Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач з Астравецкай АЭС павысіўся радыяцыйны фон. Наколькі сур’ёзна і чаму?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Тэлеграм-каналы напісалі пра праблемы з сыстэмай ахаладжэньня Астравецкай АЭС, Мінэнэрга абвергла гэтыя зьвесткі.

Інфармацыю пра новыя праблемы Беларускай атамнай электрастанцыі апублікаваў у суботу тэлеграм-канал «Ник и Майк», вядомы публікацыяй зьвестак з розных органаў улады, якія часта пацьвярджаюцца. На гэты раз канал са спасылкай на паведамленьне чытача напісаў, што ў першыя дні сакавіка на АЭС нібыта адбылося надзвычайнае здарэньне.

Праблему з сыстэмай ахаладжэньня на станцыі быццам спрабавалі ліквідаваць уручную, і ад аварыі ўратавала сыстэма абароны АЭС. Пры гэтым аўтары тэлеграм-каналу папярэдзілі, што інфармацыя пра здарэньне вымагае пацьверджаньня.

Што кажуць замеры

Нормай радыяцыйнага фону лічыцца паказьнік да 20 мікрарэнтген на гадзіну. Перавышэньні зафіксавалі ў шэрагу гарадоў паблізу АЭС.

Паводле сайту Narodmon.ru, дзе людзі публікуюць зьвесткі пра замеры з уласных датчыкаў, у Смаргонях за суткі мінімальнае значэньне замераў склала 18,58 мікрарэнтген на гадзіну, максымальнае — 39,83. У Маладэчне мінімальнае значэньне — 9 мікрарэнтген на гадзіну, максымальнае — 26.

У Горадні стаяць два датчыкі радыяцыі. На першым мінімальны паказьнік за суткі — 10,6 мікрарэнтген на гадзіну, максымальны — 40,4. Мінімальны паказьнік на другім датчыку прадэманстраваў 7 мікрарэнтген на гадзіну, максымальны — 12.

Варта адзначыць, што на шэрагу паказаных на сайце пунктаў, дзе робяцца замеры, можа стаяць непрафэсійная тэхніка. Аднак пры гэтым не абвяргаецца вэрсія павелічэньня паказьнікаў, паколькі паказьнікі тэхнікі за апошнія суткі вышэй за звычайныя паказьнікі гэтай самай тэхнікі ў папярэднія дні.

Дзеля параўнаньня, у зоне радыёактыўнага заражэньня ў Брагіне, паводле Белгідрамэту, на 9:00 7 сакавіка маніторынг паказаў 0.46 мікразівэрт на гадзіну (46 мікрарэнтген на гадзіну). Паводле Белгідрамэту, гэта найвышэйшы паказьнік магутнасьці дозы гамма-выпраменьваньня на тэрыторыі Беларусі.

Мінэнэрга абвяргае інфармацыю пра здарэньне

Прэс-служба Міністэрства энэргетыкі абвергла інфармацыю аб збоях у працы сыстэмы ахаладжэньня рэактару першага энэргаблёку БелАЭС.

«Сыстэма функцыянуе ў штатным рэжыме. На першым энэргаблёку працягваюцца рэглямэнтныя работы і выпрабаваньні ў рамках этапу досьледна-прамысловай эксплюатацыі. Радыяцыйны фон у раёне станцыі ў норме», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва Белта са спасылкай на Мінэнэрга.

Дзяжурны мэтэароляг Белгідрамэту паведаміў Свабодзе, што пункты замераў у Міхалішках, Нарачы і Лынтупах па стане на 13:00 паўсюль паказвалі радыяцыйны фон «у межах 0.10 мікразівэрт на гадзіну» (10 мікрарэнтген на гадзіну), што не перавышае нормы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG