Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскаму прад’явілі канчатковае абвінавачаньне, яму пагражае 15 гадоў турмы


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Папулярнаму блогеру палітвязьню Сяргею Ціханоўскаму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу пагражае пакараньне да 15 гадоў зьняволеньня.

Сьледчы камітэт скончыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць блогера Сяргея Ціханоўскага, палітыка Мікалая Статкевіча і іх паплечнікаў.

Сяргею Ціханоўскаму прад’яўлена канчатковае абвінавачаньне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Санкцыя найбольш цяжкога артыкулу ў гэтым пераліку прадугледжвае пазбаўленьне волі тэрмінам да 15 гадоў.

У СК лічаць, што абвінавачаныя «цягам доўгага пэрыяду часу актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў поствыбарчы пэрыяд». А сам Ціханоўскі на сваім Telegram і youtube-каналах «Страна для жизни» «адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама сваімі выказваньнямі распальваў сацыяльную варожасьць у грамадзтве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасьці».

У СК лічаць, што маюць у наяўнасьці доказы «непасрэднай узаемасувязі зробленых злачынстваў зь дзейнасьцю экстрэмістаў, якія ажыцьцяўляюць маніпуляваньне грамадзкай сьвядомасьцю з дапамогай тэлеграм-каналаў».

Ведамства падкрэсьліла, што дзясяткі людзей, «натхнёныя іх заклікамі і паверыўшы ў сваю беспакаранасьць», бралі актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Шкоду ад дзеяньняў Ціханоўскага і яго паплечнікаў ацанілі ў больш як 3,5 мільёна рублёў. Сярод крымінальных учынкаў Ціханоўскага пералічваюцца пікет у Горадні, на якім блогера затрымалі, пагрозы ў бок старшыні ЦВК Ярмошынай.

У СК таксама паведамілі, што ўжо завяршылі расьсьледаваньне вылучаных з «справы Ціханоўскага» 9 крымінальных спраў у дачыненьні 25 чалавек, у шэрагу спраў ужо ёсьць абвінаваўчыя прысуды.

Рэакцыя Сьвятланы Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра абвінавачаньні супраць мужа. Яна лічыць гэта «расправай». Зьвяртаючыся да судзьдзяў, сьледчых і пракурораў, яна сказала, што іхнымі рукамі помсьцяць «сапраўднаму лідэру беларусаў».

«Сяргей не здаецца і ня здасца. Ён ведае, што беларусы працягваюць барацьбу, і разумее, што ўсе, хто прайшоў праз палітычныя прысуды і перасьлед, будуць рэабілітаваныя. Ён перадае пасланьні нашым дзецям, піша сцэнары для фільмаў пра Беларусь і застаецца свабодным духам чалавекам у любых умовах. Я ведаю: ён хоча, каб мы не спыняліся. І мы ня спынімся, пакуль не даб'ёмся вызваленьня ўсіх палітвязьняў».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG