Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец стаў ляўрэатам беларуска-ўкраінскай літаратурнай прэміі «Воін сьвятла» імя Жызьнеўскага


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

У Кіеве 26 студзеня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня беларуска-ўкраінскай літаратурнай прэміяй «Воін сьвятла» імя Міхася Жызьнеўскага, які сем гадоў таму загінуў падчас масавых акцый пратэсту ва Ўкраіне ў выніку супрацьстаяньня паміж мірнымі пратэстоўцамі і сілавікамі.

Беларускім ляўрэатам прэміі за раман «Беларусалім. Сэрца сьвятла» стаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, увязьнены з 7 чэрвеня 2020 году.

Дагэтуль Павал ужо атрымліваў прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, імя Францішка Аляхновіча, «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Дзьве з больш як дзясятка ягоных кніг напісаныя ў зьняволеньні — «Лісты зь лесу» і «Беларуская глыбіня».

Прэміяльную статуэтку Севярынца мелася атрымаць ягоная маці, але яна не змагла прыехаць у сувязі з карантыннымі абмежаваньнямі. Статуэтку атрымала прадстаўніца Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая, яна перадасьць яе ў Менск.

Статуэтку перадасьць сямʼі Севярынца Алена Талстая
Статуэтку перадасьць сямʼі Севярынца Алена Талстая

Украінскім ляўрэатам стаў пісьменьнік Віталь Запека, які ваяваў на Данбасе і напісаў раман пра будні ўкраінскага жаўнера на ўсходнім фронце «Героі, хероі і ня вельмі».

Віталь Запека
Віталь Запека

Што гэта за прэмія і каго ёю ўганаравалі раней

Прэмія «Воін сьвятла» заснаваная ў 2015 годзе і ўручаецца ў дзень народзінаў Міхася Жызьнеўскага ля помніка, пастаўленага ў Кіеве побач зь месцам ягонай гібелі. Ініцыятарам стварэньня літаратурнай прэміі стаў украінскі пісьменьнік Уладзімір Даніленка, які цяпер узначальвае Кіеўскую арганізацыю Саюзу славянскіх пісьменьнікаў Украіны. Гэтую ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Паводле Ўладзіміра Даніленкі, ідэя супольнай беларуска-ўкраінскай прэміі ўзьнікла «для папулярызацыі літаратуры, якая паказвае моцных асобаў, герояў, зь якіх можна браць прыклад, якія могуць адстойваць свае ідэалы, ідэалы свабоды, справядлівасьці, маралі, найлепшыя чалавечыя якасьці, што ёсьць ва ўсіх рэлігіях сьвету і што было закладзена ў найлепшых літаратурах сьвету».

Першымі ляўрэатамі прэміі ў 2016 годзе сталі беларускі пісьменьнік Анатоль Бароўскі і ўкраінскі — Багдан Жолдак.

У 2017-м уладальнікамі статуэткі «Воін сьвятла» сталі беларускі пісьменьнік, блогер і вядоўца беларускай службы Радыё Свабода Міхась Скобла за кнігу эсэ «Саркафагі страху» ды ўкраінскі празаік Мікола Хоміч за гістарычны дэтэктыў «Загадка грабніцы».

У 2018-м — беларускі пісьменьнік з Горадні Валянцін Дубатоўка і ўкраінскі аўтар Арцём Чэх.

У 2019 і 2020 гадах прэмія не ўручалася з арганізацыйных прычын.

Павал Севярынец за кратамі з 7 чэрвеня 2020 году. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG