Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Парады дысыдэнта Міхася Кукабакі, які правёў у лягерах 17 гадоў


Міхась Кукабака. Архіўнае фота
Міхась Кукабака. Архіўнае фота

Беларусаў ужо паўгода штарміць на хвалях настрою — ад аптымізму да роспачы, ад гарачай веры ў перамогу да апатыі. Як жа ня падаць духам у чаканьні пераменаў? Як выстаяць тым, хто ўжо за кратамі за свае перакананьні? Спыталі пра гэта ў вядомага савецкага дысыдэнта, беларуса Міхася Кукабакі, якому пасьля вызваленьня ў 1988 годзе давялося застацца ў Маскве. За свае перакананьні ён адседзеў у «псыхушках» і лягерах каля 17 год. Але ўрэшце ўбачыў перамены, да якіх не спадзяваўся дажыць.

Хто такі Міхась Кукабака. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў 1936 годзе ў Бабруйску, гадаваўся сіратой, жыў у розных савецкіх рэспубліках.
  • Стаў вядомы як праваабаронца, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970–1980-я распаўсюджваліся ў СССР праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі.
  • Актыўны змагар з камуністычным рэжымам. Меў чатыры палітычныя судзімасьці і каля 17 гадоў зьняволеньня ў турмах, лягерах і псыхбальніцах.
  • Апошні палітычны вязень у пермскіх лягерах, яго вызвалілі ў сьнежні 1988 года ў сувязі з «гарбачоўскай амністыяй палітвязьняў».
  • Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваньнях у 1991 годзе.
  • Вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасьць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Зьехаў у Маскву, дзе жыве і цяпер.

Верыць у сваю рацыю і ўносіць пасільны ўклад

— Міхась Ігнатавіч, у адным інтэрвію вы казалі, што нават падумаць не маглі, што пры жыцьці ўбачыце тое, дзеля чаго змагаліся: распад СССР, незалежную Беларусь, свабоду слова і г. д. Што ж давала вам сілы перажываць выпрабаваньні, калі не было надзеі ўбачыць вынікі пры жыцьці?

— Перш за ўсё выжываць дапамагала абсалютная ўпэўненасьць у сваёй рацыі. І потым, разумны чалавек, перш чым дзейнічаць, заўсёды пралічвае наступствы. І ён павінен браць на сябе тую ношу, якую зможа вытрымаць. Таму што, калі ня вытрымаеш, гэта прывядзе да паразы і капітуляцыі, а значыць, да адчаю і душэўнага заняпаду. Альбо яшчэ горш — да здрады і згодніцтва з тымі, каго лічыш сваімі ворагамі. Гэта катастрофа для асобы. Такіх людзей я назіраў. Таму так важна вызначыць, колькі ты здольны вытрымаць.

Памятаю, у 1968 годзе ў ваенкамаце я заявіў: «Калі мяне пашлюць у Чэхаславаччыну, я павярну аўтамат супраць акупантаў». На дадатак вырашыў яшчэ напісаць пра гэтую сытуацыю ліст у заходнія СМІ. Але перш купіў Крымінальны кодэкс паглядзець, што мне за гэта будзе. Тады за такое можна было атрымаць да 7 гадоў. Але ж не расстрэльны артыкул, вырашыў я, і напісаў.

Плякат зь пікету на Краснай плошчы, 1968 год
Плякат зь пікету на Краснай плошчы, 1968 год

Гісторыя паступова рухаецца да прагрэсу. Колькі на гэтым шляху было ахвяр, пакуль нешта паляпшалася паміж грамадзтвам і ўладай! Таму не зусім рацыянальна думаць, што калі я сёньня нешта зраблю, дык адразу будзе вынік. Напэўна, гэта няправільная ўстаноўка.

Калі я сядзеў пад сьледзтвам у Бабруйскай турме, ляяльны да мяне дзяжурны памочнік начальніка турмы неяк зайшоў на праверцы ў камэру і спытаў: «Як думаеш, ці можа зьмяніцца сытуацыя ў краіне? Як тады, у 1917 годзе...»

Я адказаў, што гэта непрадказальна, бо сытуацыя зусім іншая. Дыктатура ніколі проста так не саступала свае пазыцыі. І нават сьмерць дыктатара не заўсёды прыносіла хуткі, адчувальны вынік.

Пра сябе я часам разважаў: вось знайшоўся б той, хто б ліквідаваў Брэжнева, і ўсё б магло зьмяніцца. Але пасьля сьмерці Брэжнева памерлі яшчэ два генэральныя сакратары, перш чым Гарбачоў змог зьмяніць ход гісторыі. І ніхто ня мог гэтага прадказаць. На першы погляд, ён быў роўны сярод роўных у той сыстэме. Хто мог ведаць, што ў яго такія ідэі?

Дык вось і сёньня я лічу, што сытуацыя ў Беларусі непрадказальная, у кароткатэрміновай пэрспэктыве. І калі рэзюмаваць, магу параіць наступнае: трэба зразумець, што ня ўсё так хутка робіцца, набрацца цярпеньня і ўносіць уклад у перамогу па сваіх магчымасьцях. Трэба змагацца, ня варта ўпадаць ні ў паніку, ні ў залішнюю эўфарыю. Што Беларусь будзе незалежнай і дэмакратычнай дзяржавай, у мяне сёньня няма сумневаў.

Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі. 21 жніўня 1981
Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі. 21 жніўня 1981

— А як вы спраўляліся з адчаем у турмах і вар’ятнях?

— Мая біяграфія выглядае так, быццам я шмат пакутаваў. Але справа ў тым, што ў мяне ніколі не было адчаю. Таму што я быў зацыклены на барацьбу і супраціў да апошняга і верыў у свае перакананьні. Калі пры Гарбачову дысыдэнтаў пачалі выпускаць з-за кратаў, мяне «апрацоўвалі» і ўгаворвалі напісаць радок тыпу «прашу вызваліць». Я адказваў пытаньнем: «Хіба я прасіў, каб мяне пасадзілі?». Таму і сядзеў даўжэй за іншых. Але такая была мая пазыцыя.

Адчаю не было, таму што разумеў: бессэнсоўна марыць аб хуткім посьпеху ў барацьбе з гэтым монстрам. Трэба супраціўляцца, але не разьлічваць, што заўтра будзе вынік, варта толькі абвясьціць галадоўку ці нешта падобнае. Таму я ніколі рэальных галадовак не абвяшчаў. Навошта дапамагаць ім падрываць уласнае здароўе? Самагубства як акт барацьбы я таксама не прадугледжваў. Я зь вялікай павагай стаўлюся да тых, хто наважваецца на такія адчайныя крокі, але не ўхваляю іх.

За ўвесь час зьняволеньня было толькі пару выпадкаў, калі я быў гатовы на радыкальныя ўчынкі. Напрыклад, калі ў Ялецкай турме мяне спрабавалі перавесьці ў «прэс-хату», дзе праз пабоі, згвалтаваньні чалавека зьнішчалі як асобу, прымушаючы пісаць пакаянныя лісты або выступаць па радыё з асуджэньнем сваіх поглядаў, дыскрэдытуючы і сябе, і іншых.

Я тады выразна заявіў, што зраблю супраціў наглядчыкам. А гэта азначала, што мяне проста забілі б на месцы. І ўсё было б законна — «пры спробе супраціву». Але я тады выйграў — празь зьбег абставін. Перад гэтым у мяне было кароткатэрміновае спатканьне з актывісткай, якая бачыла мяне здаровым, і мой тэрмін сканчаўся. КДБ быў перад дылемай: вынесьці мяне «наперад нагамі» ці саступіць? І гэбісты адмовіліся ад ідэі заштурхаць мяне ў «прэс-хату». Але ў выніку за два дні да заканчэньня майго тэрміну ў камэру прыйшоў пракурор і абвясьціў аб новай справе. І мяне зноў асудзілі. Так было тры разы запар.

Міхась Кукабака разам з паэткай Антанінай Хатэнкай і паэтам Алегам Бембелем. Фота Ўладзімера Сапагова.
Міхась Кукабака разам з паэткай Антанінай Хатэнкай і паэтам Алегам Бембелем. Фота Ўладзімера Сапагова.

— Вы ж шмат часу правялі ў крымінальных лягерах. Як вы там сябе ставілі, каб выжыць?

— Я стараўся не прымаць «паняцьці» крымінальнікаў, трымаўся ад іх далей. Праз гэта часам бывалі канфлікты, але мне ўсё сыходзіла з рук. З аднаго боку, мяне часта каралі зь любой нагоды і без — саджалі ў штрафны ізалятар, ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Зь іншага боку, я ніколі не адмаўляў у дапамозе скласьці некаму скаргу або ліст, даць параду па справе. У лягеры я выключаў нецэнзурныя выразы, не курыў, адмаўляўся ад «траўкі», калі прапаноўвалі (тады наркотыкі таксама хадзілі ў «зоне»). Я гэта рабіў, каб лішні раз паказаць адміністрацыі і сулягернікам, што я чалавек іншага статусу — не крымінальнік, а палітвязень, сяджу за свае перакананьні, вашы «паняцьці» мне ня ўказ. Я ўсюды паводзіў сябе аднолькава.

Калесьнікава «ўсё робіць правільна»

— У вашым фэйсбуку ёсьць пост пра Марыю Калесьнікаву, дзе вы называеце яе прыкладам за сьмелы ўчынак з парваным пашпартам, годныя паводзіны за кратамі, дзе яна ўжо больш за 5 месяцаў і незразумела, калі выйдзе. Якія парады вы б ёй далі, каб выстаяць?

— Мне здаецца, Марыя Калесьнікава ня мае патрэбы ў маіх парадах. Яна ўсё робіць правільна. Я думаю, на аснове вопыту іншых людзей яна разумела, што можа трапіць у турму, і сьвядома ішла на гэты крок. Я захапляюся яе адвагай! Дай Божа вытрымаць.

Магу толькі параіць трымаць фізычную форму. Сіла духу, рашучасьць — важны аспэкт. Але ня менш значна быць моцным фізычна. Гэта дапамагае мабілізаваць свой душэўны стан. Таму нават у штрафным ізалятары я падцягваўся, адціскаўся, рабіў прысяданьні. Хоць пасьля 30 сутак галоднай пайкі ў ШЫЗА і гэтых заняткаў парушалася каардынацыя, на выхадзе мяне хістала, і лекары вымушаныя былі прызначаць мэдыкамэнты ад бялковага галаданьня (сьмерць чалавека, за лёсам якога ў сьвеце пільна сачылі, КДБ была нявыгадная).

Кукабака называе Калесьнікаву прыкладам адвагі і трываласьці
Кукабака называе Калесьнікаву прыкладам адвагі і трываласьці

То бок трэба паводзіць сябе цьвёрда, з годнасьцю, але ветліва, не ўступаць у лішнія канфлікты з адміністрацыяй, бо ў іх сіла і яны могуць яе ўжыць.

Радасьць была, калі перамаглі жнівеньскі путч у 1991 г.

— Вы памятаеце момант, калі ўбачылі, што вашыя мары і ўяўленьні аб краіне спраўджваюцца? Памятаеце свой градус шчасьця?

— Нечага імгненнага не было, усё ішло паступова. Апошнія тры гады я сядзеў у палітзоне, мы выпісвалі газэты і часопісы, зь якіх адчувалася, што сытуацыя мяняецца.

Памятаю, я нават выйграў пачак гарбаты ў гэбіста. На зону прыйшоў часопіс, можа, «Книжное обозрение», дзе ставілася пытаньне аб тым, што ўжо час надрукаваць кнігу «Архіпэляг ГУЛАГ». Я гэта прачытаў. Сустракаю на лягерным двары куратара КДБ і кажу: «Ведаеце, хутка „Архіпэляг ГУЛАГ“ надрукуюць!». Ён адмахнуўся: «Глупства!». Я прапанаваў паспрачацца на гарбату. Ён неахвотна пагадзіўся і спытаў: «Як дакажаш?». Празь пяць хвілін я прынёс яму той часопіс.

Генсакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў і акадэмік Андрэй Сахараў ў студзені 1988 года. Празь 10 месяцаў Міхася Кукабаку выпусьцяць зь лягеру
Генсакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў і акадэмік Андрэй Сахараў ў студзені 1988 года. Празь 10 месяцаў Міхася Кукабаку выпусьцяць зь лягеру

Тады многія сядзельцы абураліся — маўляў, калі б была рэальная перабудова, нас бы ўжо вызвалілі. Я прапанаваў аднаму вядомаму дысыдэнту, Сьцяпану Хмару з Украіны, правесьці разумовы экспэрымэнт.

«Вось ты на месцы Гарбачова. Як бы ты сябе павёў?» — спытаўся ў яго.

Ён кажа: «Я б адразу сказаў, што камуністычны экспэрымэнт праваліўся, абвяшчаем свабодны рынак, свабоду слова...»

Я яго перапыніў: «Ты б не пасьпеў дагаварыць фразу, як цябе б на гэтым жа зьезьдзе схапілі і ў вар’ятню адправілі. Таму што гэта цалкам супярэчыць перакананьням тых, хто выбраў Гарбачова на пасаду. Ня ўсё адразу. Пройдзе час — і нас вызваляць, не хвалюйся».

— А дзень вызваленьня ня выклікаў у вас дзікай радасьці?

— Гэта быў самы непрыемны момант. Я быў зацыклены, што ні пры якіх абставінах не пайду на саступкі. А тут мяне раптам здымаюць з даху, дзе я чысьціў сьнег, зьбіраюць таемна ад астатніх, як на этап, і пазьней атрымліваю даведку, што я «памілаваны». Мяне гэта абурыла да глыбіні душы. Я ўсё жыцьцё супраціўляўся — і раптам памілаваны без маёй згоды. Так што, акрамя абурэньня і злосьці, нічога не было.

Радасьць была 19 жніўня 1991 году, калі агульнымі намаганьнямі перамаглі путч. Тады я трое сутак начаваў каля «Белага дома» ў Маскве з бутэлькай бэнзіну за поясам: сурʼёзна рыхтаваўся аказваць супраціў, калі спатрэбіцца. Пазьней, 22 жніўня, назіраў, як на Лубянскай плошчы на маіх вачах кранам фірмы «Круп» зрынулі з пастамэнта статую Дзяржынскага. Тады быў сапраўды прыўзьняты, ажыятажны настрой. Вокны на «Лубянцы» (будынак органаў дзяржбясьпекі) былі цёмныя. Шкада, што не разагналі тады гэтае асінае гняздо. Але што ж зробіш. Славалюбства тагачасных лідэраў прывяло да паўраспаду, але ня поўнага распаду імпэрыі.

Барыс Ельцын выступае на мітынгу ў падтрымку дэмакратыі ў Маскве. 20 жніўня 1991 года
Барыс Ельцын выступае на мітынгу ў падтрымку дэмакратыі ў Маскве. 20 жніўня 1991 года

Коратка пра Лукашэнку, Ціханоўскую і Пуціна

— Раней я лічыў, што дзеля дзяржаўнасьці, незалежнасьці Беларусі апазыцыі трэба дамаўляцца з Лукашэнкам, які хоць і разглядаў краіну як сваю ўласнасьць, але ўсё ж стаяў за яе незалежнасьць. Таму што асобы прыходзяць і сыходзяць, абмежаваныя жыцьцёвым тэрмінам, а дзяржава вылічаецца сотнямі гадоў. І калі яе страціць, гэта можа быць надоўга. Але пасьля выбараў 2020 году для мяне Лукашэнка перастаў існаваць як нармальны чалавек і прэзыдэнт. Ён цалкам дыскрэдытаваў сябе перад народам, абразіў усю нацыю, вырашыўшы, што гэта дурныя дзеці, якіх можна абдурыць 80% на выбарах. Ён праявіў сябе як поўны маральны банкрут.

Міхась Кукабака ў студыі Радыё Свабода. 2016 год
Міхась Кукабака ў студыі Радыё Свабода. 2016 год

Цяпер Лукашэнка ў паніцы. Калі ён, выступаючы на УНС, заявіў, што сыдзе, калі ніводзін волас не ўпадзе з галавы яго прыхільнікаў, гэта ня што іншае, як праява баязьлівасьці. Прыкрываючыся клопатам пра іншых, перш за ўсё ён клапоціцца аб сваёй скуры, хоць кажа, што нікога не баіцца. Але за ім пакуль сілавыя структуры. У любым грамадзтве, нават дэмакратычным, заўсёды можна набраць пэўную колькасьць нягоднікаў, якія будуць падтрымліваць дзеяча, схільнага да дыктатуры. Але ў дэмакратычнай краіне ёсьць процівага, а пры дыктатуры няма. Таму пытаньне рэфармаваньня сыстэмы і ў Беларусі, і ў Расеі пакуль складана прадказаць.

Я шчыра радуюся за Сьвятлану Ціханоўскую. Прызнацца, не чакаў, што яна так хутка набярэ вопыт і стане сапраўдным палітыкам і рэальным лідэрам. Яна заслугоўвае стаць прэзыдэнтам Беларусі. Дай Божа ёй удачы! Мне толькі не спадабалася, што яна выказала жаданьне весьці перамовы з Пуціным. Яна проста не разабралася ў сутнасьці гэтага дыктатара. Яго мэта — паглынуць Беларусь, таму што ён апантаны ідэяй аднаўленьня імпэрыі. Таму зь ім размаўляць няма пра што. Хіба што ў якасьці афіцыйнага прэзыдэнта абмяркоўваць нейкія ўзаемавыгадныя, чыста эканамічныя праблемы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG