Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першай з затрыманых чальцоў Саюзу палякаў выставілі абвінавачаньне


Сядзіба горадзенскага Саюзу палякаў пасьля ператрусу 25 сакавіка
Сядзіба горадзенскага Саюзу палякаў пасьля ператрусу 25 сакавіка

Жыхарцы Ваўкавыску інкрымінуюць «распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы». Яе пакінулі пад вартай у менскім СІЗА.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад сям’і палітзьняволенай Марыны Цішкоўскай, 1 красавіка яе дапыталі ў крымінальнай справе, заведзенай Генэральнай пракуратурай Беларусі за «рэабілітыцыю нацызму» (арт. 130 КК), і выставілі афіцыйныя абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дадзенага злачынства, піша партал Саюзу палякаў Беларусі.

Пракурор не зьмяніў меру стрыманьня і пакінуў абвінавачаную пад вартай.

Інфармацыя пра абвінавачаньне Марыі Цішкоўскай, на думку Саюзу палякаў, можа сьведчыць пра тое, што падобныя абвінавачаньні выставяць і іншым актывістам арганізацыі, якія таксама знаходзяцца пад вартай у Менску на вуліцы Валадарскага. Там утрымліваюць кіраўніцу Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс і сябраў яго Галоўнай управы Ірэну Бярнацкую і Анджэя Пачобута.

Марыне Цішкоўскай 54 гады. Жыве ў Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці. Замужам, у яе двое дзяцей і двое ўнукаў. Узначальвае аддзел незарэгістраванага СПБ у Ваўкавыску цягам 7 гадоў.


Як расказаў журналіст Анджэй Пісальнік, галоўнай актыўнасьцю ваўкавыскага аддзелу быў догляд за польскімі вайсковымі могілкамі ў Ваўкавыску, дзе пахаваныя польскія жаўнеры з пэрыяду польска-бальшавіцкай вайны 1920 году. Цішкоўская разам з паплечнікамі ўтрымліваюць могілкі ва ўзорным стане, рэгулярна іх рамантуюць. У Ваўкавыску на базе аддзелу СПБ працуе Польская грамадзкая школа. Пры ёй дзейнічае гарцэрская дружына «Шэрыя ваўкі».

Марыну Цішкоўскую затрымалі сёлета 25 сакавіка. У яе правялі ператрус, а потым перавезьлі яе ў Менск. Яна праходзіць у якасьці падазраванай па «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы».

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК). Цяпер яна пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «выклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG