11 лютага на першым судовым пасяджэньні за парушэньне парадку яго правядзеньня судзьдзя Вольга Краўчанка выдаліла з залі абодвух абвінавачаных. У далейшым іх на працэс не дастаўлялі.
Сяргей Пятрухін пра абвінавачаньне: «Абсурднае, незаконнае, не пацьверджанае ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведнае рэчаіснасьці»
Пятрухін у хадайніцтве тлумачыў неабходнасьць выступіць на судзе тым, што падчас папярэдняга сьледзтва адмаўляўся даваць паказаньні. А агучыць іх на судовым працэсе, на ягоную думку, «неабходна і вельмі важна». Адсутнасьць на судзе ён разглядае як пазбаўленьне «ўсіх правоў, якімі яго надзяліў закон». Выстаўленае абвінавачваньне называе «абсурдным, незаконным, не пацьверджаным ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведным рэчаіснасьці».
Вяртаньне Пятрухіна на працэс падтрымалі ягоная адвакатка і абаронца інтарэсаў Кабанава. Яны настойвалі, што толькі абвінавачаныя могуць патлумачыць факты і абставіны, якія зьяўляюцца падставай для крымінальнага перасьледу. Наяўнасьць жа кваліфікаванага абаронцы не забясьпечвае поўнага і ўсебаковага разгляду справы.
Супраць выступіла прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня. Яна адзначала, што падобныя звароты суд ужо разглядаў. На яе думку, такі захад узьдзеяньня, як выдаленьне з залі падсудных, быў ужыты абгрунтавана. Паводле пракурора, абвінавачаныя «груба парушалі парадак на судовым пасяджэньні, злосна не падпарадкоўваліся законным патрабаваньням яго старшыні». Пазыцыю прадстаўніцы абвінавачаньня падтрымала судзьдзя.
Пятрухін пацьвердзіў, што быў у карцары
Блогерам зь Берасьця Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, інкрымінуюць арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу судзьдзі. Абодвум пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны яны не прызнаюць.
11 сакавіка стала вядома, што Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры і кантынгенту, зь якім мусіць у ёй знаходзіцца. Зьняволенага адправілі ў карцар. У ім ён меўся знаходзіцца да 17 сакавіка.
У хадайніцтве ў суд Пятрухін пацьвердзіў, што ў карцар трапіў 25 лютага. Пра прычыны ня згадваў. Пры гэтым адзначыў, што 2 сакавіка ад супрацоўнікаў Магілёўскай турмы № 4 даведаўся: пакуль ён у карцары, ягоныя скаргі ня будуць рассылацца адрасатам.
18 сакавіка кіраўніку абласной арганізацыі АГП Уладзімеру Шанцаву ўдалося перадаць Пятрухіну перадачу. Шанцаў зрабіў з гэтага выснову, што Пятрухіна выпусьцілі з карцару.
Наступнае, дзясятае судовае пасяджэньне прызначанае на 25 сакавіка.