Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: у Беларусі і сьвеце сьвяткуюць Дзень Волі


Падзеі 25 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня


25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла пра стварэньне свабоднай і незалежнай БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.

Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзяцца сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

25 сакавіка, у 103-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Свабода запрашае адразу на дзьве жывыя трансьляцыі.

  • 15.00 — Дыскусія аналітыкаў пра першыя вынікі Дня Волі ў аўдыёчаце Telegram Свабоды. Задайце вашыя пытаньні! t.me/radiosvaboda
  • 19.00 — стрым Свабоды зь Менску і Прагі на нашым Youtube-канале.

Таксама ў гэты дзень

1949 – некалькі тысяч жыхароў Літвы дэпартавалі ў Сібір.

1969 – створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Лявоны» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Турэччынай.

1995 — Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

2006 — «Паход Казуліна на Акрэсьціна»: пасьля мітынгу да Дня Волі ў Купалаўскім сквэры былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін заклікаў прысутных пайсьці да турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне дзясяткі палітвязьняў, затрыманых пасьля выбараў і разгону намётавага мястэчка. Калёну зь некалькіх тысяч чалавек на праспэкце Дзяржынскага сустрэлі спэцаддзелы міліцыі, жорстка пабілі і разагналі. Казуліна затрымалі і асудзілі на пяць з паловай гадоў за «злоснае хуліганства і масавыя беспарадкі».

У гэты дзень нарадзіліся

1347Кацярына Сіенская, каталіцкая сьвятая, італьянская рэлігійная дзяячка і пісьменьніца позьняга Сярэднявечча, якая пакінула мноства лістоў і містычны твор «Дыялёгі аб Прадбачаньні Божым».

1905 Браніслаў Ржэўскі, літаратуразнаўца, пэдагог, удзельнік антысавецкіх пратэстаў 1950-х, палітычны вязень.

У Беларусі хрушчоўская адліга мела супярэчлівы характар: вяртаньне на волю дзясяткаў тысяч вязьняў ГУЛАГу суправаджалася кіраванай з Масквы русыфікацыяй, зьнішчэньнем выдатных архітэктурных помнікаў: віцебскай царквы Зьвеставаньня і полацкага сабору Сьвятога Стэфана...

Заявы пра наступ на нацыянальную адукацыю пісалі й студэнты Ржэўскага, сярод якіх – будучы слынны пэдагог і краязнаўца-патрыёт Алесь Белакоз.

Любоў моладзі да выкладчыка гэбісты ўлічылі падчас расправы. Каб напалохаць студэнтаў, варанок узімку 1957-га прыехаў па Ржэўскага проста падчас лекцыі. (Празь пятнаццаць гадоў гэтак сама, толькі ўжо на чорнай «Волзе», гэбісты звозілі аўтараў наваполацкага самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар».)

Пры ператрусах у Ржэўскага знайшлі заходнебеларускія антыкамуністычныя выданьні Францішка Аляхновіча й Адама Станкевіча, уласныя вершы арыштаванага, дзе ён называў Сталіна крывавым забойцам, Нэронам і Чынгісханам, заклікаючы суайчыньнікаў змагацца за вызваленьне з-пад чужынскай улады.

Прысуд
сем гадоў лягераў —​Ржэўскі выслухаў якраз на дзень нараджэньня, 25 сакавіка.

...У канцы 1980-х часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў успаміны пра Ржэўскага, чыё (і не адзінае!) жыцьцё абвяргае міт, нібыта ў Беларусі ў паваенны час не існавала ні палітвязьняў, ні барацьбы за нацыянальныя правы».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

1935Уладзімер Папковіч, беларускі пісьменьнік і перакладчык.

У гэты дзень памерлі

1918Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар

2019Яўгенія Чаплінская (ад нараджэньня Белановіч), пэдагог, культурная дзяячка.

У 1938-м заходнебеларуская дзяўчынка паступіла ў польскую гімназію імя Эміліі Плятэр. Ад бацькі, настаўніка-патрыёта Тамаша Белановіча, яна ўспадчыла любасьць да мовы, да творчасьці Янкі Купалы, чые радкі дэклямавала на памяць яшчэ дашкольніцай. Ведала, дарэчы, гімназістка і тое, што графіня Плятэр, гераіня паўстаньня 1831 году, лічыла сябе ня полькай, а ліцьвінкай, і пісала на мове свайго народу вершы. На летнія вакацыі Жэня прыехала ў родную вёску, а вярнуцца на заняткі ў Польшчу ўжо не пасьпела: грымнула вайна.

«За палякамі, — успамінала Чаплінская, — школа была польская, за саветамі спачатку беларуская, але бальшавіцкая, і адно пад немцамі нашыя дзеячы стварылі сапраўды беларускую школу. Не было там ніякага нацысцкага выхаваньня — родныя мова і літаратура, гісторыя, нават беларуская музыка».

Па вайне, скончыўшы пэдвучэльню ў Лідзе, Яўгенія ўзялася вучыць малых дзяцей у роднай вёсцы, замяніўшы ў пачатковай школцы сваю маці. Настаўніца цяжка перажывала русыфікацыю адукацыі, якая ў 1970-я гады пасьля гарадоў прыйшла і ў сельскія школы. Яе лісты ў розныя інстанцыі не далі плёну, але ўмацавалі беларушчыну ў душы.

Неяк улетку прыехаў на гасьціны да бацькоў-вяскоўцаў маскоўскі студэнт і паблажліва папрасіў спадарыню Яўгенію назваць хоць адно беларускае слова, не падобнае да расейскага ці польскага. У адказ яна склала слоўнік на тысячу лексычных адзінак, а з улікам аднакарэнных прыметнікаў і дзеясловаў атрымаліся цэлыя тры тысячы.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG