Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт не пакінуў пасаду і давёў краіну да вайны і руінаў. Тлумачым, што 10 гадоў адбываецца ў Сырыі


Алепа, 2016 год.
Алепа, 2016 год.

10 гадоў таму ў Сырыі пачаліся мірныя акцыі пратэсту супраць улады прэзыдэнта Башара Асада. Яны сталі прычынай народнага паўстаньня, якое хутка ператварылася ў поўнамаштабную грамадзянскую вайну.

Тлумачым, хто і супраць каго ваюе ў Сырыі, чаго дамагліся бакі і якія ахвяры панесьлі ў выніку гэтага супрацьстаяньня сырыйцы.

З чаго ўсё пачалося

У 2011 годзе на Блізкім Усходзе пракацілася хваля сацыяльных пратэстаў пад назвай «Арабская вясна». Пасьля шэрагу пасьпяховых дзяржаўных пераваротаў у суседніх краінах сырыйцы таксама палічылі, што яны могуць пакласьці канец аўтарытарнай уладзе свайго прэзыдэнта Башара Асада.

Праціўнікі рэжыму выйшлі на вуліцы ўжо ў студзені 2011 году, і дэманстрацыі хутка распаўсюдзіліся па краіне. Аднак выбух незадаволенасьці адбыўся праз два месяцы. 15 сакавіка сілы бясьпекі адкрылі агонь па дэманстрантах у сталіцы Сырыі Дамаску. Гэты дзень лічыцца пачаткам крывавай грамадзянскай вайны, якая працягваецца і да сёньня.

Хто такі Башар Асад

Башар Асад прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе. Да гэтага краінай 29 гадоў кіраваў ягоны бацька Хафэз Асад. З прыходам новага Асада сырыйцы зьвязвалі вялікія надзеі. Ён быў малады, з заходняй адукацыяй, абяцаў рэформы і дэмакратызацыю краіны. Многія сырыйцы і прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці лічылі, што Асад зьменіць краіну да лепшага, але Сырыя Асада мала чым адрозьнівалася ад краіны, якой кіраваў яго бацька Хафэз.

Башар Асад (справа).
Башар Асад (справа).

Башар таксама трымаў сваю ўладу на жорсткіх спэцслужбах і поўным задушэньні крытыкі. Найбольшыя выгады ў краіне, высокія пасады ў дзяржаўнай адміністрацыі, арміі і службах бясьпекі атрымалі прадстаўнікі алявітаў, рэлігійнай меншасьці, зь якой паходзіць сям’я Асадаў. Да вайны яны складалі каля 10% грамадзтва.

Дэмакратызацыі не адбылося, а рэформы скончыліся павелічэньнем беднасьці для многіх сырыйцаў, у той час як ляяльныя Асаду чыноўнікі багацелі.

Хто ўзначальваў пратэсты

Першапачаткова дэманстранты пазьбягалі радыкалізму і іх узначальвалі памяркоўныя грамадзкія актывісты, якія патрабавалі паслабленьня рэпрэсій. Але пасьля крывавага задушэньня пратэстаў яны пачалі адказаць сілай на сілу. Неўзабаве была створаная Вольная сырыйская армія, якая складалася з праціўнікаў ураду, чальцоў асобных кланаў і дэзэртыраў.

Пратэст у Сырыі, лета 2011 году
Пратэст у Сырыі, лета 2011 году

Службы бясьпекі, нават пры падтрымцы арміі, не змаглі задушыць усё большае незадавальненьне. Успыхнулі новыя асяродкі паўстаньня. Хоць баевікі былі дрэнна ўзброеныя і пераважна кепска падрыхтаваныя, яны эфэктыўна супраціўляліся ўрадавай арміі. Хаос узмацняўся такімі джыхадысцкімі арганізацыямі, як «Ісламская дзяржава» і «Аль-Каіда». Грамадзянская вайна разгарэлася ўсурʼёз. Паступова ўлады страцілі кантроль над краінай.

Сырыйскі канфлікт у 6 пунктах

  • Мяркуецца, што да гэтага часу вайна ў Сырыі забрала жыцьці сама меней 380 тысяч чалавек.
  • З 2011 году ў выніку канфлікту загінулі больш за 20 000 дзяцей. У выгнаньні нарадзіліся амаль мільён сырыйскіх дзяцей.
  • Канфлікт прывёў да найбуйнейшага крызісу перамяшчэньня насельніцтва з часоў Другой сусьветнай вайны. З перадваеннага насельніцтва краіны, якое складала 23 мільёны, палова пакінула свае дамы, а амаль 6 мільёнаў уцяклі за мяжу — у суседнія краіны і Эўропу.
  • У Лібане, невялікай міжземнаморскай краіне з насельніцтвам каля 5 мільёнаў, знаходзіцца самая высокая канцэнтрацыя ўцекачоў на душу насельніцтва, якая, паводле ацэнак, складае каля 1 мільёна. Большасьць зь іх жывуць у нефармальных імправізаваных намётавых паселішчах, разьмешчаных у даліне Бэкаа, недалёка ад сырыйскай мяжы.
Лягер уцекачоў, 2020 год
Лягер уцекачоў, 2020 год
  • Больш за два мільёны сырыйскіх дзяцей былі вымушаныя кінуць навучаньне. Па дадзеных ЮНІСЭФ, амаль 750 000 сырыйскіх дзяцей у суседніх краінах ня ходзяць у школу.
  • Інфляцыя сырыйскага фунту склала 97% ад даваеннага паказьніка. 80-90 адсоткаў насельніцтва жыве ў галечы. Паводле ацэнак, у выніку вайны, разбурэньня інфраструктуры, паралічу здабычы нафты, сырыйская эканоміка вярнулася на тры дзесяцігодзьдзі назад.
Рака, 2017 год
Рака, 2017 год

Як сытуацыя выглядае цяпер

Пры падтрымцы Расеі Башару Асаду ўдалося ўтрымаць уладу, хаця ў першыя гады вайны, як лічылі экспэрты, ён блізкі да паразы. Да ўмяшаньня Расеі ўлады ў Дамаску кантралявалі пятую частку краіны, а цяпер тры чвэрці.

Антыўрадавыя сілы маргіналізаваныя і ня ў стане ў гэты момант вярнуць уплыў, які яны мелі на пачатку вайны.

Сёньня ў Сырыі засталіся тры зоны, якія кантралююцца іншаземцамі: расейска-іранская, амэрыканска-заходняя і турэцкая. «Ісламская дзяржава» была вымушаная пайсьці ў падпольле, але ўсё яшчэ ў стане дэстабілізаваць становішча ў краіне.

Інтэнсіўных баёў на большасьці тэрыторыі краіны сёньня няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG