Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы б усё роўна засталіся тут». Гісторыя Ўладзімера Гундара, якога ўлады вінавацяць у тэрарызьме


Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

Інвалід 2-й групы Ўладзімер Гундар — адзін з 13 фігурантаў «тэрарыстычнай групоўкі» Мікалая Аўтуховіча, як іх назвалі ўлады Беларусі.

60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца ўжо трэці месяц у СІЗА КДБ. Пра затрыманьне Ўладзімера і сваё цяперашняе жыцьцё Свабодзе расказала яго жонка Алена.

30 сьнежня ў дзьверы жыхароў Баранавіч Уладзімера Гундара і яго жонкі Алены пастукалі супрацоўнікі менскага КДБ. Прад’явіўшы абвінавачаньне па арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму», яны паказалі пастанову аб ператрусе.

«Адзін з супрацоўнікаў спытаў мяне: „Вам прозьвішча Аўтуховіч пра нешта кажа?“ Я адказала, што чула пра такога чалавека ў мэдыя. Потым пацікавіўся, як праводзіць ператрус — „акуратна ці як заўсёды?“», — успамінае Алена.

Падрабязнасьці вобшуку жанчына расказваць ня можа, бо дала падпіску аб неразгалошваньні. Кажа, што работнікі праваахоўных органаў паводзілі сябе карэктна. Нічога ў хаце не пераварочвалі.

«Які ўдзел у тэрарызьме мог прымаць інвалід без нагі?»

Алена Гундар
Алена Гундар

Перад затрыманьнем Алена сабрала Ўладзімеру неабходныя рэчы — таблеткі, вопратку, гігіенічныя рэчы і Біблію (яе празь месяц жанчыне вярнулі).

Пра тое, што муж у СІЗА КДБ, яна даведалася толькі 5 студзеня са званка адваката.

Па словах суразмоўніцы, ніякіх сьледчых дзеяньняў з канца студзеня па справе Ўладзімера не праводзіцца.

«Усё ў статусе абсалютнай нявызначанасьці. Па факце выстаўляць абвінавачаньне Валодзю няма за што. Які ўдзел у тэрарызьме мог прымаць інвалід без нагі, які сядзіць дома? (Ва Ўладзімера Гундара ампутаваная нага, у яго гіпэртанія і судзінкавае захворваньне. — РС.) Са зброяй ён ніколі ня меў ніякіх кантактаў. За гэта я магу паручыцца. Думаю, супрацоўнікі КДБ самі ня ведаюць, што рабіць зь людзьмі, якіх яны ўзялі па гэтай справе. Як падвесьці іх да суду. Разумеюць, што тэрарыстаў з пажылых жанчын, інвалідаў і проста актыўных у сваіх гарадах людзей зьляпіць вельмі цяжка».

«Сваякі ўпэўненыя ў невінаватасьці»

Падчас размовы Алена неаднаразова ўспамінала пра 20-хвілінны фільм «Тратыл пратэсту», які паказалі 8 лютага на дзяржаўным тэлеканале АНТ (у ім «банду Аўтуховіча» абвінавачваюць у актах тэрарызму ў Горадні і Ваўкавыску, а таксама ў падрыхтоўцы выбухаў у іншых гарадах Беларусі. — РС). Факты, прадстаўленыя ў відэаматэрыяле, жанчына ставіць пад сумнеў.

«Мне здаецца, што Мікола досыць разумны чалавек, каб так адкрыта, як там паказалі, пісаць пра зброю. У нашай краіне нельга нават гучна выказваць сваё стаўленьне да дзяржавы, да „прэзыдэнта“. Калі ўсё паказанае ў фільме акажацца хлусьнёй, то які ж гэта верх цынізму так сфабрыкаваць справу».

Уладзімер Гундар зь сям'ёй
Уладзімер Гундар зь сям'ёй

Алена сьцьвярджае, што Ўладзімер на працягу іх 18-гадовага сумеснага жыцьця ніколі ня быў ні ў Горадні, ні ў Ваўкавыску. Ён таксама ня чуў пра людзей, якія нібыта належаць разам зь ім да адной «тэрарыстычнай групы». Адзінае, чаго, па словах жанчыны, нельга адмаўляць, — гэта шматгадовае знаёмства яе мужа зь Мікалаем Аўтуховічам.

Па словах Алены, іх знаёмыя і сваякі ўпэўненыя ў невінаватасьці Ўладзімера. Маральна яе падтрымліваюць і выказваюць спачуваньне, просяць перадаць прывітаньне ў лістах.

За стан здароўя Ўладзімера Гундара родныя турбуюцца асабліва моцна.

«Думаю, ён не расказвае ўсёй праўды. Калі пытаюся пра самаадчуваньне, часам піша „так-сяк“, значыцца, ёсьць праблемы. Таблеткі перадаю рэгулярна. Пратэз яму насіць не дазволілі».

«Са мной ня простыя людзі сядзяць»

У карэспандэнцыі Ўладзімер не закранае ні палітыкі, ні дэталяў побыту ў СІЗА.

У адным зь лістоў папрасіў жонку прывезьці аліўкавы алей. Алена прызналася, што была зьдзіўленая, бо дома яны ўжывалі толькі сланечнікавы. На яе пытаньне: «Чаго раптам такі заказ?», Уладзімер, атрымаўшы перадачу, адказаў: «Ты ж разумееш, што тут ня простыя людзі сядзяць».

Ліст ад Уладзімера Гундара з СІЗА КДБ
Ліст ад Уладзімера Гундара з СІЗА КДБ

«Неяк раз на просьбу Валодзі перадаць навіны я напісала, што цяпер па ўсёй краіне праходзяць суды. Што ўжо даюць ня суткі, а па 2–3 гады. Дадала, што „машына“, у якой ён цяпер знаходзіцца, перамолвае сваімі шасьцярэнькамі жыцьці і лёсы. І прашу Бога, каб яна не перамалола наша жыцьцё, нашу любоў і нашы душы, — успамінае Алена. — Ліст дайшоў. У адказ Валодзя напісаў, што знаходзіцца ў будынку, дзе руйнуюць лёсы людзей з 1929 году. Падкрэсьліў, што адзіны чалавек, якога не змаглі тут зьнішчыць, гэта Ларыса Геніюш (беларуская паэтка, грамадзкая дзяячка, з 1948 году рэпрэсаваная савецкімі ўладамі за «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць». — РС). Ён заўсёды яе паважаў да глыбіні душы».

Па словах Алены, маральны стан Уладзімера стабільны. Піша, што настроены на хуткае вяртаньне дадому. Пра магчымы тэрмін не ўспамінае.

«Мяне ўвесь час спрабуе супакоіць. Запэўнівае, што ўсё гэта перажывем. Так ці інакш ён выйдзе на волю, і ўсё ў нас наладзіцца. Ня ведаю, наколькі ён сапраўды ў гэта верыць. А я проста малюся Богу, стараюся кожную нядзелю хадзіць у царкву. Таму што іншай надзеі няма. У хуткіх пераменах у краіне я пачынаю сумнявацца».

Пратэст Уладзімера Гундара супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. 4 сакавіка 2014
Пратэст Уладзімера Гундара супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. 4 сакавіка 2014

«Як ён будзе працаваць у калёніі?»

Сёньня Алена жыве на сваю пэнсію. Пэнсійны рахунак Уладзімера арыштаваны. Пасьля затрыманьня мужа Алена звольнілася з працы. Прызнаецца, што псыхалягічна хадзіць туды ёй было цяжка.

«Сярод маіх калегаў было шмат ідэалягічных праціўнікаў. Слухаць іх развагі і маўчаць мне было цяжка. А выказаць сваю думку я не магла, бо ў студзені ўжо была ў становішчы „ЧСЗР“ (член сямʼі здрадніка Радзімы — паняцьце, уведзенае ў Савецкай Расеі ў 1919 годзе. — РС). Гэта ціснула. Плюс праца ў мяне была начная. Раней, пакуль я адсутнічала, у кватэры заўсёды быў Валодзя. Цяпер хата пустая. Я не магла пазбавіцца адчуваньня, што ўвесь час там павінен нехта быць».

Алена запэўнівае, што не шкадуе аб тым, што раней не пакінула з мужам краіну. Рабіць гэтага ў будучыні яна таксама ня мае намеру.

«Калі б мы зьехалі, мне здаецца, жыцьцё магло б разбурыцца. Я люблю свой дом, горад. Хачу бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў. Нават калі б Валодзю адпусьцілі, мы б усё роўна засталіся тут».

Сёньня Алена занепакоеная вялікім тэрмінам, які пагражае мужу. Прызнаецца, што не ўяўляе, як чалавек з адной нагой зможа знаходзіцца ў калёніі.

«Як ён там будзе працаваць, калі яго і тут нідзе ня бралі? — задаецца пытаньнем Алена. — Спадзяюся, што іх справа ня дойдзе да суду, як у „Белага Легіёну“. (Маецца на ўвазе крымінальны працэс, распачаты напярэдадні Дня Волі ў 2017 годзе. 26 фігурантаў справы абвінавацілі ў навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а таксама ў стварэньні ўзброенага фармаваньня. Ужо восеньню ўсіх фігурантаў вызвалілі, зь іх зьнялі абвінавачаньні. — РС). Што праз паўгода яму скажуць: зьбірай рэчы, ідзі дадому. І нам ня трэба іх выбачэньняў і кампэнсацый. Ну, а калі ўсё ж такі ў калёнію, то што ж, будзем чакаць. Вялікі тэрмін для яго гэта....»

Справа Аўтуховіча. Галоўнае

  • Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
  • Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 год.
  • На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
  • Гундара ды Маёраву, як і Аўтуховіча, зьмясьцілі ў СІЗА КДБ («амэрыканка»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG