам гутарку слухайце ў далучаным відэароліку.

Сустрэча Таварыства вольных літаратараў на 10-я ўгодкі заснаваньня. Полацак, 2003 г.
Сустрэча Таварыства вольных літаратараў на 10-я ўгодкі заснаваньня. Полацак, 2003 г.

Алесь Аркуш сьцісла:

  • Прэмію «Гліняны Вялес» стварыла Таварыства вольных літаратараў (ТВЛ) у 1993 годзе як частку сваёй літаратурнай інфраструктуры.
  • «Місіяй» прэміі «Гліняны Вялес» было падтрымаць новую беларускую літаратуру, якая пачала зьяўляцца ў 1990-х.
  • Прэмію «Гліняны Вялес» цяпер прысуджаюць «чалавек пяць», зьвязаных з колішнім ТВЛ.
  • ТВЛ стварыла сваю «легенду», якую немагчыма абмінуць, пішучы літаратурную гісторыю 90-х гадоў.
  • Падмуркам дзейнасьці ТВЛ быў удзел у гэтай суполцы рэгіянальных пісьменьнікаў.
  • Сёньня сытуацыя ў беларускай літаратуры такая, што мы «ня ведаем нават, што за гэтым пятачком, за гэтым кальцом так званым менскім. А там ёсьць безьліч усяго».

Вольныя літаратары

— Фармальная нагода для нашай гутаркі — абвяшчэньне на гэтым тыдні сёлетняга ляўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Алесь, давайце спачатку патлумачым нашым слухачам і гледачам, — перш чым пагаварыць, калі і як прэмія нарадзілася і хто яе атрымліваў, — чаму яна так называецца. Хто такі ці што такое Вялес? І чаму ён гліняны, а не залаты, сярэбраны ці бронзавы, напрыклад?

— Гэта была першая недзяржаўная літаратурная прэмія, якая паўстала ў 1993 годзе падчас утварэньня Таварыства вольных літаратараў. Практычна гэта была прэмія ТВЛ, бо калі мы стваралі Таварыства вольных літаратараў, мы імкнуліся стварыць усю такую літаратурную інфраструктуру. То бок у нас быў альманах «Ксэракс беларускі», мы заснавалі часопіс «Калосьсе», у нас была заснаваная выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», і мы стварылі літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Гэтая інфраструктура дазваляла нам аўтаномна дзейнічаць: выдаваць кнігі, уручаць прэміі, наладжваць прэзэнтацыі, імпрэзы і г.д.

А чаму мы так назвалі? Я доўга шукаў гэтую назву, мне хацелася, каб гэта было ўкарэнена ў нейкую глыбокую традыцыю. Я гартаў розныя энцыкляпэдыі і раптам прачытаў, што паганскі бог Вялес апекаваўся таксама мастацтвам. Я вырашыў, што гэта добры патрон для нашай прэміі. Гэта было зьвязана яшчэ з тым, што ў той час я быў пад вялікім уплывам такіх людзей, як мастак Сяржук Цімохаў і як бард і паэт Сяржук Сокалаў-Воюш. Гэтыя два чалавекі, гэтыя два сябры паставілі сабе задачу міталягізаваць нашу язычніцкую спадчыну. (…) Калі казаць пра вынікі, то найбольш на гэтай сьцяжыне зрабіў Сяржук Цімохаў, бо гэтая паганская тэма ягонага жывапісу проста ўнікальная. Гэта практычна клясыка нашага выяўленчага мастацтва. (…)

Мала хто ведае, што ТВЛ было рэальнай літаратурнай суполкай. Яна была зарэгістраваная, яна мела рахунак у банку ў 1993 годзе. Калі «Бум-Бам-Літ» быў яшчэ суполкай сяброў, то ТВЛ было літаратурнай арганізацыяй. Але ўсё роўна мы былі ў такім андэрграўндзе, і нам хацелася падкрэсьліць гэты андэрграўнд. Для нас тады каштоўнае было ня золата ці нейкія каштоўныя мэталы або камяні. Для нас была важная гліна. Вось Бог стварыў чалавека з гліны. Гліна — гэта такі народны матэрыял, зьвязаны з гэтым народам і таму вельмі каштоўны. (…)

Місія прэміі

— Ці я правільна разумею, што «Гліняны Вялес» быў сапраўды першай недзяржаўнай, нефармальнай прэміяй у Беларусі?

— Ну так, гэта быў 1993 год, і першым ляўрэатам быў Ігар Бабкоў. Я так мяркую, што вось гульня ў вызначэньне найлепшага пісьменьніка — гэта такая дзіцячая гульня. Бо ў чым тут крытэр палягае? Ёсьць безьліч розных крытэраў. Хтосьці любіць, напрыклад, сюжэтную літаратуру, вострасюжэтную літаратуру — і любіць Марціновіча. Хтосьці любіць стыль у літаратуры — тады любіць Бахарэвіча. Крытэраў шмат. (…) Я лічу, што ў кожнай прэміі павінна быць нейкая місія. Можа быць адна дзяржаўная прэмія ў дзяржаве, якая фармуе пантэон. Але іншыя прэміі павінны мець нейкую місію.

У чым была місія «Глінянага Вялеса»? Увогуле, для нас гэтая прэмія была інструмэнтам літаратурнага працэсу. Мы хацелі з дапамогай гэтай прэміі спрыяць зьяўленьню новай літаратуры, якая пачала нараджацца ў 1990-м годзе. Заўважце, хто атрымаў першую прэмію — Ігар Бабкоў, аўтар такой інтуітыўнай, такой мэдытатыўнай паэзіі, незвычайнай для Беларусі. Другой ляўрэаткай была Людка Сільнова, якая выдала першую кніжку візуальнай паэзіі «Рысасловы». Такога ўвогуле ніколі не было. І для нас гэта была місія.

Ясна, што калі мы ўручалі прэмію Людцы Сільновай, жылі яшчэ мэтры літаратуры, Быкаў, напрыклад, былі пісьменьнікі больш значныя, больш вартыя. Але мы рабілі гэтую місію, мы з гэтай прэміяй актуалізавалі пэўныя літаратурныя імёны, пэўныя творы, мы спрыялі нараджэньню постмадэрнізму, мы рухаліся ў гэтым фарватэры.

З журы і безь яго

— Скажыце крыху пра самую працэдуру прысуджэньня прэміі. Як фармуецца журы прэміі і тое, што называюць яе шорт-лістом, ці як яно ў вас называецца?

— Так, шорт-ліст… Спачатку ўсё вызначалася ў коле ТВЛ. Сябры ТВЛ вызначалі, каго намінаваць, і ляўрэата. Затым я вырашыў, што варта зрабіць традыцыйна, стварыць журы. Доўгі час мы стваралі журы з 12 чалавек, пераважна пісьменьнікаў, і яны галасавалі за шорт-ліст. Але ўрэшце я прыйшоў да высновы, што ў нашай карпаратыўнай невялічкай літаратуры немагчыма знайсьці пісьменьніка — сябра журы, які быў бы нэўтральны да вылучаных на прэмію аўтараў. Хтосьці быў рэдактарам чыёйсьці кнігі, хтосьці сябрам, хтосьці кагосьці не прымае і не прызнае. І я дакладна ведаў, хто за каго прагаласуе. Гэта можна было практычна прадказаць. Ствараць гэтае журы для мяне проста ня мела сэнсу далей. І мы зноў вярнуліся да ранейшага, то бок цяпер мы вызначаем усё ў сваім літаратурным полі…

— Што гэта значыць?

— Гэта тыя людзі, якія засталіся ад ТВЛ, і, напрыклад, тыя, якія ў Полацку любяць літаратуру. Напрыклад, сакратар нашай прэміі — гэта Андрэй Новікаў, вядомы калекцыянэр, вядомы аматар кнігі, які мае велізарную бібліятэку і які чытае новыя кнігі. (…) Гэта невялікае кола, чалавек пяць, якія маюць дачыненьне да арганізацыі прэміі і да вылучэньня на яе. Самыя правілы вылучэньня ёсьць у інтэрнэце. (…) То бок там пазначана, што любы чалавек, у тым ліку і аўтар, можа даслаць нам кнігу і сказаць, што ён вылучае гэтую кнігу. Такім чынам сёлета вылучыліся некалькі чалавек — даслалі нам свае кнігі і вылучыліся. (…)

Мы па-ранейшаму арыентуемся на тое, што нам важна не знайсьці лепшую кніжку — нам важна актуалізаваць штосьці. Я перакананы, што з часам у беларускай літаратуры адбудзецца вялікая пераацэнка. Бо некаторыя творцы ў нас завышаныя, а некаторыя ўвогуле ніяк не ацэненыя або слаба ацэненыя. (…)

Прынцып эўрапейскага літаратурнага працэсу

— Паколькі вы сказалі, што ў пачатку прэміі стаяла Таварыства вольных літаратараў, дык раскажыце крыху пра яго. Тое таварыства літаратараў, якое існавала да таго часу, то бок саюз пісьменьнікаў, успадкаваны з часоў БССР, быў не зусім вольны для вас у 1993 годзе?

— Дык мы ўсе выдатна ведаем, як ствараўся саюз пісьменьнікаў. Ганна Севярынец проста гэта расклала на талерачках. Як зьнішчаўся «Маладняк», як зьнішчалася «Ўзвышша», як зганяліся пісьменьнікі ў адну арганізацыю… Чамусьці мы ўсе пра гэта забылі…

— Гэта было вельмі даўно…

— Гэта было вельмі даўно, але я лічу, што існаваньне адной суполкі… Дарэчы, не сакрэт, што калі мы пачыналі, Таварыства вольных літаратараў падтрымліваў Фонд Сораса, які ў той час існаваў у Беларусі. І рэкамэндацыі нам пісалі вельмі ўплывовыя людзі. Напрыклад, у мяне захаваўся ліст Адама Мальдзіса, і ён казаў, што ён асабіста вельмі ўсьцешаны, што нарадзілася ТВЛ. Гэта прынцып эўрапейскага літаратурнага працэсу. (…) У нас быў часопіс, вакол часопіса стваралася таварыства, і яно дзейнічала. І гэта — нармальна.

Бо ёсьць, напрыклад, саюз пісьменьнікаў, а ў ім — 500 чалавек. І што — як ён дзейнічае? Кожны з гэтых 500 чалавек можа выдаць кніжку? Кожны з гэтых 500 мае права надрукавацца? Ну добра, адзін раз на 10 гадоў. Чалавек напісаў у стол, сядзіць і чакае. А мы выдавалі кніжку на працягу некалькіх тыдняў. Гэта былі вельмі актуальныя кніжкі. У нас выходзілі невялічкія зборнікі паэзіі, але гэта была актуальная літаратура — напісаная ў мінулым месяцы. І гэта стварала зусім іншы літаратурны працэс, зусім іншыя магчымасьці паўставалі ад гэтага. (…)

Я лічу, што легенда мацнейшая за талент. Можна быць усё жыцьцё змагаром, аддаць змаганьню ўсё жыцьцё, і ўрэшце пасьля пра цябе напішуць у якім-небудзь краязнаўчым артыкуле. А можна напісаць у сацсетках «я выходжу», і тваім імем будуць называць вуліцы і плошчы. То бок легенда мацнейшая за талент, вельмі часта так бывае. У нейкім сэнсе мы стваралі такую легенду, такі бэкграўнд. І калі сёньня пішуць гісторыю 90-х гадоў, то абмінуць гэтую легенду немагчыма.

Рэгіяналізм як падмурак

— Мне здавалася, што Таварыства вольных літаратараў было першай арганізацыяй, якая так моцна зьвярнула ўвагу на рэгіянальны літаратурны працэс у Беларусі. У вас зьявіліся імёны, якіх раней той, хто цікавіўся літаратурным жыцьцём, і ня чуў. Ці правільна я думаю, што вы рабілі ўпор менавіта на рэгіёны?

— Рэгіяналізм быў падмуркам ТВЛ. Утваралі суполку пераважна рэгіянальныя пісьменьнікі: Юра Гумянюк з Горадні, Ігар Сідарук зь Берасьцейшчыны… Асноўныя людзі былі прадстаўнікамі рэгіёнаў. І, у прынцыпе, яны былі патрыётамі сваіх рэгіёнаў і сваіх літаратур. Прытым гэтыя рэгіянальныя літаратуры, горадзенская ці берасьцейская, яны ўжо былі вызначаныя, яны ўжо існавалі ў нейкім сэнсе аўтаномна. Ну, а полацкая літаратура была проста ў ар’ергардзе. На Полаччыне на пачатку 90-х гадоў было больш пісьменьнікаў, чым у любым абласным горадзе. Гэта было ўнікальна. (…)

Для мяне ідэя рэгіянальнай літаратуры — добрая ідэя. Ня трэба рабіць беларускай літаратуры такой агульнай…

«Безьліч за маленькім пятачком»

— А скажыце, як вы гледзіце на рэгіянальнае літаратурнае жыцьцё ў Беларусі сёньня? То бок, калі сфармуляваць гэтае пытаньне рубам: ці ёсьць беларускае літаратурнае жыцьцё вонкі Менскай кальцавой дарогі?

— Абсалютна ёсьць. У Полацку ёсьць Музэй беларускага кнігадрукаваньня, адзіны такі музэй у Беларусі, дзе адбываюцца розныя імпрэзы, прэзэнтацыі і гэтак далей. Кожны рэгіён сёньня мае свой альманах дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Віцебшчына мае альманах «Ратуша», Горадзеншчына мае альманах «Новы Замак», ёсьць альманах «Жырандоля» на Берасьцейшчыне. Гэтыя альманахі ствараюць такую літаратурную панараму.

Для полацкага літаратурнага жыцьця важная вось гэтая прэмія, «Гліняны Вялес». Пэрыядычна адбываюцца імпрэзы. Раней нам было вельмі проста. Мы кожны раз рабілі прыгожыя вечарыны ў Музэі беларускага кнігадрукаваньня. Гэта тое месца, якое вельмі файна падыходзіць для такіх урачыстасьцяў. (…)

Сёньня мы абсалютна не ўяўляем, што сабой уяўляе беларуская літаратура. Я сам паходжу з Жодзіна. Вось зусім нядаўна, на мінулым тыдні, мне прыслаў кнігу жодзінскі пісьменьнік Віталь Жураўскі. Па-першае, я ня ведаў, што існуе такі пісьменьнік, якому амаль 50 гадоў. Па-другое, я ня ведаў, што выйшла кніжка ў маім родным горадзе… Нідзе ў літаратурных пэрыёдыках пра гэтую кніжку не напісана, што яна выйшла.

То бок можна толькі паспрабаваць уявіць, што зараз прадукуюць, што выходзіць і што мы маем. Ніхто, па-мойму, ня можа адсачыць гэта. Вось унікальнасьць гэтага. А мы ўсе таўчомся на гэтым маленькім пятачку, дзе 15 аўтараў. І ня ведаем нават, што за гэтым пятачком, за гэтым кальцом так званым менскім. А там ёсьць безьліч усяго. (…)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG