Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна»


Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі (справа) на разглядзе справы палітвязьня Зьмітра Паліенкі. Архіўнае фота.
Праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі (справа) на разглядзе справы палітвязьня Зьмітра Паліенкі. Архіўнае фота.

Крымінальная справа заведзеная паводле арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Галоўнае ўпраўленьне расьсьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь расьсьледуе крымінальную справу, заведзеную па факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна». Пра гэта паведамілі ў праваабарончай арганізацыі.

Крымінальная справа заведзеная паводле арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). На гэты момант у яе межах адбываюцца актыўныя сьледчыя дзеяньні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленьняў і ў кватэрах сяброў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеяньні.

На думку органаў сьледзтва, «Вясна» нібыта ажыцьцяўляе фінансаваньне ды іншае матэрыяльнае забесьпячэньне незаконных масавых мерапрыемстваў.

Раней праз падобныя абвінавачаньні былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валянтэры «Вясны» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.

Рэакцыя «Вясны»: «Мы ніколі ня спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасьці»

«На працягу ўсіх 25 гадоў наша арганізацыя рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохваньня і перасьледу сяброў арганізацыі за ажыцяўленьне праваабарончай дзейнасьці.

У 2001 годзе арганізацыя была незаконна пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і вымушаная апошнія 18 гадоў абараняць правы чалавека ў краіне без рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі.

У 2011 годзе старшыня аб’яднаньня Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі за атрыманьне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасьць арганізацыі.

ПЦ „Вясна“ ніколі не зьяўляўся арганізатарам якіх бы то ні было гвалтоўных дзеяньняў і заўсёды падтрымліваў мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных свабод», — заявілі ў арганізацыі.

«У сытуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне дзейнасьць ПЦ „Вясна“ скіраваная на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэньняў правоў чалавека. У гэтых мэтах мы актыўна ўзаемадзейнічаем зь міжнароднымі мэханізмамі абароны правоў чалавека, у тым ліку ў межах такіх міжнародных арганізацый, як АБСЭ і ААН.

Мы расцэньваем пачатак крымінальнага перасьледу па факце дзейнасьці ПЦ „Вясна“ як чарговы перасьлед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасьцю з боку існага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне».

Гэтыя дзеяньні ўладаў Беларусі груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненьняў, удзельнікам якіх зьяўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасьці Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэклярацыі аб правах і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадзтва заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды".

Арганізацыя выказвае пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да нашай арганізацыі і яе сяброў і заяўляе:

  • «Мы ніколі ня спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасьці на карысьць усяго беларускага грамадзтва, скіраваную на прасоўваньне ідэй і каштоўнасьцяў правоў чалавека і дэмакратыі.
  • Мы патрабуем ад уладаў Беларусі: неадкладна спыніць крымінальны перасьлед у дачыненьні да ПЦ «Вясна» і перасьлед сяброў нашай арганізацыі;
  • неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валянтэраў ПЦ «Вясна» Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу, нашых калег з Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотняў іншы палітычных зняволеных;
  • спыніць практыку арыштаў і судовага пераследу праваабаронцаў у Беларусі;
  • гарантаваць магчымасьць усім праваабаронцам у Беларусі ажыцьцяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасьць у любых абставінах без абмежаваньняў і бяз страху помсты, у тым ліку бяз рызыкі судовага перасьледу.

Што трэба ведаць пра цэнтар «Вясна»

Грамадзкае аб’яданьне Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўзьнікла пасьля пачатку рэпрэсій у 1996 годзе, калі па Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць аўтырарытарнай улады Аляксандра Лукашэнкі. У красавіку 2021 году яна будзе адзначаць 25-годзьдзе сваёй дзейнасьці.

Раней арганізацыя была зарэгістраванай, але ў 2001 годзе Вярхоўны суд пазбавіў яе афіцыйнай рэгістрацыі.

Цяпер «Вясна» зьяўляецца добраахвотным аб’яднаньнем грамадзянаў, якія дзейнічаюць у адпаведнасьці з Дэклярацыяй аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадзтва заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

У арганізацыі перакананыя, што такая дзейнасьць цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG