Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбіў з рук міліцыянткі тэлефон — атрымаў 2 гады і 6 месяцаў калёніі


Сяргей Кармановіч
Сяргей Кармановіч

Судзьдзя Сяргей Кармановіч (суд Цэнтральнага раёну Гомля) пазбавіў волі на 2 гады і 6 месяцаў ў калёніі агульнага рэжыму 22-гадовага Дзьмітрыя Цімашэнку. 15 лістапада, падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Гомлі, абвінавачаны выбіў з рук міліцыянткі тэлефон.

Суд таксама пастанавіў выплаціць кампэнсацыю за маральную шкоду, нанесеную міліцыянтцы, у памеры 1 тысяча рублёў.

Пракурор прасіў пакараць абвінавачанага пазбаўленьнем волі на чатыры гады.

Бацька абвінавачанага Андрэй Кармановіч лічыць рашэньне суду занадта суровым і несправядлівым.

«Я абураны нашай сыстэмай правасудзьдзя. У яго не было судзімасьці, першы раз трапіў пад суд... І такі прысуд! Такая сытуацыя ў краіне насьцярожвае», — заўважыў ён.

Маці Вольга кажа, што Дзьмітрый скончыў школу з залатым мэдалём, паступіў на бюджэт у БДУІР, вывучыўся на праграміста і ўладкаваўся на працу.

«Мой сын — прыстойны і выхаваны чалавек. Калі забілі Рамана Бандарэнку — ён быў вельмі засмучаны. Ён казаў, што нешта нядобрае адбываецца ў нашай краіне. Магчыма, таму пайшоў на акцыю пратэсту», — выказалася маці.

Што здарылася

15 лістапада ў Гомлі праходзіла нешматлікая акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада ў Менску. Частка людзей пайшла праспэктам Перамогі, другая — вуліцай Савецкай. Кучка людзей была ля цырку. Іх здымала на мабільны тэлефон міліцыянтка Натальля Сінькевіч.

«Я спалохаўся, што ў далейшым прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле 23.34, і паспрабаваў выбіць рукой тэлефон у супрацоўніцы. Цэліўся ў тэлефон, быў спалоханы», — тлумачыў на судзе Дзьмітры Цімашэнка.

Тут жа ля цырку яго і затрымалі. Пры затрыманьні з кішэні ў маладога чалавека выпаў сьцізорык. Гэтыя кадры потым паказвалі на дзяржаўнай тэлевізіі. Экспэртыза прызнала ножык гаспадарчым.

Дзеяньні Дзьмітрыя расцанілі як гвалт над супрацоўніцай міліцыі з прычын «палітычнай варожасьці».

Міліцыянтка апавядала на судзе, што ад удару па руцэ ў яе была гематома, якая не прывяла да кароткатэрміновага разладу здароўя. Яна шкадуе разьбітага тэлефона. Маці Дзьмітрыя кампэнсавала ягоны кошт. Таксама міліцыянтка просіць спагнаць з абвінавачанага кампэнсацыю маральнай шкоды — 1 тысячу рублёў, бо яна «баялася за сябе і сваё дзіця».

Дзьмітры неаднаразова прасіў прабачэньня ў пацярпелай. На апошнім слове ён плакаў і казаў, што ў яго не было палітычнай варожасьці. «Я не злачынца. На лаве падсудных апынуўся першы і апошні раз. Я раскайваюся. Магу быць карысны грамадзтву як чалавек і грамадзянін. Прашу даць мне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі», — сказаў абвінавачаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG