Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Алеся Наўроцкага


Алесь Наўроцкі
Алесь Наўроцкі

Падзеі 12 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

12 лютага 1937 году нарадзіўся беларускі паэт Алесь Наўроцкі.

Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 г.
Алесь Наўроцкі — доктар «хуткай дапамогі». 1966 г.

«У сярэдзіне 1970-х учорашні доктар Менскай станцыі хуткай дапамогі Наўроцкі, чыю прозу і паэзію цанілі Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль і Міхась Стральцоў, паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву. Здавалася, наперадзе новыя кнігі, пераклады, шырокае прызнаньне калегаў і чытачоў. Аднак погляды беларускага літаратара на савецкую рэчаіснасьць выклікалі пільную ўвагу куратараў курсаў з КГБ. Некаторыя аднакурсьнікі заводзілі з Алесем дзіўнаватыя размовы. Вяртаючыся з заняткаў, ён заўважаў: у пакой хтосьці зноў наведваўся і падкрэсьлена пакінуў рэчы не на сваіх месцах.

Завяршыць навучаньне не ўдалося. У Менску пачаліся праблемы з працаўладкаваньнем і публікацыяй новых твораў. Абураны невыданьнем раману „Пакаленьні і папялішчы“, Наўроцкі падаў заяву аб выхадзе з Саюзу пісьменьнікаў.

У 1980-м на курсах павышэньня кваліфікацыі мэдыкаў Алесь Піліпавіч у лекцыйнай залі публічна выступіў супроць выкарыстаньня ў СССР псыхіятрыі дзеля палітычных мэтаў. Незадоўга да гэтага ён
напісаў на тую ж тэму артыкул для заходніх радыёстанцый і зьвярнуўся па падтрымку да акадэміка Андрэя Сахарава і пісьменьніка Уладзіміра Вайновіча.

Надышоў дзень, калі ў кабінэт доктара Наўроцкага зьнянацку завітала адмысловая мэдкамісія з мноствам спэцыфічных пытаньняў.

Вынікам сталася прымусовае прымацаваньне калегі да псыхіятрычнага дыспансэру.

Згадваючы ўсе гэтыя акалічнасьці, я думаю, што ў творчасьці вялікія знаходкі сапраўды вельмі часта робяцца ў пякельным пошуку, у памежным сьвядомасным стане».


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 624-625

Першая кніга Алеся Наўроцкага. 1962 год.
Першая кніга Алеся Наўроцкага. 1962 год.

Таксама ў гэты дзень

1839 — адбыўся Полацкі царкоўны збор, які скасаваў Берасьцейскую царкоўную унію 1596 году.

1910 — у Вільні прайшла першая пастаноўка тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага, пачынальніка беларускага прафэсійнага тэатру.

1974 — адбыўся арышт Аляксандра Салжаніцына, які быў абвінавачаны ў здрадзе Радзіме і пазбаўлены савецкага грамадзянства. 13 лютага ён быў высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам).

2004 — у Брусэлі пачало працу прадстаўніцтва Эўрапейскай кааліцыі «Свабодная Беларусь», дзе на грамадзкіх пачатках занятыя беларусы, што жывуць у Бэльгіі або атрымалі там палітычны прытулак.

2009 — у ноч з 11 на 12 лютага ў цэнтры «Кардыялёгія» правялі першую ў Беларусі перасадку сэрца.

2015 —у Менску завяршыўся саміт «нармандзкай чацьвёркі» і сустрэча Трохбаковай кантктннай групы па Данбасу. У выніку сустрэчы дамовіліся спыніць агонь і адвесьці цяжкую тэхніку.

У гэты дзень нарадзіліся

1809 — Чарлз Дарвін, брытанскі навуковец-прыродазнаўца, заснавальнік эвалюцыйнай тэорыі пра паходжаньне відаў жывёл і расьлін.

1809Абрагам Лінкальн, амэрыканскі прэзыдэнт.

1872 — беларускі мастак і выдатны майстар пэйзажу Вітольд Бялыніцкі-Біруля

Вітольд Бялыніцкі-Біруля, «Раньняя вясна»
Вітольд Бялыніцкі-Біруля, «Раньняя вясна»

1941 — беларускі харавы дырыжор Міхаіл Дрынеўскі.

1942 — беларускі скульптар Генадзь Буралкін.

У памяці

1798Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль і вялікі князь літоўскі.

1804 — Імануіл Кант, нямецкі філёзаф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG