Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя папрасіла прабачэньня ў жыхаркі Пецярбургу, якую ўдарылі ў жывот падчас акцыі пратэсту. Яна ў рэанімацыі


Акцыя пратэсту ў Расеі з патрабаваньнем вызваліць Аляксея Навальнага, 23 студзеня 2021
Акцыя пратэсту ў Расеі з патрабаваньнем вызваліць Аляксея Навальнага, 23 студзеня 2021

Жанчына, якая з траўмамі пасьля ўдару сілавіка трапіла ў шпіталь, атрымала выбачэньні з паліцыі.

Паліцэйскія выбачыліся перад жыхаркай Пецярбургу, якую супрацоўнік сілавых структур моцна ўдарыў у жывот падчас акцыі пратэсту. Маргарыта Юдзіна пасьля ўдару трапіла ў рэанімацыю, яна дагэтуль у цяжкім стане. «Гэта ня нашы мэтады», — заявілі ў пецярбурскай паліцыі, піша выданьне Baza.

У суботу пасьля інцыдэнту да жанчыны прыйшоў палкоўнік Сяргей Музыка, начальнік Управы арганізацыі аховы грамадзкага парадку. Некалькі разоў ён папрасіў прабачэньня ад імя ўсяго асабістага складу, паабяцаў разабрацца і пакараць вінаватых, а таксама сказаў, што гатовы надаць любую дапамогу.

Пры гэтым крыўдзіцеля Юдзінай дагэтуль не знайшлі.

Напярэдадні ў Расеі больш як у 100 гарадах прайшлі маніфэстацыі супраць праўленьня Ўладзіміра Пуціна, якое доўжыцца ўжо 20 гадоў, людзі патрабавалі вызваленьня апазыцыянэра Аляксея Навальнага і іншых палітвязьняў. Акцыя ў Санкт-Пецярбургу, у якой удзельнічала і Юдзіна, стала другой па маштабах пасьля Масквы. У расейскіх пратэстах бралі ўдзел і беларусы, у некаторых гарадах расейцы ў знак салідарнасьці скандавалі «Жыве Беларусь!» і прыносілі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG