Прысуд вынесла судзьдзя Марына Запасьнік, якая раней выносіла прысуды ў рэзанансных палітычных справах. Дзяржабвінавачаньне падтрымаў пракурор Аляксандар Рамановіч, піша «Вясна».
Уладзіслава Зяневіча абвінавацілі ў тым, што 1 лістапада ён удзельнічаў у «групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак». Сьледзтва напісала ў матэрыялах справы, што Зяневіч «браў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выкрыкваў лёзунгі, узьнімаў рукі, знаходзіўся ў першых шэрагах, выходзіў на праезную частку». Пры гэтым, паводле міліцыянтаў, не рэагаваў на патрабаваньні спыніць «супрацьпраўныя дзеяньні», і гэта пацягнула за сабой парушэньне работы грамадзкага транспарту.
Абвінавачаньне палічыла, што віна палітвязьня даказаная сьведчаньнямі самога абвінавачанага, а таксама сьведак. Уладзіслаў Зяневіч віны не прызнаў.
Падчас сьледзтва Зяневіч расказаў, што ўбачыў натоўп, які рухаўся ў бок станцыі мэтро «Ўсход» па ходніках і аўтамабільнай дарозе. Яго ж затрымалі каля парку Чалюскінцаў, калі ён вяртаўся дадому. У далейшым палітвязень адмовіўся даваць паказаньні, карыстаючыся правам ня сьведчыць супраць сябе. Адмовіўся ён і ад апошняга слова.
Пасьля затрыманьня 1 лістапада Зяневіча моцна пабілі, а ў судзе далі штраф 810 рублёў, у кватэры правялі ператрус. 30 лістапада ўдзельніка антыфашысцкага руху затрымалі ўжо ў крымінальнай справе. Пісьмовымі матэрыяламі сталі зьвесткі з тэлефона абвінавачанага і пратаколы агляду.
«Менсктранс» прасіў спагнаць з Зяневіча маёмасную шкоду ў памеры 10 тысяч 689 рублёў 76 капеек, а таксама дзяржаўнае мыта за пазоў. Палітвязень прэтэнзіі не прызнаў.
Судзьдзя цалкам пагадзілася з просьбай пракурора аб 3 гадах «хіміі», а пазоў «Менсктрансу» выдзелілі ў асобную справу.
Адвакат Зяневіча ўпэўнены, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць доказы віны яго падабароннага. Па яго словах, Уладзіслаў ня мог знаходзіцца ва ўказаным сьледзтвам месцы: згодна з пратаколам затрыманьня ў адміністрацыйнай справе, у гэты час 1 лістапада яго ўжо затрымалі. Абвінавачаньне грунтавалася на двух відэазапісах, на якіх Зяневіча не знайшлі.