Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК завёў крымінальную справу за «прымус да страйку» на «Гродна Азоце»


ААТ «Гродна Азот»
ААТ «Гродна Азот»

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за прымус да страйку з пагрозай гвалту. Пачалі выклікаць сьведак.

Упершыню Сьледчы камітэт агучыў факты пагрозаў летась 21 жніўня.

«Увечары 20 жніўня на мабільныя тэлефоны кіраўніцтва ААТ „Гродна Азот“ паступілі паведамленьні з пагрозамі забойствам у выпадку няўдзелу ў забастоўцы і непадтрымцы страйкаму», — паведаміў тады Сьледчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.

Паводле інфармацыі СК, аднолькавыя паведамленьні атрымалі 6 супрацоўнікаў прадпрыемства ў Viber. У паведамленьні згадваліся таксама імёны дзяцей гэтых супрацоўнікаў.

«У сувязі з тым, што грамадзяне ўспрымалі гэтую пагрозу рэальна, непакоіліся за сябе, а таксама за жыцьцё і здароўе сваіх дзяцей, яны напісалі заявы ў Сьледчы камітэт», — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні.

Сёлета 19 лютага Сьледчы камітэт заявіў, што распачаў крымінальную справу па гэтых фактах паводлк артыкулу 200 Крымінальнага кодэксу (прымус да страйку). Санкцыі артыкулу прадугледжваюць пакараньне да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Сьледчыя дапытваюць сьведак у межах гэтай крымінальнай справы, праводзяць іншыя сьледчыя і працэсуальныя дзеяньні.

Вядома пра чатырох былых або актуальных супрацоўнікаў «Гродна Азот», якіх выклікалі на допыт. Хто падазраваны ў гэтай справе, пакуль невядома.

Лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы расказаў, што ведаў аб праверцы гэтых фактаў яшчэ ў жніўні. 21 жніўня да яго ў інтэрнат прыйшлі невядомыя людзі ў цывільным, аднак тады паплечнікі дапамаглі Рававому выйсьці з жытла бясьпечна і схавацца. Неўзабаве ён выехаў у Варшаву, дзе застаецца дагэтуль.

Позва Юрыю Рававому з СК
Позва Юрыю Рававому з СК
  • Рабочыя «Гродна Азот» аднымі зь першых заявілі пра намер паступова спыніць вытворчасьць і пачаць страйк.
  • Яны агучвалі агульнанацыянальныя патрабаваньні: спыніць гвалт і зладзіць новыя выбары.
  • 13 жніўня калёна з прыкладна тысячы азотаўцаў прайшла па горадзе ў цэнтар гораду і далучылася да вялікага пратэставага маршу.
  • Пазьней да работнікаў прыяжджала кіраўніцтва гораду на чале са старшынём райвыканкаму Мечыславам Гоем і сілавых структураў, каб угаварыць іх не страйкаваць.

1 лютага ў Жлобіне асудзілі трох работнікаў БМЗ за спробу страйку, далі 2,5 і 3 гады калёніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG