Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчын, затрыманых за акцыю ў электрычцы, на Акрэсьціна трымалі ў перапоўненай камэры і без матрацаў

абноўлена

Міліцыянты далі зразумець затрыманым, што праводзілі «спэцапэрацыю»: у іх групу «ўкаранілі» свайго супрацоўніка. Суды чакаюцца 1 сакавіка.

Жанчын, якія былі затрыманыя за арганізацыю ў электрычцы маладзечанскага напрамку акцыі ў падтрымку беларускай мовы, пачалі выпускаць з ізалятара часовага ўтрыманьня ў 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на валянтэрскі тэлеграм-канал «Сьпісы затрыманых».

Пакуль невядома, ці адбыўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў.

26 лютага некалькі жанчын пэнсійнага ўзросту былі затрыманыя падчас чытаньня кніг беларускіх пісьменьнікаў у электрацягніку, які накіроўваўся ў Менск. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», у міліцыю было дастаўлена прынамсі 16 чалавек.

Сілавікі запісалі жанчын на відэа і, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», міліцыянты далі зразумець жанчынам, што сярод іх быў падстаўны «ўкаранёны» чалавек. Людзі ў цывільным чакалі моманту для затрыманьня ў суседнім вагоне электрычкі.

Суд над жанчынамі адбудзецца 1 сакавіка. Умовы іх утрыманьня на Акрэсьціна былі жахлівымі: у камэру на 6 месцаў завялі 14 чалавек. Матрацаў не было. Аднак затрыманыя сьпявалі песьні і падтрымлівалі маладых сукамэрнікаў, якія адбываюць суткі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG