Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі двое новых палітвязьняў — агулам такіх ужо 251 чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы прызналі Марыю Сафонаву і Андрэя Сысуна палітычнымі зьняволенымі. Іх пакаралі за надпісы «Жыве Беларусь!», «Лука, сыходзь!» і «3%».

Абаіх суды прызналі вінаватымі па артыкуле 341 Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці», піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Марыю Сафонаву прызналі вінаватай у тым, што яна 7 кастрычніка нанесла фарбай на дзьверы тэхнічнага памяшканьня па вуліцы Балтыйскай у Менску, а таксама на сьметніцы ў двары дамоў, ходнікі і асьвятляльныя мачты надпісы «Жыве Беларусь» і выявы ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга, што «пацягнула за сабой маёмасную шкоду шэрагу прадпрыемстваў». Ёй прызначылі 2 месяцы арышту.

Андрэй Сысун пастановай суду Вялейскага раёну атрымаў 3 месяцы арышту за надпісы на дзьвярах пад’езду, ходніках, лесьвічнай пляцоўцы і электрычных шчытках «Жыве Беларусь», «Лука, сыходзь!» і «3%», што «пацягнула за сабой маёмасную шкоду ў памеры 167 рублёў».

«Зьмест надпісаў нельга кваліфікаваць як „апаганьваньне збудаваньняў надпісамі цынічнага зьместу“. Мы лічым, што дадзеная форма выказваньня думкі падпадае пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачаньнямі», — гаворыцца ў заяве праваабарончай супольнасьці.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна і безумоўна вызваліць з-пад варты Марыю Сафонаву і Андрэя Сысуна, спыніць крымінальны перасьлед, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Заяву падпісалі

  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • «Прававая ініцыятыва»;
  • Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
  • Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
  • Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
  • «Беларускі Хэльсынскі камітэт»;
  • Беларускі ПЭН-цэнтар;
  • Кансультацыйны цэнтар у актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве «Х'юман канстанта»;
  • Iніцыятыўная група «ідэнтычнасьць і права».

Напярэдадні праваабаронцы стварылі табліцу зь пералікам усіх палітвязьняў і магчымасьцю сартаваньня сьпісу. Агулам у краіне на дадзены момант ужо 251 зьняволены з палітычных матываў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG