Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сказаць, не сказаўшы: Лукашэнка пра крэдыт, датэрміновыя выбары і свой сыход


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 22 лютага 2021
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 22 лютага 2021

Словы Лукашэнкі «транзыту ўлады ў Беларусі ня будзе» можна расцаніць як непісьменнасьць, а можна — як намер сапраўды нікуды не сыходзіць ня толькі ад улады, але і з пасады прэзыдэнта.

Сьцісла

  • На нарадзе з сілавікамі Лукашэнка прызнаў, што прасіў Пуціна даць Беларусі рэшту крэдыту, зэканомленую на будаўніцтве АЭС.
  • Паводле Лукашэнкі, ніякага пэўнага адказу Пуцін ня даў.
  • Лукашэнка вельмі цьмяна намякнуў, што пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму новыя выбары могуць адбыцца неўзабаве.
  • Аднак літаральна са сказанага ім гэта зусім не вынікае.
  • Таксама зь яго словаў не вынікае, што ён ня будзе балятавацца на наступных прэзыдэнцкім выбарах.
  • Словы Лукашэнкі «транзыту ўлады ў Беларусі ня будзе» можна расцаніць як непісьменнасьць, а можна — як намер сапраўды нікуды не сыходзіць ня толькі ад улады, але і з пасады прэзыдэнта.

Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду зь сілавікамі, на якой, апроч іншага, расказаў пра «таямніцы» сваёй сустрэчы ў Сочы з Пуціным.

Расказаў з прэамбулай, маўляў, пішуць шмат лухты пра гэтую сустрэчу, а вось паслухайце ўсю праўду, як яно там было насамрэч.

У яго прызнаньнях уражвалі два.

Дык была размова пра крэдыт?

Адно — пра крэдыт.

«Шмат зараз пісалі і вякаюць з нагоды крэдытаў. Ні пра якія крэдытах нават гаворкі не было. І ў матэрыялах у мяне не было нават тэмы гэтай. Ніхто не прасіў дадатковых крэдытаў. Нам гэта не патрэбна», — патлумачыў Лукашэнка.

Ну не было гаворкі пра крэдыт, дык не было. Але далей ён сказаў, што Расея ў свой час дала Беларусі крэдыт на пабудову АЭС.

«І тады я так па-сяброўску Пуціну кажу: калі я зэканомлю, то вы гэты крэдыт пакіньце ў Беларусі на іншыя патрэбы, дапусьцім на вайсковыя», — расказаў Аляксандар Лукашэнка.

Што на гэта тады адказаў Пуцін, Лукашэнка прама не паведаміў. Аднак эканомія і сапраўды адбылася. Але далей — увага.

«Натуральна, што тут таньнейшая станцыя. Вось адкуль пайшла гэтая тэма. Але мы яе не абмяркоўвалі. Я памятаю абяцаньне прэзыдэнта Расеі. Адзінае, сказаў: калі гэта не напруга для эканомікі Расеі, мы будзем выкарыстоўваць рэшту гэтага крэдыту, у тым ліку і на вайсковыя патрэбы. Можа быць, і на закупку самалётаў і больш сучаснай тэхнікі. Непрыняцьця не было», — сказаў Лукашэнка.

«Адзінае, сказаў» - дык значыць, размова пра крэдыт усё ж была, хай рэплікі і падаваў толькі адзін бок. «Непрыняцьця не было», а прыняцьцё, згода былі?

А раптам на думку Пуціна «напругу» для расейскай эканомікі такая апэрацыя ўсё ж створыць? І калі абяцаньне з боку Пуціна ўсё ж было, то чаму ж ён не пацьвердзіў сваё абяцаньне, а прадэманстраваў усяго толькі адсутнасьць непрыняцьця?

Маўчаньне — знак згоды — гэтая выдатная формула, але яна наўрад ці дзейнічае, калі размова ідзе пра дамоўленасьць зь кіраўніком вялікай дзяржавы наконт мільярдаў даляраў.

Па сутнасьці тлумачэньня самога Лукашэнкі расейскі крэдыт на пабудову Беларускай АЭС быў мэтавы, зьвязаны, выдзелены менавіта на гэта. Атрымалася зэканоміць — выдатна. Але ніякага аўтаматызму ў разьмеркаваньні рэшты няма.

Калі цьвёрдая дамоўленасьць з Крамлём наконт таго, на што выдаткоўваць зэканомленае, тады яе выкананьне — рэч натуральная.

Хаця пра дамоўленасьць вядома толькі са словаў Лукашэнкі. Як і, скажам, летась, ізноў жа зь яго словаў, было вядома, што Пуцін абяцаў даць Беларусі 300 мільёнаў даляраў у якасьці кампэнсацыі за падатковы манэўр. І дзе тыя 300 мільёнаў?

А ці было тое абяцаньне Пуціна наагул? Як і абяцаньне пакінуць Беларусі зэканомленую рэшту ад крэдыту на АЭС.

І таму са словаў самога Лукашэнкі вынікае, што гутарка пра крэдыт была і ніякага пэўнага адказу ён не атрымаў. І «пісалі і вякалі» пра гэта, як высьвятляецца, нездарма.

Ці будуць датэрміновыя выбары?

Другі сюжэт, адзначаны такой жа двухсэнсоўнасьцю — пра датэрміновыя выбары пасьля прыняцьця Канстытуцыі.

«Ніякага трансфэру ўлады быць у Беларусі ня можа. Я ўжо сказаў: ніякія дзеці, ніякія ўнукі і праўнукі ня могуць пасьля прэзыдэнта Лукашэнкі прэтэндаваць на гэтую пасаду. Усё будзе паводле Канстытуцыі і закону. Канстытуцыю мы прымем, як я казаў, у студзені-лютым наступнага году. Вось і ўвесь трансфэр улады. Усе, нават вы ўчатырох (удзельнікі нарады) можаце ўдзельнічаць у гэтых выбарах пасьля Канстытуцыі — у парлямэнцкіх, і ў прэзыдэнцкіх».

Усё зразумела? Не, нічога не зразумела. Усе, у тым ліку і ўдзельнікі нарады, могуць узяць удзел у «гэтых выбарах пасьля Канстытуцыі». У якіх «гэтых»? Калі «гэтыя» выбары адбудуцца?

Можна зразумець, што неўзабаве пасьля прыняцьця Канстытуцыі. А можна і інакш зразумець. Што прэзыдэнцкія, скажам, выбары адбудуцца ў 2025 годзе. Не было ж сказана, што выбары будуць датэрміновыя, што адбудуцца яны, скажам, да канца 2022 году. Хтосьці можа так словы Лукашэнкі інтэрпрэтаваць. Але ён гэтага не сказаў.

Пра тэрміны рэфэрэндуму па Канстытуцыі сказаў, а пра тэрміны выбараў — не.

Гэтак і наконт уласнага ўдзелу альбо няўдзелу ён, па сутнасьці, нічога пэўнага не сказаў. Са шматгадовай практыкі вядома, што калі Лукашэнка ідзе на прэзыдэнцкія выбары, то ніякія іншыя прадстаўнікі ўлады на іх ня ідуць нават у выглядзе самых ляяльных спойлераў.

Шчодрую ці то прапанову, ці то дазвол сілавікам балятавацца на «гэтых выбарах пасьля Канстытуцыі» можна, зноў жа, зразумець так, што Лукашэнка на іх ня ідзе, таму могуць пайсьці яны.

А можна зразумець і зусім інакш, як банальную канстатацыю фармальнага права дарослага грамадзяніна Беларусі балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Ну так, усе змогуць балятавацца, і Галоўчанка, і Хрэнін, і Вальфовіч, і Воінаў. Дык і ў 2020 годзе маглі. Але чамусьці не было ахвоты.

Дык што Лукашэнка сказаў наконт гіпатэтычных датэрміновых выбараў і свайго гіпатэтычнага ў іх няўдзелу? А дакладна нічога.

Транзыт улады — гэта што?

Хаця не — сказаў. Што «ніякага трансфэру ўлады быць у Беларусі ня можа».

Можа ён проста не разумее сэнсу гэтага паняцьця. Насамрэч транзыт улады — гэта не перадача яе ў спадчыну, не прызначэньне пераемніка, гэта проста пераход улады да іншай асобы. Скажам, у ЗША сёлета адбыўся транзыт улады ад Трампа да Байдэна, насуперак вялікай нязгодзе першага.

Можа Лукашэнка прадэманстраваў непісьменнасьць, маўляў, транзыт — гэта перадача ўлады дзецям і яе ня будзе. А можа схітраваў, «косячы» пад неадукаванага селяніна, але агучыў свае сапраўдныя намеры, выдатна разумеючы сэнс паняцьця — ніякай перадачы ўлады іншай асобе ня будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG