Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцішніку, якога зьбіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі»


Сьцяпан Чыкілёў пасьля прысуду
Сьцяпан Чыкілёў пасьля прысуду

Судзьдзя Фрунзэнскага суду сталіцы Натальля Бугук 5 лютага вынесла прысуд інжынэру-праграмісту Сьцяпану Чыкілёву, якога 15 лістапада зьбіў міліцэйскі бус на сустрэчнай паласе. Хлопца абвінавачвалі ў злосным хуліганстве, нібыта ён пашкодзіў бусы сілавікоў.

Сьцяпана Чыкілёва асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Яго вызвалілі ў залі суду да ўступленьня прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца Крысьціна Асран сьцьвярджала, што 15 лістапада Сьцяпан Чыкілёў з хуліганскіх намераў, наўмысна, беспрычынна разам з групай асобаў зрабіў ня менш як тры кідкі ў бок міліцэйскіх аўтамабіляў, у выніку чаго былі пашкоджаныя сама меней 3 міліцэйскія аўтамабілі — дэфармаваліся лякафарбавыя пакрыцьці бусаў, і тым самым вайсковай частцы 3032 нанесена матэрыяльная шкода ў суме 1180 рублёў.

Інжынэра-праграміста абвінавачвалі ў злосным хуліганстве паводле часткі 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу.

Дзяржабвінаваўца прасіла пакараць Чыкілёва 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Адвакатка Крысьціна Печкурава настойвала, што яе падабаронны невінаваты.

Што адбылося на праспэкце Пушкіна 15 лістапада апоўдні

На шматлікіх відэа, якія зьнялі і журналісты, і камэры відэаназіраньня, відаць, як хлопец у шэрай куртцы замахваецца рукой у бок міліцэйскіх бусаў. Рух на праспэкце Пушкіна ў той момант быў перакрыты. У гэты момант па сустрэчнай паласе ехаў яшчэ адзін сіні бус, які і зьбіў пешахода.

Сілавікі выскачылі з аўтамабіля, зацягнулі туды хлопца і зьехалі. Красоўкі яго так і засталіся на дарозе. Увечары маладога чалавека з пастарунку даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі са шматлікімі траўмамі, а праз пару дзён вярнулі на Акрэсьціна. У адносінах да інжынэра-праграміста Сьцяпана Чыкілёва завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства.

Двое з шасьці сьведак апазналі Сьцяпана Чыкілёва

У судзе сьведкамі выступілі шэсьць байцоў спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня. Сьведак дапытвалі без высьвятленьня іх асобы, асабістых дадзеных, каб забясьпечыць іх непазнавальнасьць. Твары іх цалкам закрытыя балаклавамі, на вачах цёмныя акуляры, усе яны выступалі пад несапраўднымі прозьвішчамі.

Толькі двое з шасьці сказалі, што пазналі Сьцяпана па целаскладзе і прычосцы.

У бусіку і аўтазаку Чыкілёва моцна пабілі — з пастарунку яго забрала «хуткая»

Сам жа Сьцяпан Чыкілёў на судзе расказаў, што пасьля затрыманьня яго жорстка білі ў мікрааўтобусе. Падзеі памятае слаба, бо траціў прытомнасьць.

«Памятаю, што мяне зацягнулі ў бус, нацягнулі куртку на галаву. Паклалі на падлогу, супрацоўнік міліцыі націснуў каленам на грудзі, было цяжка дыхаць. Траціў прытомнасьць, у бусе білі, ужылі электрашокер. Потым перасадзілі ў аўтазак і доўга вазілі па горадзе», — расказаў Сьцяпан падчас допыту ў судзе.

У Фрунзэнскім РУУСе дзяжурная адвакатка настаяла, каб Сьцяпану выклікалі хуткую дапамогу. У лякарні хуткай дапамогі мэдыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсеньне мозгу, шматлікія сьляды ўдараў, драпіны, пашкоджаньне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксавальны каўнер. У шпіталі Сьцяпана трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна, дзе ён праседзеў амаль 3 месяцы.

34-гадовы Сьцяпан Чыкілёў — вядучы інжынэр-праграміст буйной ІТ-кампаніі. Калегі кажуць, што ён «нарадзіўся праграмістам», «чалавек-легенда», «звышмэгаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG