Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пінскія судзьдзі ня хочуць весьці працэс». Фігурантаў «пінскай справы» перавялі ў Берасьце


Пратэсты ў Пінску 9 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Пінску 9 жніўня 2020 году

Падобна, там жа будуць і разглядаць гэтую крымінальную справу, пацярпелымі ў якой праходзяць 54 міліцыянты.

«Нас нават не папярэдзілі аб пераводзе»

Пра тое, што як мінімум частку фігурантаў «пінскай справы» перавялі ў СІЗА Берасьця, Свабодзе расказалі родныя некаторых зь іх.

«Калі іх перавялі, мы дакладна ня ведаем, – расказала Свабодзе Тацяна, маці Алега Рубца, аднаго з абвінавачаных. – Мы даведаліся абсалютна выпадкова ўчора (9 сакавіка. – РС). Нас нават не папярэдзілі аб пераводзе. Зараз сыну напісалі ліст, чакаем адказу. Апошні ліст ад яго, датаваны 4 сакавіка, быў адпраўлены яшчэ з Баранавічаў (фігурантаў справы аб сутычках зь міліцыяй у Пінску 10 жніўня трымалі ў СІЗА Баранавічаў. – РС). Падобна, перавод адбыўся ў гэтыя доўгія выходныя».

Тацяна кажа, што пазваніла ў СІЗА Баранавічаў раніцай 9 сакавіка, хацела даведацца, колькі яшчэ харчоў можна паслаць сыну. Але там адказалі, што Алега Рубца ў Баранавічах больш няма.

«Як мы даведаліся, разам з сынам у Берасьце перавялі яшчэ дзевяць абвінавачаных, – кажа Тацяна. – Мы тут трымаем сувязь з роднымі ўсіх, каго ведаем. Па ланцужку перадалі, усе пачалі званіць, пытацца. Чаму сына перавялі ў Берасьце, нам ніхто не тлумачыць. Пра гэта ня ведалі нават адвакаты, яны даведаліся ад нас. Пазьней некаторым зь іх удалося даведацца, што зьмененая мера падсуднасьці і справай цяпер будзе займацца Берасьцейскі абласны суд».

Родныя абвінавачаных у «пінскай справе» гавораць, што суд цяпер, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў Берасьці. Пра яго магчымую дату пакуль таксама нічога невядома. Маці Алега Рубца гаворыць, што справа яе сына і іншых абвінавачаных ужо была перададзеная ў суд Пінску, таму раптоўны этап у Берасьце зь СІЗА Баранавічаў стаў асабліва нечаканым.

«Мы ўжо чакалі прызначэньня даты пачатку працэсу, – кажа Тацяна. – Паводле адной з вэрсій, якую нам расказалі, у Пінску справу адмовіліся разглядаць судзьдзі. Кажуць, яны ня хочуць весьці працэс тут. Маўляў, баяцца нашага народнага абурэньня. Але мы можам толькі здагадвацца, што там сапраўды адбылося. Горад у нас маленькі. Пацярпелых больш за 54, гэта ўсё супрацоўнікі пінскага ГУУС. А ў нас жа ІЧУ знаходзіцца ў будынку ГУУС, у падвале. Атрымліваецца, абвінавачаных трымалі б тамсама, дзе працуюць пацярпелыя».

«Усім зразумела, што пра справядлівасьць сёньня не даводзіцца гаварыць»

Родныя абвінавачаных настройваюцца на вялікія тэрміны зьняволеньня. Яны кажуць, што ўсіх абвінавачаных падзялілі на групы па 10 чалавек. Справы супраць кожнай з групаў будзе разглядацца асобна. У Пінску дагэтуль ня ведаюць, колькі ўсяго ў справах аб падзеях у Пінску фігурантаў. Па чутках – больш за 30. Дакладна вядомыя імёны і месца знаходжаньня 14 абвінавачаных. Вядома, што ў Берасьце з Баранавічаў перавялі Рамана Багнаўца, Сяргея Ляжэнку, Рыгора Гунько, Вячаслава Рагашчука, Аляксандра Цярэшку, Алега Рубца і яшчэ некалькі чалавек.

«У лютым сын абвяшчаў галадоўку ў СІЗА, адмаўляўся ад ежы і вады 5 дзён, – расказвае Тацяна пра тое, як трымаецца яе сын за кратамі. – Потым трапіў у карцар на 6 сутак. Алег такім чынам пратэставаў супраць таго, што яму перасталі перадаваць лісты. Пасьля ўсяго гэтага лісты зноў пачалі даходзіць, дастаткова часта. Ягоны ўчынак меў вынік. Цяпер зь лістамі няма праблемаў».

26 лютага Алегу Рубцу за кратамі споўнілася 19 гадоў. Яго і іншых фігурантаў «пінскай справы» абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 293 («Масавыя беспарадкі»). Ён прадугледжвае пакараньне ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

«Алег піша, што трымаецца добра, – гаворыць Тацяна. – У яго дастаткова ўпэўненая пазыцыя. Ілюзій таго, што суд будзе справядлівым, сын ня мае. Усім зразумела, што пра справядлівасьць сёньня не даводзіцца гаварыць. Алег малайчына, ні на што ня скардзіцца. Стараецца нас падбадзёрыць. Просіць, каб на суд прыходзілі без эмоцый. Каб іх пакінулі дома. Ён у нас баец».

Падзеі ў Пінску адбыліся ў райцэнтры ўвечары 9 жніўня 2020 году непадалёк ад гарвыканкаму. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня папярэдніх афіцыйных вынікаў выбараў у цэнтры гораду сабралася вялікая колькасьць людзей. Паміж часткай зь іх і супрацоўнікамі пінскай міліцыі, якая патрабавала ад прысутных разысьціся, пачаўся канфлікт. У яго выніку міліцыянтаў некалькі разоў выцясьнялі з плошчы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у сутычках з жыхарамі Пінску пацярпелі 54 міліцыянты. Першыя затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў у Пінску адбыліся ўжо 10 жніўня, частка з падазраваных знаходзіцца ў вышуку дагэтуль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG