Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У гэтай рэвалюцыі жаночы твар». Як жанчыны зрабілі пратэст мірным


Жаночы марш у Менску. Ілюстрацыйнае фота.
Жаночы марш у Менску. Ілюстрацыйнае фота.

Суарганізатаркі фэм-групы Каардынацыйнай рады Вольга Шпарага, Юлія Міцкевіч і Наста Базар — пра тое, як зьмянілася іх жыцьцё; пра кампаніі ў падтрымку палітзьняволеных жанчын, жаночае лідэрства, сталых жанчын як асноўны касьцяк «маршаў мудрасьці» і адсутнасьць перадач як форму катаваньня за кратамі.

Глядзіце дыскусію цалкам на відэа

Хто ўдзельнічае

Вольга Шпарага, суарганізатарка фэм-групы Каардынацыйнай рады, філёзаф, прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай у справе адукацыі. У кастрычніку 2020 году адседзела 15 сутак паводле артыкулу 23.34. Пасьля паведамленьня пра чарговы арышт прыняла рашэньне пакінуць Беларусь. Часова жыве ў Вільні.

Юлія Міцкевіч, суарганізатарка фэм-групы Каардынацыйнай рады, гендэрная экспэртка, праектная мэнэджарка арганізацыі народнай адукацыі «Актыўным Быць Файна». У кастрычніку 2020 году адседзела 15 сутак паводле артыкулу 23.34. Прыняла рашэньне пакінуць Беларусь. Часова жыве ў Вільні.

Наста Базар, суарганізатарка фэм-групы Каардынацыйнай рады, грамадзкая актывістка, арганізатарка тайм-клюбу «Сямейны падворак», прасоўвае праекты альтэрнатыўнай адукацыі і падтрымкі жанчын і дзяцей. Часова жыве ў Кіеве.

Сьцісла:

  • Вольга Шпарага: На жаль, часта жанчыны не ўсьведамляюць свайго ўнёску ў рэвалюцыю. Частка кажа, што «зрабілі свой унёсак — і пойдзем па дамах». На жаль, Сьвятлана Ціханоўская падтрымлівае такую пастаноўку пытаньня.
  • Юлія Міцкевіч: Аказалася, што пра многіх жанчын за кратамі практычна няма ніякай інфармацыі — толькі імя, прозьвішча і чаму была затрыманая. Калі жанчыны ўдзельнічаюць у палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці, узровень публічнасьці і пазнавальнасьці ў іх меншы.
  • Наста Базар: Я зразумела, што пакуль небясьпечна вяртацца і для мяне, і для маіх дзяцей. Адказнасьць за дзяцей для мяне першасная, важнейшая, чым рэвалюцыя, хоць рэвалюцыю мы робім і для нашых дзяцей.


«Значная частка жанчын паверыла ў свае сілы»


— Што вы лічыце галоўнымі пазытыўнымі вынікамі падчас мірнага пратэсту ў справе дасягненьня гендэрнай роўнасьці, жаночага лідэрства? Наколькі беларускае грамадзтва прасунулася ў гэтым?

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Вольга Шпарага: Галоўная пазытыўная выснова — значная частка жанчын паверыла ў свае сілы, адчула сябе больш моцнымі і ўпэўненымі. Жанчыны казалі, што гледзячы на Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву, аб’яднаны штаб, адчувалі, што хочуць і могуць узяць эстафэту, выходзілі ў «ланцугі салідарнасьці» падтрымаць мірны пратэст. Жанчыны прыўнесьлі ў гэты пратэст ягоны мірны твар, гэта пераважна жаночы твар. Другія важныя паняткі — шырокая салідарызацыя, крэатыўнасьць, эмпатыя. Усе гавораць, што беларуская рэвалюцыя ні з чым не параўнальная, і шмат у чым гэта ўнёсак жанчын.

Можна сказаць аб праблемным боку. На жаль, жанчыны не ўсьведамляюць свайго ўнёску. Частка кажа, што «зрабілі свой унёсак — і пойдзем па дамах». На жаль, Сьвятлана Ціханоўская падтрымлівае такую пастаноўку пытаньня — я зрабіла сваю справу і магу сысьці. Вельмі важна жанчынам патлумачыць, што ўнёсак жанчын у палітычныя працэсы настолькі важны, што павінен і далей працягвацца.

Жанчыны прыносяць каштоўнасьць каманднай працы, большай важкасьці грамадзкіх інтарэсаў, а не сваіх асабістых; салідарнасьць, эмпатычнасьць. Гэта трэба ня толькі падчас рэвалюцыі, гэта патрэбна для дэмакратыі, палітычных працэсаў, сацыяльнага жыцьця. Вялікая задача для жанчын — гэта ўсьвядоміць. Магчыма, яшчэ важней усьвядоміць мужчынам, наколькі ў камандах патрэбны жанчыны, каб працэсы былі па-сапраўднаму гарызантальныя, каб у іх было супрацоўніцтва.

Ёсьць і нэгатыўны бок. Жанчыны працягваюць укладацца ў гэтую рэвалюцыю, ёсьць стомленасьць, бо яны адначасова працуюць, клапоцяцца пра дзяцей, вядуць хатнюю гаспадарку. Алена Агарэлышава з фэм-групы КР праводзіла дасьледаваньне праз апытаньне жанчын, якое паказала, што ўсе гэтыя задачы дома не пераразьмеркавалі, ізноў на жанчынах вялізарная нагрузка. Вельмі часта яны клапоцяцца пра мужчын, якія ў турмах, і могуць праз гэта працу страціць. Усё гэта зьвязана з тым, што і жанчыны, і мужчыны зусім не разумеюць, наколькі важная гендэрная роўнасьць. Рэвалюцыя гэта даказвае, але нам трэба яшчэ асэнсаваць, паказаць і адрэфлексаваць гэта.

— Вольга неяк пісала пра тое, што калі пераможа мірная рэвалюцыя, зусім ня факт, што той жа закон аб хатнім гвалце будзе адразу прыняты...

Наста Базар
Наста Базар

Наста Базар: Цяпер ёсьць агульная мэта для ўсіх, але мы працягваем рабіць і іншыя рэчы. Фэм-група Каардынацыйнай рады бярэ ўдзел у месячнай акцыі супраць забароненых прафэсій для жанчын, бо гэтыя пытаньні былі і застаюцца. І калі мы пераможам, гэтае пытаньне ўсё роўна выйдзе на першы плян. Я вельмі спадзяюся, што зьмены адбываюцца і жанчыны ўрэшце ўсьвядомяць, што двайная нагрузка — нядобра, што можна рэсурсы па-іншаму разьмяркоўваць.

Самае галоўнае, каб жанчыны зразумелі, які вялікі ўнёсак яны зрабілі. Калі паглядзець на мірныя акцыі пратэсту, то гэта велізарная колькасьць жанчын — гэта і агульныя акцыі, і жаночыя маршы, і маршы пэнсіянэраў (увесь час хачу сказаць — пэнсіянэрак, бо іх там пераважная большасьць).


Жыцьцё ў вымушанай эміграцыі


— Як зьмянілася жыцьцё кожнай з вас пасьля жніўня 2020 году? Вы ўсе былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Што стала асноўным выпрабаваньнем, дасягненьнем і паразай?

Юлія Міцкевіч удзельнічае ў флэшмобе #сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom
Юлія Міцкевіч удзельнічае ў флэшмобе #сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom

Юлія Міцкевіч: Ніхто з нас не чакаў, што зьедзе. Вымушаная эміграцыя — гэта ня тое, чаго хацелася б. Маё рашэньне было зьвязанае ня толькі з маёй бясьпекай, але і зь бясьпекай людзей, якія дзякуючы таму, што я зьехала, могуць займацца тым, што мы рабілі да гэтага разам. Жыцьцё моцна зьмянілася. Часам здараюцца трыгеры. Аднойчы я чакала на аўтобусным прыпынку сяброўку, якая павінна была прыехаць зь Беларусі, і да мяне падышоў мужчына ў чорным адзеньні, з чорнай маскай і запытаў «Ці вы Юлія?»

Гэта для мяне было як халодны душ, бо гэта была такая самая сытуацыя, калі мяне затрымлівалі ў Менску, хоць гэта было выкраданьне хутчэй. І толькі потым я падумала, што гэтага ня можа быць, бо я не ў Беларусі, а ў Літве. Прыходзіцца чытаць у фэйсбуку нейкія канкрэтныя ці завуаляваныя абвінавачаньні ці прэтэнзіі ў адрас тых, хто зьехаў. Я разумею, што людзей трыгерыць, бо яны застаюцца ў небясьпецы. У мяне няма пачуцьця віны. Для мяне важна, што я знаходжуся тут разам зь сяброўкай і каляжанкай Вольгай Шпарагай, мы можам бачыцца і абмяркоўваць розныя моманты працы і ня толькі.

Пазытыўны момант — у мяне сталі больш даверлівыя адносіны зь сямʼёй, з мужам, зь сябрамі. Я ўвесь час занятая. Я ведаю і перакананая, што ня толькі я, а ўсе, хто зьехаў, робяць для нашай агульнай мары і мэты ў Беларусі вельмі шмат.

Вольга Шпарага: Я знаходжуся ў Вільні, але ўсім сваім сэрцам і розумам я ў Беларусі. У Літве локдаўн, мы сядзім практычна ўвесь час дома. Я займаюся працай фэм-групы і пытаньнямі адукацыі ў штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Я пішу кнігу для вялікага нямецкага выдавецтва пра нашу рэвалюцыю, ужо завяршаю яе. 100% часу я фактычна знаходжуся ў Беларусі, падтрымліваю кантакты зь людзьмі, у тым ліку для кнігі бяру міні-інтэрвію.

Назва кнігі — «У рэвалюцыі жаночы твар». Выдавецтва вырашыла, што гэта важная адсылка да Сьвятланы Алексіевіч. У вайны таксама быў жаночы твар, але жанчынам бракавала бачнасьці. У гэтую рэвалюцыю сапраўды жанчыны сталі бачнымі. Мы змагаемся за тое, каб яны былі бачнымі і прысутнічалі ва ўсіх сфэрах у мірны час.

Наста Базар: Я зьяжджала ва Ўкраіну на два тыдні, але пасьля таго, што адбылося з маімі каляжанкамі, я зразумела, што пакуль небясьпечна вяртацца і для мяне, і для маіх дзяцей. Адказнасьць за дзяцей для мяне першасная, важнейшая, чым рэвалюцыя, хоць рэвалюцыю мы робім і для нашых дзяцей.

Толькі цяпер я прыходжу да высновы, што гэта надоўга. У кастрычніку я думала, што гэта да сьнежня, у сьнежні думала пра люты, потым пра красавік, пра чэрвень. Трэба сказаць сабе, што я разьлічваю да канца гэтага году быць ня дома. Калі нешта зьменіцца, я адразу прыеду.

Гэта жыцьцё з нуля. Вельмі бракуе стасункаў зь людзьмі. Сазвонаў недастаткова. Я адчуваю гэтую плынь незадаволенасьці ці непрамоўленай незадаволенасьці ў адносінах да тых, хто зьехаў. Першы час я прыходзіла ў сябе. Калі зразумела, што застаюся, кінула ўсе сілы на дапамогу людзям. Велізарная колькасьць людзей прыяжджае ва Ўкраіну, многія без падрыхтоўкі. Неабавязкова мець НДА ці быць юрыдычнай асобай ці мець вялікія мажлівасьці, каб дапамагаць людзям. Нават калі ў цябе няма фінансаў, ты можаш зэканоміць людзям грошы інфармацыяй, напрыклад, пра атрыманьне віду на жыхарства.

Мы пачалі ладзіць мерапрыемствы для беларусаў і беларусак, для дзетак. Я пачынаю новае жыцьцё, наладжваю новыя кантакты, абрастаю новымі сувязямі на новым месцы. Я хачу дадому, часта плачу, часта сумую. Перакананая, што калі вернемся, будзе новая хваля адаптацыі.


Як падтрымаць палітзьняволеных жанчын


— Марыя Калесьнікава, Алена Леўчанка, Вольга Хіжынкова, Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Юлія Слуцкая, Марфа Рабкова, Кацярына Барысевіч, Вольга Класкоўская, Вольга Маёрава, Тацяна Канеўская — жанчын-палітвязьняў у Беларусі некалькі дзясяткаў. Расейская праваабаронца Алена Папова лічыць, што варта ладзіць адмысловыя кампаніі ў падтрымку палітзьняволеных жанчын. Ці згодныя вы? Можа, нешта такое робіцца ці плянуецца?

Юлія Міцкевіч: Гэта павінна быць задача для многіх арганізацый і ініцыятываў. Мы працуем у каапэрацыі зь дзяўчатамі, якія заняліся гэтай кампаніяй, і цяпер рыхтуем кампанію ў падтрымку жанчын-палітзьняволеных. Аказалася, што пра многіх жанчын за кратамі практычна няма ніякай інфармацыі. Калі пра мужчын-палітвязьняў інфармацыі болей, ёсьць артыкулы, то пра многіх жанчын вядома толькі імя, прозьвішча і чаму была затрыманая. Гэта да пытаньня пра бачнасьць. Калі жанчыны ўдзельнічаюць у палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці, то ўзровень публічнасьці і пазнавальнасьці ў іх меншы.

— Давайце пагаворым пра цяжар жанчын у мірным пратэсьце. Цяпер практычна немагчыма зрабіць перадачу на Акрэсьціна, і 15 дзён жанчына можа быць бязь зьменнай бялізны, і ў выпадку мэнструацыі гэта выглядае катастрафічна. Чаму важна пра гэта гаварыць?

Вольга Шпарага: Мы часта кажам пра ранімасьць і адчувальнасьць жанчын, але гэта ўласьціва ўсім, і мужчынам таксама. Падчас маёй апошняй лекцыі экспэртка зь Літвы сказала, што важна ад таксычнай маскуліннасьці перайсьці да клапатлівай маскуліннасьці. Так, не хапае сродкаў гігіены. Ёсьць прамы гвалт, а ёсьць схаваны гвалт. Калі не перадаюць перадачы ў турму — гэта форма катаваньня. Мы ўсе ранімыя істоты, мы пакутуем, і мужчыны, і жанчыны. Гэта важна разумець, каб станавіцца больш эмпатычнымі і салідарнымі.

Ёсьць пэтыцыя, ёсьць заявы праваабарончых арганізацый. Трэба выступаць кансалідавана і шукаць пункты ціску. У кожным выпадку ёсьць пункт, дзе на ўладу можна націснуць. Трэба шукаць яго і выкарыстоўваць усе інструмэнты, бо гэта дадатковае прыніжэньне за кратамі, якога і так хапае.

Сталага веку ўдзельніцы мірнага пратэсту

— Жанчыны ва ўзросьце — асноўны касьцяк «маршаў мудрасьці». Калі ўзяць прапорцыю пацярпелых ад рэпрэсій сярод моладзі і людзей сярэдняга веку, мужчын там болей. А вось сярод пажылых людзей у пратэстах пераважаюць жанчыны. Іх штрафуюць і арыштоўваюць, не зважаючы на ўзрост. Як бы вы патлумачылі гэтую зьяву — перавагу жанчын у пратэсьце людзей сталага веку?

Марш мудрасьці ў кастрычніку. Ілюстрацыйнае фота.
Марш мудрасьці ў кастрычніку. Ілюстрацыйнае фота.

Вольга Шпарага: Жанчыны старэйшага ўзросту часта тлумачаць, чаму яны выходзяць — дзеля дзяцей і ўнукаў. Відавочна, што ў жанчын больш адказнасьці за дзяцей і ўнукаў у сілу сацыялізацыі, якую мужчыны і жанчыны праходзяць у нашым грамадзтве. Я часта чула на маршах пажылых жанчын, якія казалі, што ў мяне ўсе зьехалі, і я не хачу, каб так працягвалася, хачу, каб яны вярнуліся. Гэтую адказнасьць за будучыя пакаленьні і суперажываньне ў большай ступені дэманструюць жанчыны.

Юлія Міцкевіч: На адным з маршаў жанчына трымала плякат «Зяцёк, не хвалюйся, я выходжу і за цябе таксама». Са мной на Акрэсьціна сядзела 65-гадовая жанчына з Магілёўшчыны, якая прыяжджала ў Менск і разам зь дзецьмі хадзіла на ўсе мітынгі. Яна расказвала, што муж не падтрымлівае яе пазыцыю і яна часта ўтойвае, што едзе на мітынг.

«Адна мара на ўсіх»

— Якая ваша мара, задача ці мэта на 2021 год?

Вольга Шпарага: У нас адна мара — перамагчы канчаткова. Шэраг дасьледчыкаў кажуць, што рэвалюцыя ў Беларусі адбылася, бо яна зьмяніла радыкальна наша грамадзтва. Але яна не адбылася ў тым сэнсе, што Лукашэнка не сышоў і не зьмяніўся палітычны рэжым. Хацелася б, каб ва ўсіх філязофскіх сэнсах рэвалюцыя адбылася ў 2021 годзе. Гэта мара большасьці беларусаў і беларусак.

Наста Базар: Сталеньне, даросласьць нацыі патрабуе дзесяцігодзьдзяў, у нас гэта адбылося за паўгода. Мы ня зможам быць такімі, як былі. Гэтыя зьмены назаўсёды з намі. Калі гэта скончыцца, пакуль не разумею. Я так расстаўляю прыярытэты: я, мая сямʼя, мая радня, мае сяброўкі і сябры, і мая краіна. Гэта, можа, гучыць эгаістычна, але калі ня будзе мяне і маёй сямʼі, то і краіна ня будзе патрэбная. Мая формула — рабі тое, што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты ёсьць. Я намагаюся дапамагаць тым, хто ў Беларусі, але разумею, што не магу быць абʼектыўнай, бо я ня там. Але я ведаю, што адбываецца зь беларусамі, якія прыяжджаюць у Кіеў, большасьць зь якіх хоча вярнуцца. І мая мэта — трошку дапамагчы і сабе, і ім быць у добрым стане, каб потым вярнуцца. Будаваць нам будзе што.

Юлія Міцкевіч: Мара і задача ў нас адна. На зум-сустрэчы нядаўна задзімалі сьвечку на торціку зь лічбай 21, каб гэта адбылося сёлета. Для мяне дэмакратыя і пабудова дэмакратычнай дзяржавы, як і гендэрная роўнасьць, — гэта працэс. Я разумею, што недастаткова толькі зьмяніць адно прозьвішча на іншае, хоць і гэта важна, — трэба памяняць сытуацыю. У нас наперадзе доўгі шлях. Тое, што гэта не адбылося ў адзін момант, мае свае пазытыўныя бакі, бо так выбудоўваецца грамадзянская нацыя.

Пра тэлеграм-канал фэм-групы Каардынацыйнай рады

  • Юлія Міцкевіч: Наш тэлеграм-канал адрозьніваецца ад іншых тым, што там ня толькі інфармацыйная, але і асьветніцкая інфармацыя. У нас ня толькі навіны пра затрыманьні жанчын, але і інтэрвію з жанчынамі, якія ўдзельнічаюць у палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці, мы даём інфармацыю зь іншых краінаў і ўсё, што тычыцца гендэрнай роўнасьці і гендэрнай палітыкі ў Беларусі. Даем анонсы сваёй дзейнасьці і дзейнасьці партнэрскіх арганізацый. Ужо тры тыдні запар робім дайджэст па панядзелках таго, што адбылося за тыдзень. З гэтага тыдня і па-ангельску. Пра гэта папрасілі партнэркі зь іншых краінаў, бо інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку пра жаночы рух, становіцца ўсё менш у эўрапейскіх СМІ. Гэта натуральны працэс. Мы імкнёмся, каб усё было разам сабрана і было лёгка знайсьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG