Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З матываў палітычнай варожасьці». Жыхара Гомля асудзілі на 3,5 года зьняволеньня за спробу падпалу «Табакеркі»


Падсудны Вадзім Цыкуноў у гомельскім судзе. Фота з сайту «Гомельская вясна».
Падсудны Вадзім Цыкуноў у гомельскім судзе. Фота з сайту «Гомельская вясна».

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 3 сакавіка вынес прысуд Вадзіму Цыкунову. Яго абвінавацілі ў падпале «Табакеркі» з дапамогай «кактэйля Молатава».

Жыхара Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі на 3,5 года зьняволеньня за «злоснае хуліганства» (артыкул 339) і «незаконныя дзеяньні з прадметамі, зробленымі з выкарыстаньнем гаручых рэчываў» (артыкул 295-3).

Справа тычыцца падзей 25 кастрычніка ў Гомлі. Вадзім Цыкуноў кінуў бутэльку з гаручым рэчывам у бок «Табакеркі». Была нанесеная шкода ў памеры 26 рублёў. Абвінавачаньне трактуе ягоныя дзеяньні як «злачынства з матываў палітычнай варожасьці». Вадзім Цыкуноў сьцьвярджае, што ня меў аніякай варожасьці, не хацеў падпаліць «Табакерку». «Кактэйль Молатава» вырабіў і кінуў нападпітку ў пустэльным месцы, дзеля экспэрымэнту. У «Табакерку», кажа, пацэліў выпадкова.

Абвінавачаньне грунтавалася ў тым ліку на паказаньнях сьведак, якія сьцьвярджалі, што ў размовах зь імі пра палітыку Вадзім лічыў, што варта «радыкалізавацца». Іншы доказ віны жыхара Гомля — відэа, дзе ён прызнаецца ў наўмысным падпале «Табакеркі».

Падсудныя заявіў, што яго білі

На судзе абвінавачаны расказаў, што яго затрымалі 18 лістапада. Прывезьлі ў Цэнтральны РАУС, дзе загадалі разблякаваць тэлефон.

«Калі я адмовіўся, мяне супрацоўнік ударыў у вуха. Так, што ў крэсла зламаліся пярэднія ножкі. Мне пагражалі, што падвесяць на кайданках і будуць біць. Я прызнаўся, што кідаў бутэлькі. Потым, у ІЧУ, да мяне прыходзілі двое мужчын, якія сказалі, што, калі я не пагаджуся падпісаць паказаньні, мяне завязуць у СІЗА КДБ у Менск. Тады запісалі відэа з маім прызнаньнем», — казаў на судзе Цыкуноў.

Пасьля ізалятара ён зьвярнуўся да лекараў і зафіксаваў траўмы (зьнізіўся слых), зьвярнуўся ў міліцыю, каб вінаватых у траўме прыцягнулі да адказнасьці. У крымінальнай справе яму адмовілі.

Дзяржаўны абвінаваўца выказаўся ў спрэчках, што віна Цыкунова даказаная, і паўтарыў тэзу пра «палітычную варожасьць». Ён прасіў пакараць гамельчука пазбаўленьнем волі на чатыры з паловай гады.

Адвакатка настойвала, што ў дзеяньнях яе падабароннага няма аніякай «палітыкі», гэта было звычайнае хуліганства, зробленае нападпітку. Яна лічыць, што паказаньні на сьледзтве пра наўмысны падпал «Табакеркі» падабаронны даў пад псыхалягічным і фізычным ціскам.

«Каб ён сапраўды наўмысна хацеў падпаліць „Табакерку“, то можна было падысьці ў цемры і падпаліць. А так — нецьвярозага чалавека наведала такая ідэя. Пакараньне, якога просіць абвінавачаньне, занадта суровае. Мой падабаронны не судзімы раней, мае малалетняе дзіця, і жыцьцё яго было выключна станоўчае», — казала абаронца і прасіла даць Цыкунову «хімію».

Абвінавачаны ў апошнім слове зазначыў, што не дамагаўся палітычных мэтаў. «Мне пагражалі ў ІЧУ, што на мяне „павесяць“ усе падпалы „Табакерак“ у горадзе. Паказаньні ад мяне яны атрымалі пад псыхалягічным і фізычным ціскам. Мяне пабілі ў міліцыі. Гэтыя дзеяньні — нікому не патрэбны экспэрымэнт. Я прашу прабачэньня ў сваіх бацькоў, жонкі, дачкі. Прашу не пазбаўляць мяне свабоды», — казаў жыхар Гомля.

2 прыватныя пастановы судзьдзі па справе

Судзьдзя Яўген Шарсьнёў у сувязі з парушэньнямі крымінальна-працэсуальнага кодэксу з боку міліцыі і сьледчых вынес дзьве прыватныя пастановы па справе.

Судзьдзя палічыў, што органамі папярэдняга расьсьледаваньня і дазнаньня былі дапушчаны грубыя парушэньні Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, якія пацягнулі прызнаньне судом частку доказаў недапушчальнымі.

Калі Цыкуноў быў затрыманы і сядзеў у ізалятары (з 18 па 21 лістапада), да яго прыходзіў апэратыўны супрацоўнік. Ён праводзіў «апэратыўнае апытаньне». Разам з тым, падазраваны ў злачынстве мае права на абаронцу. Але апэратыўны супрацоўнік Карнавушанка (Цэнтральны РАУС) не патлумачыў Цыкунову яго правы, і яго права на абарону было парушана.
«Пры гэтым што матэрыялы, атрыманыя ў ходзе апэратыўна-пошукавай дзейнасьці, могуць быць доказамі пры ўмове, што яны атрыманыя ў адпаведнасьці з законам. Таму дадзеныя доказы суд прызнаў недапушчальнымі», – зазначыў судзьдзя.

Ён спыніўся і на вобшуках, прынамсі, у сьведкі Жыляніна. Вобшук праводзіўся не па адрасе, які быў указаны ў пастанове, гэта парушэньне заканадаўства. Судзьдзя пастанавіў данесьці да ведама начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму пра дапушчаныя супрацоўнікам Карнавушанка парушэньні.

Яшчэ адна прыватная пастанова судзьдзі – на адрас сьледзтва. Судзьдзя вырашыў, што сьледчыя дапусьцілі шматлікія парушэньні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Пры перадачы справы ў суд сьледчыя прыклалі даведку – каго трэба выклікаць на паседжаньні сьведкамі. Сярод іх была нейкая Сіманава. На судзе высьветлілася, што выклікаць мусяць сьведку Сівакова. Таксама высьветлілася, што сьледчы не даваў пісьмовага даручэньня на правядзеньне вобшуку і даў няпоўныя зьвесткі пра рэчавыя доказы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG