Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Францішка Багушэвіча


Францішак Багушэвіч
Францішак Багушэвіч

Падзеі 21 сакавіка ў Беларусі і ў сьвеце

Дзень у гісторыі

1560 — паводле прывілею Жыгімонта ІІ Аўгуста гомельскія мяшчане атрымалі пячатку з выявай крыжа і надпісам «Герб горада Гомеля».

1871Бісмарк стаў канцлерам Германскай імпэрыі.

1927 — улады Польшчы забаранілі Беларускую сялянска-работніцкую грамаду ў Заходняй Беларусі. Арганізацыя налічвала 100 тысяч чальцоў.

1980 — прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр абвясьціў байкот Алімпійскіх гульняў у Маскве на знак пратэсту супраць савецкіх войскаў у Аўганістане.

Прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр і актывіст беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Кіпель у Белым доме, люты 1980
Прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр і актывіст беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Кіпель у Белым доме, люты 1980

У гэты дзень нарадзіліся

1685Ёган Сэбастыян Бах, нямецкі кампазытар і арганіст.

1840Францішак Багушэвіч, беларускі паэт.

Францішак Багушэвіч. 1890-ыя гг.
Францішак Багушэвіч. 1890-ыя гг.

Ведаю: шмат каму больш падабаюцца выданьні без прадмоваў. Але ёсьць у нашай літаратуры кніга, якой нельга ўявіць без уступу. Вы ўжо здагадаліся, гаворка пра Багушэвічаву «Дудку беларускую». Бо гэта — прадмова-маніфэст. Яе аўтар з тых геніяў, што ня проста выказваюць душу свайго народу, але і здольныя некалькімі радкамі вызначыць і за праграмаваць яго далейшы шлях. Пэўна ж, памятаеце: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

1935 Філарэт, былы мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

У памяці

1608 ― памёр Канстанцін Васіль Астроскі, праваслаўны магнат, які здушыў паўстаньне Налівайкі.

1959 — памёр Павал Растаргуеў, філёляг, вязень ГУЛАГу.

1927 годам датаваная выдадзеная ў Ленінградзе манаграфія Растаргуева «Северско-белорусский говор». Аўтар зрабіў абгрунтаваную і падтрыманую акадэмікам Яўхімам Карскім выснову: жыхары паўночных раёнаў Браншчыны і Чарнігаўшчыны гавораць па-беларуску. Расейскае геаграфічнае таварыства адзначыла манаграфію залатым мэдалём.

Павел Растаргуеў на той час быў вядомы яшчэ і тым, што на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году ў справе рэформы беларускага правапісу прапаноўваў увесьці ў наш альфабэт дзьве новыя, запазычаныя ў сэрбаў літары для перадачы гукаў [дж] і [дз], а літару й перадаваць на пісьме як j.

На погляды вядомага філёляга, супрацоўніка Навукова-даследнага інстытуту мовазнаўства ў Маскве не маглі не зьвярнуць увагі і мовазнаўцы з ОГПУ.

У 1934-м Паўла Андрэевіча Растаргуева этапавалі на пяць гадоў у ГУЛАГ. Калі б вучонага арыштавалі на тры гады пазьней, ён бы ўжо, найверагодней, не вярнуўся з Карлягу да ўлюбёнай справы. Аднак яму пашчасьціла выйсьці на волю (бяз права жыць у Маскве і сталіцах рэспублік).

У Беларусі прафэсара Растаргуева не забылі. Пасьля Другой усясьветнай вайны яму пасылае асабістае запрашэньне на працу ў Інстытуце мовазнаўства сам віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Якуб Колас.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

1970 — памёр Анатоль Сербантовіч, паэт.

Анатоль Сербантовіч
Анатоль Сербантовіч

Аднаго вечару ён, атрымаўшы неблагі ганарар і «замачыўшы» гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: «Вось вам на цыгарэты!»

Яго завалілі на ходнік і доўга білі нагамі. Білі ня столькі за «багацьце», як за беларускую мову. Потым шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося зьдзейсьніць выказаную ў адным зь вершаў мару і разгадаць «Тайну музыкі, / Тайну крыкаў, / Тайну гукаў і нематы...».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

1987 — памёр паэт-песеньнік Адам Русак.


1849 — памёр Аляксандар Крыштоф Ян Незабытоўскі, гісторык, філёзаф, удзельнік вызвольнага руху 1840-х, ахвяра царскіх рэпрэсіяў.

Кароткай ліпеньскай ноччу 1847 году на мяжы Аўстрыі й Расеі каля мястэчка Радзівілава мясцовы прыстаў перахапіў фурманку з трыма мяхамі кантрабанды. Выпадак можна было б запісаць у разрад банальных, каб, апрача звычайных тавараў, царскія служакі не знайшлі кнігаў і рукапісаў, дзе раз-пораз сустракалася прозьвішча абшарніка Аляксандра Незабытоўскага, які напярэдадні перасёк мяжу, вяртаючыся з падарожжа па Эўропе ў свой маёнтак пад Нясьвіжам.

Справаю ўладальніка незвычайнае кантрабанды неадкладна заняўся сам начальнік дзейнай арміі генэрал-фэльдмаршал Паскевіч. Зь ягонай канцылярыі выйшаў адрасаваны віленскаму генэрал-губэрнатару
ліст аб тым, што затрыманыя паперы выкрываюць Незабытоўскага ў «лютой ненависти» да ўраду і намеры ўзбунтаваць «западные провинции», каб адарваць іх ад імпэрыі.

Аляксандар апынуўся ў адзіночнай камэры № 13 колішняга віленскага дамініканскага кляштару. Наглядчыкам забаранілі размаўляць зь вязьнем, што, паводле чутак, напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта была праўда: пяру Незабытоўскага, які ў творах пасьлядоўна называў сябе ліцьвінам, належала сем ананімна выдадзеных у Вільні й Парыжы кнігаў, у тым ліку ўспаміны пра вызвольнае паўстаньне 1831 году і раман-утопія «Мары пра каханьне, славу й свабоду».

Мяноўна за два апошнія творы малады пісьменьнік, філёзаф і гісторык атрымаў ад царскага правасудзьзя пазбаўленьне шляхецкіх правоў і дваццаць гадоў катаргі. Так судзілі самых небясьпечных дзяржаўных злачынцаў.

Аднак адмераны тэрмін не палохаў безнадзейна хворага на сухоты вальнадумцу. 25 сакавіка 1849 году Аляксандра Незабытоўскага таемна пахавалі на турэмных шпітальных могілках.

На матэрыялах судовай справы зьявіўся грыф: «Захоўваць вечна».

Дзекабрыст Міхаіл Лунін афарыстычна заўважыў што ў Расеі два праваднікі: язык — да Кіева, а пяро — да Шлісэльбургу.

Расейскi пiсьменьнiк i фiлёзаф Аляксандар Герцэн удакладніў: «Ворагі нашы ніколі не разьдзялялі слова й справу і за слова катавалі часта яшчэ больш жорстка, чым за справу».

На абшарах былой Расейскай імпэрыі гэтае назіраньне, як выглядае, не састарэла і сёньня.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020


2003 — памёр Георгі Таразевіч, савецкі і беларускі палітычны дзяяч, у канцы 1090-х старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР. У верасьні 1991 году Таразевіч выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі і падтрымаў увядзеньне бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў.

Магіла Георгія Таразевіча, Усходнія могілкі ў Менску
Магіла Георгія Таразевіча, Усходнія могілкі ў Менску


Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі лёсавызначальнага 12-га скліканьня Пятро Садоўскі апавядаў, што падчас разгляду пытаньня пра сымболіку шмат у чым акурат дзякуючы спакойнаму й аргумэнтаванаму выступу Таразевіча, які ўгамаваў устрывожаную намэнклятурную большасьць, галасаваньне завяршылася зацьверджаньнем Пагоні і бел-чырвонабелага сьцягу.

У гады незалежнасьці ён быў першым намесьнікам міністра замежных справаў, а затым паслом Беларусі ў Польшчы, адкуль Таразевіча адклікалі пасьля яго адкрытых рэзкіх выказваньняў супраць рэфэрэндуму 1995-га.

Далучыўшыся да дэмакратычнага лягеру, Георгі Таразевіч увайшоў у Нацыянальны выканаўчы камітэт (ценявы ўрад), дзе кіраваў камісіяй у нацыянальных і рэлігійных справах.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG