Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка палохае, што з інтэрнэтам будзе, як у Кітаі. Тлумачым, як гэта выглядае там


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Улады хочуць «максымальна выкарыстаць досьвед Кітаю ў пабудове лічбавага грамадзтва» і стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгуляваньня сфэры інфармацыйных тэхналёгій, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

Тлумачым, як сытуацыя з цэнзурай і рэгуляваньнем інтэрнэту выглядае ў Кітаі.

На якой падставе кантралюецца інтэрнэт у Кітаі?

Гэта рэгулююць больш як 50 асобных правілаў. На практыцы дзяржаўныя органы абмяжоўваюць доступ да пэўных старонак і сэрвісаў праз супрацу зь лякальнымі інтэрнэт-правайдэрамі, кампаніямі і няўрадавымі арганізацыямі.

Доступ да інтэрнэту блякуецца праз так званы «вялікі файрвол», створаны ў рамках праекту «Залаты шчыт». На яго запуск было выдаткавана каля 800 мільёнаў даляраў. Але ўтрыманьне такой плаціны сёньня каштуе мільярды.

Адсочваньнем інтэрнэту і таго, што там абмяркоўваецца, займаецца кітайская «кібэрпаліцыя».

Дык там няма свабодных СМІ?

Не. У Кітаі незалежныя СМІ проста немагчымыя. Усё фільтруецца.

Але законы аб цэнзуры маюць шмат недакладнасьцяў і, напэўна, няма нікога, хто дакладна ведае, што заблякавана, а што не. Усё дзейнічае даволі выпадкова. Некаторыя старонкі зусім не загружаюцца, а некаторых даводзіцца чакаць вельмі доўга.

Што ў Кітаі блякуецца?

Найперш гэта датычыць палітычных сайтаў: BBC, «Голас Амэрыкі», Wikipedia, YouTube, старонкі, зьвязаныя з Тыбэтам, Далай-ламам ці Тайванем.

Публікаваць паведамленьні ў Facebook, Instagram ці Twitter з Кітаю немагчыма. Але цікава, што нават урадавыя СМІ маюць афіцыйныя профілі на гэтых парталах.

Заходнія пошукавыя сыстэмы, як Google, у Кітаі таксама не працуюць. Замест іх былі створаныя ўласныя, як Baidu. Але зьмест там жорстка фільтруецца.

Большасьць парталаў маюць свае мясцовыя варыянты. Вельмі папулярны на мабільных прыладах дадатак WeChat — камунікатар з шырокімі магчымасьцямі для абмену фатаграфіямі і статусамі. Ёсьць і свой варыянт Twitter — сэрвіс Weibo.

У кітайскім інтэрнэце блякуюць ня толькі цэлыя сайты, але і асобныя словы або вобразы. Нельга ня толькі «нагугліць» у кітайскім пошукавіку, напрыклад, кадры расстрэлу дэманстрацыі на плошчы Т'яньаньмэнь у 1989 годзе — забароненыя і менш відавочныя рэчы. Так, у 2017 годзе пад забарону трапілі выявы Віні Пыха, бо зьнешнасьць мядзьведзя кітайцы сталі жартам параўноўваць са зьнешнасьцю кіраўніка дзяржавы. Да забароненых у перапісцы адносяцца такія фразы, як «савецкія анэкдоты» або «Ганконг, наперад!», і нават лічба «709»

Ці можна абысьці блякаду?

У маладых людзей ёсьць спосабы абысьці гэтую забарону, выкарыстоўваючы бясплатныя VPN і такія інструмэнты, як Freegate. Аўтары праграмы — інжынэры, якія перажылі расправу на плошчы Т'яньаньмэнь у якасьці студэнтаў. Сёньня яны працуюць у Сыліконавай даліне.

Нягледзячы на блякаду, у Кітаі больш за 10 млн карыстальнікаў Twitter.

Некаторыя блякады можна абысьці даволі лёгка. Акаўнт у Gmail, падключаны да дадатку Mail на iOS, дазваляе адпраўляць і атрымліваць паведамленьні электроннай пошты. Падобна зь некаторымі вэб-сайтамі.

Калі нейкі сайт не працуе ў браўзэры, можна паспрабаваць выйсьці на яго праз агрэгатары кантэнту, такія як Flipboard або Feedly. Аднак часам нават гэта не дапамагае.

Ня толькі фільтрацыя...

У 2017 годзе група дасьледчыкаў з Гарварду апублікавала справаздачу, зь якой вынікае, што ў кітайскага ўраду ёсьць каля двух мільёнаў стваральнікаў інтэрнэт-кантэнту. Іх задача — публікаваць спрыяльныя ўладам палітычныя камэнтары. Колькасьць такіх тэкстаў ацэньваецца ў 400 мільёнаў у год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG