Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра прэзыдэнта і гаворкі не вялося», — жыхарка Берасьця, якой пагражаюць 3 гады «хіміі» за падвешваньне пудзіла


Юлія Бодак
Юлія Бодак

Першага красавіка маюць абвясьціць прысуд тром берасьцейцам за выраб і падвешваньне пудзіла на Варшаўскай шашы. Іх вінавацяць у злосным хуліганстве на падставе ч. 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу. Адна з абвінавачаных Юлія Бодак расказала, як на самой справе выглядалі падзеі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, 23 кастрычніка Юлія Бодак і Вольга Завадская вырабілі пудзіла і прывезьлі да месца «імправізаванага пакараньня» на Варшаўскай шашы. Падняцьцем яго на «лобнае месца» займаўся Андрэй Колас разам зь «неўстаноўленай асобай», зь якой пазнаёміўся ў адным з чатаў.

З абвінаваўчага заключэньня вынікае, што вечарам 23 кастрычніка 2020 году Юлія і Вольга, выехаўшы за горад на аўтамабілі, вырабілі са сьмецьцевых пакетаў, плястыкавых бутэлек і рэшткаў сухой расьліннасьці ляльку, якую самі ж даставілі на Варшаўскую шашу і кінулі ў лесапаласе паміж Чырванасьцяжнай і Махновіча. Празь некалькі гадзін да іх пад’ехаў Андрэй Колас, разам са сваім знаёмым з чата — яны абматалі манэкен вяроўкай і прымацавалі да дрэва, «імітуючы павешаньне».

Сьледзтва і дзяржабвінавачваньне сьцьвярджаюць, што гэта было пудзіла «Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». На пудзіле былі таблічкі «асудзіў невінаватых» і «скраў галасы».

«Мабыць, сьледчаму было сумна»

«Мы з Вольгай зрабілі ляльку, а хлопцы яе падвесілі. Усё гэта было не з хуліганскіх меркаваньняў, а выключна для таго, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да таго, што адбываецца вакол», — расказвае адна з абвінавачаных, 35-гадовая Юлія Бодак.

Паводле яе, вывесіць ляльку менавіта на Варшаўскай шашы яны вырашылі не выпадкова. «Мы разумелі, што пудзіла доўга не правісіць, таму выбіралі месца, дзе будзе найбольш інтэнсіўны рух у ранішнія гадзіны. Там звычайна заторы». Паводле другой абвінавачанай, Вольгі Завадзкай, яны зь Юліяй толькі зрабілі пудзіла, але таблічкі да яго не прымацоўвалі.

Юлія сьцьвярджае, што пудзіла ня мела канкрэтнага прататыпу, а хутчэй стала зборным вобразам.

«Яно складалася з 2 сьмецьцевых пакетаў, змацаваных паміж сабой. Пад канец там не было ўжо ні галавы, ні тулава, хутчэй вісела проста нешта бясформнае, — кажа суразмоўца. — Наша справа доўгі час не ўяўляла ні для каго ніякай цікавасьці. Мабыць, сьледчаму было сумна, і ён вырашыў дзеля прыгожага слоўца прыплесьці прэзыдэнта РБ. Навошта ён так зрабіў, да гэтага часу для нас загадка. Пра прэзыдэнта там і гаворкі не вялося — не было ні вусоў, нічога».

«Да гэтых пратэстоўцаў трэба па кулямёце паставіць»

Аднак знайшоўся чалавек, якому не спадабаўся гэты «пэрформанс».

«Ёсьць тут на раёне „ябацька“, ён адзіны патэлефанаваў на лінію 102 са словамі: „Гэтыя кантужаныя вывесілі ляльку на дрэва“. Дыспэтчар міліцыі ў яго ўдакладніў: „Што за лялька, пудзіла?“ Ён сказаў: „Так. І наогул да гэтых пратэстоўцаў трэба па кулямёце паставіць да кожнага“, — успамінае Юлія. — Аўдыёзапіс зь яго словамі праслухоўвалася на судзе, але ні сам судзьдзя, ні бок абвінавачаньня ніяк на гэта не адрэагавалі. На мой погляд, у словах гэтага „неабыякавага“ ёсьць заклік да пэўных дрэнных дзеяньняў. Але судзілі не яго, а нас».

Паводле Юліі, той мужчына таксама расказаў у судзе, што, убачыўшы пудзіла па дарозе на працу, быў вельмі напалоханы. Яму здалося, што яно выглядала як павешаны чалавек і магло напалохаць дзяцей. Іх мае, па словах Юліі, пяцёра.

«Калі яму сапраўды так здалося, то чаго ж ён патэлефанаваў у міліцыю толькі праз паўгадзіны?» — задаецца пытаньнем Юлія.

Па словах жанчыны, пазьней да месца інцыдэнту прыехалі ўчастковыя, усё сфатаграфавалі, выклікалі камунальнікаў і зьехалі. У Маскоўскім РАУСе вынесьлі пастанову, што складу злачынства няма, само пудзіла падлягае ўтылізацыі. На наступны дзень яго разабралі па частках і выкінулі.

Аднак праз 2 месяцы завялі крымінальную справу. Удзельнікаў акцыі затрымлівалі з 1 па 4 лютага.

«Міліцыянты сказалі, каб перастала мудрагеліць, а то паеду ў шортах і майцы»

«4-га ў 9 раніцы за мной прыехалі ўчастковыя. Я спытала, на падставе чаго мяне затрымліваюць. Сказала, што хай спачатку дашлюць мне позву, і тады я прыйду на размову з адвакатам. На што мне адказалі, каб я перастала мудрагеліць, і калі я зараз жа не зьбяруся, то паеду ў чым стаю — у шортах і майцы».

З 9 раніцы да 7 вечара Юлію вазілі па ўсім Берасьці. Спачатку даставілі ў Маскоўскі РАУС на допыт да опэрупаўнаважанага крымінальнага вышуку, потым у Сьледчы камітэт, зноў у Маскоўскі РАУС, і ўжо адтуль у гарадзкі аддзел міліцыі. А 7-й вечара па Юлію прыехаў ГУБАЗіК, пасьля чаго яе зьмясьцілі ў ІЧУ на 3 сутак.

З 18 лютага да 1 траўня жанчына пад хатнім арыштам. Яе і яшчэ адну абвінавачваную, Вольгу Завадзкую, праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Юлія Бодак прызнаецца, што сямʼя яе цалкам падтрымлівае, маральна дапамагае справіцца зь цяжкасьцямі. Яна таксама падкрэсьлівае, што прынцыпова вырашыла не пакідаць краіну, нягледзячы на пагрозу крымінальнай адказнасьці.

«Калі 1 лютага пачалі ўсіх затрымліваць, я выдатна разумела, што прыйдуць і па мяне. На той момант я мела дзейную візу, мне было куды і да каго зьехаць. Але застацца — гэта мая сьвядомая пазыцыя. Я ніколі ад АМАПу ня бегала, таму і тады ўцякаць не зьбіралася».

«Не рабіла таго, у чым мяне вінавацяць»

З 29 сакавіка над абвінавачанымі ў справе аб падвешваньні лялькі праходзяць суды. Сваёй віны Юлія Бодак не прызнала, Андрэй Колас і Юлія Завадзкая прызналі віну часткова. Пракурор запрасіла для жанчын 3 гады так званай «хатняй хіміі», для Андрэя — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Канчатковы прысуд вынесуць 1 красавіка ў 15:30.

«Я цалкам адмаўляю, што спрабавала абразіць грамадзтва, як гаворыцца ў абвінавачаньні. Што мае дзеяньні былі напоўненыя цынізмам, — падкрэсьлівае Юлія. — Маральна я была гатовая да максымальных тэрмінаў. Хоць любы прысуд, нават некалькі месяцаў, я б усё роўна ўспрыняла вельмі нэгатыўна. Толькі таму, што не рабіла таго, у чым мяне вінавацяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG