Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выракі за надпіс «Не забудзем!» на месцы гібелі Тарайкоўскага пакінулі ў сіле


Адзін з асуджаных за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага Максім Паўлюшчык. Менск, 23 лістапада 2020 году.
Адзін з асуджаных за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага Максім Паўлюшчык. Менск, 23 лістапада 2020 году.

Пяцёра палітвязьняў будуць адбываць пакараньні на «хіміі» і ў калёніі.

Менскі гарадзкі суд 5 сакавіка разгледзеў пяць апэляцыйных скаргаў на прысуды паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Злоснае хуліганства») за нанясеньне надпісаў «Не забудзем!» на вуліцы Пушкінскай каля народнага мэмарыялу, прысьвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Суд Фрунзэнскага раёну 8 сьнежня асудзіў палітзьняволеных Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку на 1,5 года «хіміі», Марыю Бабовіч да 1,5 года «хатняй хіміі», а Ўладзіслава Гуліса і Максіма Паўлюшчыка – да 2 гадоў калёніі. Такія прысуды вынесьлі судзьдзі Юлія Крэпская і Юлія Блізьнюк, дзяржаўнае бвінавачаньне ў гэтых справах падтрымлівала пракурорка Аліна Касьянчык.

Усе асуджаныя не пагадзіліся з такімі прысудамі і абскардзілі іх.

Апэляцыйныя скаргі фігурантаў справы за надпіс «Не забудзем!» разглядалі судовыя калегіі Менскага гарадзкога суду пад старшынствам Тацяны Фалькоўскай і Валянціны Зянькевіч. Яны пакінулі ўсе пяць апэляцыйных скаргаў без задавальненьня, а прысуды – у сіле. Цягам некалькіх тыдняў Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку накіруюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу адбываць «хімію» на паўтара года.

Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя прызначыць умовы адбываньня «хатняй хіміі» на 18 месяцаў для Марыі Бабовіч, а палітзьняволеныя Ўладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык будуць этапаваныя са сьледчых ізалятараў у калёніі адбываць 2-гадовае пакараньне.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG