Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёвец тры гады піша звароты Пуціну пра лёс крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Што яму адказваюць?


Леанід Падбярэцкі
Леанід Падбярэцкі

Тры гады магілёвец Леанід Падбярэцкі дамагаецца ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, каб той паспрыяў у вяртаньні крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» рэгулярна піша кіраўніку суседняй дзяржавы напярэдадні яго «вялікай прэс-канфэрэнцыі», спадзеючыся пачуць адказ у жывым эфіры, але пакуль марна.

Міністэрства культуры Расеі: «Крыж зьнік бясьсьледна»

Дасланы ў сьнежні 2020 году ліст адміністрацыя Пуціна пераадрасавала ў Міністэрства культуры. У адказе Падбярэцкаму падзякавалі «за неабыякавае стаўленьне да захаваньня рэлігійных каштоўнасьцяў і адной з галоўных праваслаўных сьвятыняў» і паінфармавалі, што не валодаюць зьвесткамі аб знаходжаньні крыжа на тэрыторыі Расеі. Магілёўцу параілі зьвярнуцца ў аддзел зьнешніх царкоўных сувязяў Рускай праваслаўнай царквы.

У лісьце зь расейскага Міністэрства культуры ні разу ня згадваецца Беларусь, зь якой вывезьлі рэліквію. Адзначаецца, што яна «бясьсьледна зьнікла ў 1941 годзе» і лёс яе невядомы.

Сацыял-дэмакрат ужо зьвяртаўся ў згаданы аддзел Рускай праваслаўнай царквы, адказу не атрымаў. Цяпер зьбіраецца зноў туды пісаць. Ён перакананы: крыж у Расеі, і «яна ня хоча яго беларусам аддаваць». Актывіст сумняваецца, што яму скажуць, дзе ён, але пісаць Пуціну не перастане.

«Нагадваць расейскаму кіраўніцтву аб праблеме вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму варта»

Раней Падбярэцкі падказваў Пуціну, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай варта шукаць у Троіца-Сергіевай лаўры падмаскоўнага Сергіевага Пасаду. Ён спасылаўся на зьвесткі гісторыка Сяргея Тарасава, паводле якога вывезеную ў вайну беларускую рэліквію Сталін аддаў герархам Рускай праваслаўнай царквы, каб задобрыць сьвятарства . Па словах навукоўца, захоўваньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай у Троіца-Сергіевай лаўры вельмі значнае для Расейскай праваслаўнай царквы. Звычайнаму чалавеку трапіць у скарбніцу немагчыма.

Сяргей Тарасаў скептычна ставіўся да спадзеваў, што Пуцін дасьць зьвесткі пра крыж, але лічыць, што нагадваць расейскаму кіраўніцтву аб праблеме вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму варта.

Беларускую рэліквію шукалі і ў ЗША

Крыж Эўфрасіньні Полацкай быў выраблены ў Полацку для царквы Сьвятога Спаса на замову прападобнай ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе.

У 1921 годзе яго рэквізавалі бальшавікі. Да ўварваньня нацыстаў у Беларусь рэліквія захоўвалася ў Магілёве. У 1941 годзе машыну, наладаваную партыйным архівам ды гістарычнымі і культурнымі каштоўнасьцямі, адправілі ў Маскву. Там павінен быў быць і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Пасьля вывазу рэліквіі яе лёс застаецца невядомым. У 1943 і 1945 годзе сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панарамэнка двойчы публічна казаў пра крыж як прадмет мастацтва, які ня быў згублены, а знаходзіцца ў распараджэньні кіраўніцтва СССР.

Афіцыйна Крыж дагэтуль у вышуку. Адшукаць беларускую рэліквію спрабавалі ў ЗША, але бясплённа.

У 1997 годзе ювэлір-эмальер зь Берасьця Мікалай Кузьміч вырабіў копію Крыжа, якую 24 жніўня 1997 году асьвяціў мітрапаліт Філарэт. Копія захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Эфрасіньеўскага жаночага манастыра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG