Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку «Страны для жизни» пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі». Над яе апошнім словам у судзе плакалі


Вольга Паўлава, архіўнае фота
Вольга Паўлава, архіўнае фота

Палітзьняволеную Вольгу Паўлаву, актывістку «Страны для жизни» і сябру ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, пакаралі 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — так званай «хатняй хіміяй». Такога пакараньня прасіў пракурор.

Прысуд вынесла судзьдзя суду Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік. Вольгу Паўлаву вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Пазоў «Менсктрансу» вылучаны ў асобную грамадзянскую справу, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У чым абвінавачвалі Вольгу

Вольгу Паўлаву прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сярод фармулёвак абвінавачаньня — публічна выкрыквала лёзунгі, гучна пляскала ў далоні, уздымала рукі ўверх, стварала перашкоды тым, што выйшла на праезную частку, «масавае, працяглае, зацятае, бесьперапыннае парушэньне грамадзкага спакою, знаходжаньне ў першых шэрагах масавага мерапрыемства».

Паводле абвінавачаньня, дзеяньні Паўлавай прывялі да парушэньня работы грамадзкага транспарту, чым яна прычыніла шкоду «Менсктрансу» ў 10 тысяч 689 рублёў 76 капеек. Паводле супрацоўніка «Менсктрансу» рух транспарту быў парушаны з 13.40 да 15.35, а згодна з дадзенымі мабільнага апэратара, Паўлава ў гэты час нібыта знаходзілася ў месцы, пазначаным у абвінавачаньні (яе судзілі за ўдзел у акцыі 15 лістапада на «Плошчы перамен»).

Паводле адваката, Паўлава ў 13.54 яшчэ знаходзілася каля ГЦ «Дана Мол», а ў 14.05 яе затрымалі, і гэта пацьвярджаецца складзеным на яе пратаколам па арт. 23.4 КаАП і адным зь відэазапісаў, таму яна ня мела фізычнай магчымасьці зьдзейсьніць злачынства.

На судзе Вольга Паўлава адмовілася даваць паказаньні, спасылаючыся на 27 артыкул Канстытуцыі.

Апошняе слова Вольгі слухалі са сьлязьмі на вачах

Яшчэ на пачатку паседжаньня Вольга Паўлава заявіла хадайніцтва, каб яе апошняе слова заслухалі, не перапыняючы. Судзьдзя яго задаволіла. Падчас яе прамовы прысутныя плакалі, пасьля — судовая заля ўстала з воплескамі. У прамове падсудная, сярод іншага, згадала аповесьць Талстога «Воскресение», адзначыўшы, што «нічога па факце і не зьмянілася» за 120 год зь яе напісаньня:

«Суд ёсьць толькі адміністрацыйная прылада для падтрыманьня існага парадку рэчаў, выгаднага аднаму з саслоўяў. (...) Ад таго і бывае так цяжка з гэтымі людзьмі, і яны страшнейшыя за разбойнікаў: разбойнік усё ж можа пашкадаваць. Гэтыя ж ня могуць пашкадаваць, яны застрахаваныя ад жалю», — казала Вольга на судзе.

Яна заклікала судзьдзю і сілавікоў задумацца над беззаконнасьцю сёньняшніх прысудаў і тым «гвалтам і генацыдам», які зазналі беларусы пасьля выбараў. Апошняе слова Вольга скончыла вершам Лермантава «Ты мог быть лучшим королём» і словамі «Дай спачын душам памерлых нашых суграмадзян у гэтай барацьбе».

Вольга Паўлава — сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, актывістка праекту Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни». Да красавіка 2020 году працавала галоўным касмэтыкам у фірме «Беліта». Калі пачаўся каранавірус, яна зь дзіцем на месяц самаізалявалася на лецішчы. У гэты час заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і захацела далучыцца да каманды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG