Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Кангрэсу ЗША: прэзыдэнт Байдэн хоча бачыць Беларусь і Ўкраіну чальцамі ЭЗ


Марсі Каптур
Марсі Каптур

Кіраўніца ўкраінскай групы ў Кангрэсе ЗША лічыць, што абмежавальныя меры ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі могуць быць уведзеныя і супраць расейцаў. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн надае прыярытэт пытаньням абароны дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і мае намер спрыяць у будучыні інтэграцыі Беларусі і Ўкраіны ў эўрапейскія структуры.

Гэта падкрэсьліла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Марсі Каптур, дэмакратка ад Агаё, выступаючы падчас відэаканфэрэнцыі, арганізаванай грамадзкай арганізацыяй «Кааліцыя Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы» (Central and Eastern Europe Coalition, CEEC).

Канфэрэнцыя была прысьвечаная магчымасьцям пераходу Беларусі ад дыктатуры да дэмакратыі і крокам, якія ЗША маглі б зрабіць для гэтага.

«Я цалкам перакананая ў тым, што прэзыдэнт Джо Байдэн ня мае патрэбы ні ў якіх дадатковых ведах пра тое, што павінна быць зроблена ў Цэнтральнай Эўропе. Ён цалкам адданы ўмацаваньню трансатлянтычнага саюзьніцтва і далучэньню такіх дзяржаў, як Беларусь і Ўкраіна, да Эўразьвязу» — заявіла Каптур, якая даўно займаецца праблемамі посткамуністычнай Эўропы і ўзначальвае Ўкраінскі кокус (украінскую групу) у Кангрэсе.

Марсі Каптур паведаміла, што занепакоенасьць у Вашынгтоне з нагоды таго, што адбываецца ў Беларусі і дзеяньняў Лукашэнкі па падаўленьні масавых выступаў не зьнікае:

«Я па-ранейшаму глыбока заклапочана сытуацыяй у Беларусі, дзе дэмакратычны рух сутыкаецца з жорсткім яго падаўленьнем з моманту нелегітымных выбараў 9 жніўня летась. Нягледзячы на ўсё, удзельнікі мірнага пратэсту адказалі на заклік свабоды, адважна працягваючы пратэставаць нават падчас моцных маразоў. Як вы ведаеце, яны сутыкнуліся з грубымі і жахлівымі парушэньнямі правоў чалавека, якія робяцца рукамі лукашэнкаўскіх галаварэзаў. Гэта ўключала ў сябе адвольныя затрыманьні, катаваньні, згвалтаваньні і празьмернае ўжываньне сілы. Паводле дадзеных грамадзянскай супольнасьці Беларусі, 30 тысяч былі затрыманыя, восем чалавек забітыя».

«Мяне асабліва натхніла тая роля, якую адыгралі жанчыны ў арганізацыі мірных пратэстаў па ўсёй краіне, уключаючы лідэрскую ролю Святланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і многіх іншых» — падкрэсьліла палітык з Агаё.

Марсі Каптур таксама зьвярнула ўвагу на ролю Расеі ў беларускіх падзеях:

«Замест таго, каб адрэагаваць на заклікі да большай свабоды, Лукашэнка зьвярнуўся да расейскага дыктатара Ўладзіміра Пуціна, каб атрымаць ад яго гарантыі па крэдытах, а таксама дапамогу яго прапагандыстаў і спэцслужбаў. Толькі на гэтым тыдні Лукашэнка пазіраваў і абменьваўся поціскамі рук з Пуціным. ЗША павінны пашырыць санкцыі на тых, хто займаецца ў Беларусі злачыннай дзейнасьцю, у тым ліку на супрацоўнікаў спэцслужбаў і МУС, а таксама на ўцягнутых у гэта людзей з Расеі».

«Кангрэс ЗША рашуча падтрымлівае імкненьне беларускага народу самастойна выбіраць сваю будучыню і палітычную сыстэму, якую яны самі створаць і ўзначаляць» — сказала Марсі Каптур.

Па словах кіраўніцы Ўкраінскага кокусу ў Кангрэсе, Джулі Фішэр, прызначаная яшчэ адміністрацыяй Трампа амбасадарам ЗША ў Беларусі, цалкам гатовая супрацоўнічаць з Кангрэсам у пытаньнях адносінаў зь Менскам. Каптур таксама падкрэсьліла важнасьць прынятага нядаўна ў новай рэдакцыі «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», які, акрамя іншага, прадугледжвае выдаткаваньне значных сродкаў на дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, а таксама на беларускія праграмы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Марсі Каптур таксама пракамэнтавала інфармацыю аб тым, што адміністрацыя Джо Байдэна можа стварыць пасаду адмысловага прадстаўніка па Беларусі, аналягічную таму, як у мінулай адміністрацыі існаваў адмысловы прадстаўнік па Ўкраіне (гэтую пасаду займаў Курт Волкер).

«Прызначэньне адмысловага прадстаўніка ЗША па Беларусі, калі гэта адбудзецца, не павінна замяніць сабой увядзеньне санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму, — заявіла Каптур. — Тыя ж мэты і ў мяне, і я ня бачу, што адмысловы прадстаўнік ЗША па Беларусі, калі такі зьявіцца, заменіць санкцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG