Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантэйнэравоз Ever Given чацьвёрты дзень спрабуюць зьняць зь меліны — ён загарадзіў Суэцкі канал


Карабель, які загарадзіў Суэцкі канал 25 сакавіка 2021 году
Карабель, які загарадзіў Суэцкі канал 25 сакавіка 2021 году

Суднаплаўства ў Суэцкім канале заблякаванае з 25 сакавіка.

Судна Ever Given, якое перавозіць кантэйнэры, села на меліну ў чацьвер, і з таго часу цалкам блякаванае перасоўваньне грузаў марскім шляхам праз Суэцкі канал. Ратавальнікі спрабуюць ссунуць судна, але пакуль дамагліся толькі нязначнага прагрэсу, піша ВВС.

Спроба зрушыць карабель зь месца ўвечары суботы скончылася няўдачай, хаця ратавальныя службы выграблі каля 20 000 тонаў пяску, а 14 буксіраў цягнулі і штурхалі Ever Given. Буксірам удалося павярнуць судна на 30 градусаў, але моцныя прылівы і вятры перашкодзілі намаганьням зьняць няспраўнае судна зь меліны.

Цяпер работнікі каналу спадзяюцца ліквідаваць праблему да вечару нядзелі, 28 сакавіка.

З абодвух бакоў Суэцкага каналу сваёй чаргі праплысьці чакаюць звыш 300 суднаў, але некаторыя караблі ўжо вымушаныя былі паплысьці зь іншага боку Афрыкі, церпячы велізарныя фінансавыя страты.

Генэрал Усама Рабі, які загадвае адным з найбольш загружаных гандлёвых марскіх маршрутаў у сьвеце, сказаў, што спадзяецца на істотныя зрухі ў нядзелю, каб для іх не давялося здымаць з карабля 18 300 кантэйнэраў.

Ever Given мае даўжыню ў 400 мэтраў і важыць 200 000 т. Судна належыць фірме з Тайваню, якой валодае японскі бізнэсовец. Генэрал Рабі лічыць асноўнай прычынай здарэньня не надвор’е, а памылкі экіпажу карабля альбо тэхнічныя няспраўнасьці на ім. Эгіпет, паводле ягоных падлікаў, штодня страчвае прыбытак у 14 мільёнаў даляраў з-за заблякаванага Суэцкага каналу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG