Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Ўладзімера Жылкі і Юдаля Пэна


Юдэль Пэн
Юдэль Пэн

Падзеі 1 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1896Антуан Анры Бэкерэль адкрыў радыяактыўнасьць.

1918 — аднавіўся выхад газэты «Дзянніца» — першай савецкай газэты на беларускай мове.

2002 — пачалася апэрацыя «Анаконда»: войскі ЗША супрацьстаялі тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» ў Аўганістане.

2005 — у Беларусі пачаўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1810Фрыдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

1917Фёдар Шмакаў, беларускі актор і рэжысэр.

1929Еўдакія Лось, беларуская паэтка.

Помнік Еўдакіі Лось у Віцебску
Помнік Еўдакіі Лось у Віцебску

1936Лідзія Савік, беларуская літаратуразнаўца.

У памяці

1933 — ад сухотаў у ссылцы ў Кіраўскай вобласьці ў Расеі памёр беларускі паэт Уладзімер Жылка.

Уладзімер Жылка
Уладзімер Жылка

За тое, што «не набліжаецца да пралетарскай літаратуры», Жылку выключылі з аб’яднаньня «Маладняк».

Паэт зь неймаверна высокім майстэрствам радка, які абсалютна вольна пачуваўся ўва ўсіх клясычных формах — ад пэнтамэтру да вэрлібру, інтэлектуал, перакладчык Адама Міцкевіча, Шарля Бадлера і Гэнрыка Ібсэна, ён мусіў зарабляць на хлеб, рэдагуючы траскучыя вершыкі-аднадзёнкі ў рэдакцыі газэты «Зьвязда», але й там зрабіўся непажаданым «элемэнтам».

Арышт у 1930-м у справе Саюзу вызваленьня Беларусі,* высылка ў расейскі Ўржум і абвастрэньне сухотаў зрабілі запаветную думку, выказаную ў апошніх радках ягонай знакамітай паэмы «Тастамэнт», нязбытнаю марай:

На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.

Ці здолеюць нашчадкі выканаць запавет?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды»
, 4-е выданьне, 2020, с. 138-139


1937 — памёр мастак Юдаль Пэн, настаўнік Марка Шагала.

У дзяцінстве мастака часта білі: артадаксальныя юдэі — за тое, што маляваў людзей, а мясцовыя расейскія стараверы — за тое, што «жыд пархаты», а пнецца ў мастакі. Але ахвоты ствараць свой сьвет (потым мастацтвазнаўцы назавуць яго наіўна-прыземленым і разам з тым неймаверна энэргетычным і гіпнатычным) ні тыя, ні другія не адбілі.

Юдаль скончыў пецярбурскую Акадэмію мастацтваў, а з 1898 году выбраў для жыцьця і творчасьці Віцебск і адкрыў там прыватную Школу маляваньня і жывапісу — першую ў Расейскай імпэрыі габрэйскую мастацкую вучэльню, чыя гісторыя налічвае два дзесяцігодзьдзі.

Выхаванцамі Пэна былі Восіп Цадкін, Лазар Лісіцкі, Яфім Мінін, Леў Лейтман, Аскар Мешчанінаў, Давід Якерсон, Саламон Юдовін...

Якраз на аснове той школы была з ініцыятывы губэрнскага ўпаўнаважанага ў справах мастацтваў Марка Шагала ўтвораная славутая Віцебская народная мастацкая вучэльня, выкладаць у якой удзячны вучань запрасіў «шаноўнага майстра Пэна».

Шагал захоўваў удзячнасьць настаўніку ўсё жыцьцё і ў лістах з Парыжу ніколі не забываўся запытацца: «Я очень интересуюсь знать, как Ваше драгоценное здоровье». Ён прасіў Пэна напісаць кнігу-аўтабіяграфію, якую абяцаў выдаць у Эўропе.

Тым часам Юдаль атрымаў у савецкай Беларусі званьне заслужанага габрэйскага мастака. Гэта нібыта сьведчыла аб прызнаньні, але яму так і не далі новай майстэрні, пакінуўшы пакутаваць у трох старых, змрочных пакоях, дзе ад марозу нямелі рукі. Пэн, як заўсёды далёкі ад патрабаваньняў Пэн, як заўсёды далёкі ад патрабаваньняў сацрэалізму, па-ранейшаму маляваў сваіх краўцоў, пекараў, гадзіншчыкаў, а часам і талмудыстаў. І — у восемдзесят гадоў — юных аголеных прыгажуняў, што проста дыхалі эратычнай пачуцьцёвасьцю. З адной зь іх яшчэ поўны сілаў мастак цалкам паважна зьбіраўся ўзяць шлюб.

Сваякі сьцьвярджалі: дзядзька Юдаль мог бы дажыць да ста гадоў. Аднак у першую вясновую ноч 1937‑га да дзьвярэй мастака падышоў чалавек зь сякерай.

Паводле адной з вэрсіяў, прычынай жахлівага забойства маглі быць сувязі з Шагалам і намер Пэна зьехаць за мяжу. Менскага сьледчага, які нібыта пачаў дакопвацца да праўды, неўзабаве знайшлі забітым з уласнага пісталета.

Уладзімер Арлоў, «​Імёны Свабоды»
, 4-е выданьне, 2020, с. 144-145


1960 — памёр Віктар Шутовіч, беларускі каталіцкі сьвятар, публіцыст.

2014 — памёр Леанід Левін, беларускі архітэктар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG