Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 лютага: Дзень памяці Барыса Кіта


Барыс Кіт
Барыс Кіт

Падзеі 1 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1 лютага 2018 памёр Барыс Кіт, навуковец, пэдагог, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1920-30 у Заходняй Беларусі, вязень польскіх і нацысцкіх турмаў, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША і Нямеччыне.

Падчас нямецкай акупацыі ён настаўнічаў, заснаваў у Маладэчне гандлёвую школу, дырэктарстваваў у Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Яе навучэнка Алеся Ўмпіровіч (Фурс) пазьней, за саветамі, стварыла з аднадумцамі нелегальны Саюз беларускіх патрыётаў. Нацысты мелі да пэдагога Кіта прэтэнзіі настолькі важкія, што кінулі яго ў расстрэльную камэру, дзе за ноч з трыццаці вязьняў заставалася пяць. Ад сьмерці выратавалі былыя ўдзячныя вучні.

Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь у свой час публічна падзякаваў выкладчыкам, што пад акупацыйнай нямецкай уладай працавалі ў францускіх школах. Беларускіх настаўнікаў партызаны сотнямі расстрэльвалі, а школы палілі. Тых, хто выжыў, чакалі турмы і лягеры.

Жывучы з 1949 году ў ЗША, Барыс Кіт зрабіўся плянэтарна вядомым вучоным у галіне астранаўтыкі. Ён вынаходзіў формулы ракетнага паліва, распрацоўваў сродкі сувязі для касьмічных караблёў, прычыніўся да падрыхтоўкі высадкі на Месяц. Імя акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Кіта закладзенае ў «капсулю часу» найлепшых вучоных гэтай галіны, якую заплянавана ўскрыць праз 500 гадоў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с. 719

Барыс Кіт і Васіль Быкаў, 2001
Барыс Кіт і Васіль Быкаў, 2001

Таксама ў гэты дзень

1411 — заключаны Торунскі мір, які паклаў канец Вялікай вайне Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам.

1717 — у Варшаве прайшоў «нямы сойм» Рэчы Паспалітай, які абмежаваў паўнамоцтвы караля і пашырыў правы шляхты. Гэтыя рашэньні прымаліся пад ціскам расейскага імпэратара Пятра І.

1863 — Кастусь Каліноўскі абвясьціў пра далучэньне Беларусі і Літвы да паўстаньня супраць расейскага царызму, якое пачалося ў Варшаве 22 студзеня 1863 году. Літоўскі правінцыйны камітэт, які рыхтаваў паўстаньне, пераўтварыўся ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі.

1919 — пачаліся заняткі ў Віленскай беларускай гімназіі. Пры гімназіі быў створаны Беларускі прытулак для дзяцей-сірот. Гімназія фінансавалася рознымі грамадзкімі арганізацыямі, у ліку якіх былі Школьная рада ў Вільні і Таварыства беларускай школы. Тут навучаліся Натальля Арсеньнева, Максім Танк, Міхал Вітушка і іншыя.

25 сакавіка 1935 году ў Віленскай беларускай гімназіі
25 сакавіка 1935 году ў Віленскай беларускай гімназіі

У гэты дзень нарадзіліся

1913 — Сяргей Прытыцкі, заходнебеларускі падпольшчык і дзяржаўны дзяяч БССР.

1931 — Барыс Ельцын, першы расейскі прэзыдэнт.

1931 — Іван Пратасеня, беларускі мастак-акварэліст.

У памяці

1860 — памёр Язэп Ярашэвіч, беларускі гісторык, этнограф, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту.

1991 — памёр Станіслаў Шушкевіч, літаратар і вязень савецкіх канцлягераў, бацька першага кіраўніка Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча.

2012 — памерла Віслава Шымборска, польская паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі.

Віслава Шымборскі з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім. Кракаў, 2010
Віслава Шымборскі з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім. Кракаў, 2010

2011 — памерла Тацяна Зіненка, паэтка

На тым месцы ўжо гарадзкая забудова, а тады мы, некалькі тысяч мітынгоўцаў, каму ўдалося вырвацца зь міліцэйскага атачэньня на Ўсходніх могілках, стаялі пасярод голага поля, і вецер кідаў нам у твар першыя калючыя сьняжынкі. Былі Дзяды, 30 кастрычніка 1988-га.

Пасьля двух выступаў: Зянона Пазьняка (ад аргкамітэту БНФ „Адраджэньне“) і майго (ад створанага дзесяць дзён таму таварыства „Мартыралёг Беларусі“) вакол нас зноў сьціснулася ачапленьне.

Салдаты ўнутраных войскаў відавочна паходзілі зь сярэднеазіяцкіх рэспублік, ня надта разумелі, што адбываецца, і маглі выканаць любы загад сваіх камандзіраў. У нашых шэрагах адчуліся трывога і разгубленасьць.

І тут наперад ступіла і адкінула з высокага чыстага ілба неслухмяную пасмачку гожая русявая дзяўчына:

Пачуйце ўсе маю жывую споведзь,
Хоць я памерці заўтра не баюся.
Але мяне сягоньня непакоіць
Найбольш за ўсё — маўчаньне Беларусі...

Цяпер той верш адкрывае выдадзеную ў 2019-м пасьмяротную Тацяніну кнігу „Гарчэйшае пітво“. Яе ўкладальнік і рэдактар Леанід Галубовіч называе Зіненку адзінай жанчынаю сярод нашых так званых выклятых паэтаў: Міхася Стральцова, Міколы Купрэева, Анатоля Сыса...

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. с. 603

2017 — памёр Джон Ўэтан, адзін з найбольш шанаваных і ўсебаковых музыкантаў прагрэсіўнага року.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG