Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выдаць нашым памочнікам сьмяротную і несьмяротную зброю». Карпянкоў зноў заявіў пра «лішніх людзей»


Намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, архіўнае фота
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, архіўнае фота

У апошнім нумары часопіса «Спецназ» за мінулы год выйшла гутарка з намесьнікам міністра ўнутраных спраў Мікалаем Карпянковым. Аўтар — галоўны рэдактар Андрэй Дземянцьеўскі.

«Наша Ніва» зрабіла падборку цытатаў адыёзнага міліцэйскага начальніка. Раней ён прапаноўваў саджаць апанэнтаў рэжыму ў канцлягеры і страляць на паражэньне.

  • «Ужо кінуты кліч і падтрыманы ў асяродзьдзі праваахоўнікаў, ухвалены кіраўніком дзяржавы, — аб фармаваньні дружын. Зь ліку вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў, іншых сілавых груп, якія валодаюць прыёмамі рукапашнага бою. Падчас выступленьняў агрэсіўных малойчыкаў будзем выяжджаць разам з такімі добраахвотнікамі, каб рабіць нашую краіну бясьпечнай, ратаваць грамадзтва ад хуліганаў, недаробленых экстрэмістаў і тэрарыстаў, якія лічаць сябе гераічнымі партызанамі. Гэтых адмарозкаў будзем вымаць з вуліцы, ужываючы да іх баявыя прыёмы».
  • «Ёсьць каманда: сярод сфармаваных дружын правесьці патрэбныя праверкі і пры неабходнасьці выдаць нашым найбольш падрыхтаваным памочнікам сьмяротную і несьмяротную зброю. Каб хутчэй выстаяць і навесьці парадак, спакойна працягнуць паступовае разьвіцьцё нашай дзяржавы».
  • «Людзі цьвярозага розуму з вуліц сышлі. Засталіся „змагары“, якія, па сутнасьці, сталі лішнімі ў нашым грамадзтве. Яны заўсёды лайдачылі, займаліся паўбандыцтвам, шэрымі схемамі. Наша мэта — перакрыць ім каналы фінансаваньня. Прыбраць лідэраў наваствораных злачынных груповак, якія зьбіліся ў кучу, абмяркоўваючы на дваровых чаяваньнях са стужкамі пляны супраціву праваахоўным органам».
  • «За гарэлку, за наркотыкі, за невялікія грошы маргіналы гатовыя на ўсё. Яны хочуць увасобіць сваю мару: апынуцца на самым версе грамадзтва — без сацыяльных ліфтаў, без адукацыі, бяз працы, не напружваючыся. Скарыстацца хаосам і быць у адным шэрагу з палітычнымі самазванцамі».

Раней голасам, падобным да Мікалая Карпянкова, ужо агучваўся тэзіс пра «лішніх людзей» — прэс-служба МУС назвала той «зьліў» фэйкавым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG