Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адчуваньне гідлівасьці». Экспэртка параўноўвае стыль Лукашэнкі і атачэньня са стылем прыхільнікаў пераменаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Зь сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады, трэнэркай па бізнэс-стасунках і этыкеце Аксанай Зарэцкай абмяркоўваем стыль Аляксандра Лукашэнкі, яго атачэньня, прадстаўнікоў чынавенства, а таксама параўноўваем яго са стылем найбольш яркіх прадстаўнікоў прыхільнікаў пераменаў у Беларусі.

Глядзіце інтэрвію на відэа цалкам.



Сьцісла:

  • У выпадку з фота і відэа Лукашэнкі, якія раптам зьявіліся, рэжысура носіць крайне прымітыўны характар (давайце гэта здымем, давайце будзем бліжэй да народу), і атрымліваецца хутчэй адваротная рэакцыя.
  • Калі мы згадаем гаспадарлівасьць беларускіх жанчын, нашу ахайнасьць, акуратнасьць, то сабака на стале ўспрымаецца як нешта недарэчнае, не ўласьцівае нармальнай беларускай сям’і.
  • У беларускіх чыноўнікаў стылю няма, таму што стыль прадугледжвае індывідуальнасьць, свабоду выразіць сябе, веданьне межаў. У беларускім чынавенскім асяродзьдзі гэта немагчыма.
  • Што тычыцца стылю яркіх прадстаўнікоў прыхільнікаў пераменаў, то найперш гэта ўменьне працаваць з колерам, адсутнасьць боязі выражацца праз аксэсуары, любоў да дэталяў, ня столькі сьледаваньне за модай, колькі разуменьне ўласнага стылю.

Асноўныя тэзісы Аксаны Зарэцкай:


Пра «хатнія» фота і відэа Лукашэнкі

— Фатаграфіі і відэа ў нефармальнай абстаноўцы — гэта нармальная практыка, у тым ліку ў многіх дэмакратычных дзяржавах. Тое, што ў Беларусі гэтага не было дастаткова доўга, гаворыць найперш пра вялікую закрытасьць улады. Мы вельмі мала ведаем пра жыцьцё чыноўнікаў, практычна нічога ня ведалі пра жыцьцё прэзыдэнта і набліжаных да яго людзей. Неабходнасьць перайсьці на новы ўзровень, зьяўленьне раптам нефармальных фатаздымкаў і відэа гаворыць пра спробу пачаць весьці дыялёг зь людзьмі крыху ў іншай танальнасьці. Спроба не афіцыёзу, а кшталту «давайце паміж сваімі, паміж сабой дамовімся».

Кадар з праграмы "Александр Лукашенко. Действующие лица с Наилей Аскер-заде", Расея 1
Кадар з праграмы "Александр Лукашенко. Действующие лица с Наилей Аскер-заде", Расея 1

Атрымліваецца гэта, шчыра кажучы, ня вельмі добра. Адбываецца шмат курʼёзаў, бо ўсе нібыта нефармальныя фота і відэа, якія мы бачым у заходніх культурных і палітычных дзеячоў, насамрэч — вывераная рэжысура, а ня тое, што здымаецца на тэлефон паміж іншым. Кадар выбудоўваецца, людзі дапамагаюць выбраць адзеньне, аксэсуары, дапушчальнасьць ці недапушчальнасьць некаторых элемэнтаў у кадры.

У выпадку з фота і відэа Аляксандра Лукашэнкі, якія раптам зьявіліся, мы бачым, што рэжысура носіць вельмі прымітыўны характар (давайце гэта здымем, давайце будзем бліжэй да народу), і атрымліваем хутчэй адваротную рэакцыю. Адчуваньне некаторай гідлівасьці і некаторага неўразуменьня, пабачыўшы сабаку на стале, босыя ногі, аголеныя часткі цела, часам зьнешні выгляд на мяжы фолу.

Пра сабачку на стале


— Адно зь відэа мяне моцна пазабавіла, калі ён калоў дровы і кідаў бярвёны сабачку. І гэтая белая хустачка на галаве... Я нават ня ведаю, як гэта пракамэнтаваць. З пункту гледжаньня стылю гэта татальны правал. Калі казаць пра этыкет, то калі вы «пускаеце» камэру да сябе дадому, трэба разумець, што ёсьць хатні стыль, і гэта неабходнасьць ня ў «трэніках» дома хадзіць і дэманстраваць такое пагарджаньне стылем і сваім зьнешнім выглядам. Тут пытаньне межаў, разуменьне розьніцы паміж хатняй жывёлай, сябрам сямʼі, карцінкай для публікі і вашага асабістага спосабу стасункаў зь ёй.

Вы не павінны дэманстраваць свае звычкі, некаторыя звычкі трэба прыбраць, бо яны ня будуць нармальна ўспрынятыя навакольнымі. Калі мы згадаем гаспадарлівасьць беларускіх жанчын, нашу ахайнасьць, акуратнасьць, то сабака на стале ўспрымаецца як нешта недарэчнае, не ўласьцівае нармальнай беларускай сямʼі, як гарадзкой, так і вясковай.


Пра дзелавы стыль Лукашэнкі і ўрадоўцаў

2018 год. На фота зьлева направа: дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч, намесьнік старшыні адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк, міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, Аляксандар Лукашэнка, старшыня адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.
2018 год. На фота зьлева направа: дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч, намесьнік старшыні адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк, міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, Аляксандар Лукашэнка, старшыня адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.

— У беларускіх чыноўнікаў вялікая праблема ў тым ліку і зь дзелавым стылем. Падаецца, што гэта проста — надзеў гарнітур, белую кашулю і гальштук. Тым ня менш ёсьць розьніца паміж гарнітурам — і гарнітурам, які добра сядзіць. Часта патрабуецца індывідуальная падгонка. Калі дама можа дазволіць сабе трыкатаж, драпіроўкі, шматслойнасьць, то мужчынскі гарнітур павінен сядзець як уліты. Такія гарнітуры танна ня купіш, трэба падагнаць ці пашыць. Вельмі рэдка гарнітур з крамы сядзіць як трэба. У гэтым сэнсе тая карцінка, якую мы бачым з Аляксандрам Лукашэнкам апошнія некалькі гадоў, у пляне дзелавога стылю вельмі нядрэнная. Бачна, што ён у дарагіх гарнітурах. Я не магу гаварыць пра цэны і маркі, мяркую, што гэта індывідуальнае шыцьцё.

Калі гаварыць пра іншых беларускіх чыноўнікаў, то тут толькі швах і бяда. Паўтара года таму ў інтэрвію мяне прасілі назваць самых стыльных чыноўнікаў. І з ходу, акрамя Паўла Латушкі, складана было кагосьці назваць. Тут важна ня толькі, як сядзіць гарнітур. Напрыклад, кашуля з кароткім рукавом недапушчальная ў дзелавым стылі, а кашуля з кароткім рукавом безь пінжака і з гальштукам — абсалютны мавэтон. Занадта доўгія нагавіцы, якія зьбіраюцца складкамі над чаравікамі, недапушчальны для клясычнага стылю абутак. Мы бачым у беларускіх чыноўнікаў і сандалі ўлетку, і стаптаны і пыльны абутак.


Пра вобраз «народнага прэзыдэнта»

— Этыкет — гэта ня толькі дрэс-код, а тое, як вы кантактуеце, якія жэсты сабе дазваляеце, зьвяртаецеся на «ты» ці на «вы», якія межы дазваляеце пераходзіць. Асабліва найвышэйшыя асобы дзяржавы, калі яны зьяўляюцца хэдлайнэрамі, калі, акрамя іх, нікога па тэлебачаньні не паказваюць, яны задаюць для шырокіх масаў стандарт камунікацый. Лукашэнка абраў такую стратэгію — катэгарычна свой, народны прэзыдэнт.

Падаецца, што чым прасьцей, тым лепей, ня буду я замарочвацца. І мы бачым вынікі апошніх 26 гадоў — адсутнасьць стылю як такога. Наяўнасьць гарнітура не азначае стыль. У беларускіх чыноўнікаў стылю няма, таму што стыль прадугледжвае індывідуальнасьць, свабоду выразіць сябе, веданьне сваіх межаў і недапушчэньне іх перасячэньня. У беларускім чынавенскім асяродзьдзі гэта немагчыма.


Пра «захопленыя» балі пад эгідай Лукашэнкі

Навагодні баль. 29 сьнежня 2020 году.
Навагодні баль. 29 сьнежня 2020 году.

— Пра балі магу меркаваць толькі як вонкавы глядач, бо не была запрошаная на ніводзін. Я — сябра бальнага камітэту Венскага балю. Год таму ў Купалаўскім тэатры плянаваўся Венскі баль, мы падышлі да арганізацыі на самым высокім узроўні. Стандарт быў зададзены аўстрыйцамі, і для нас было вельмі важна яго датрымаць. Потым гэты баль быў «перахоплены», «захоплены», «экспрапрыяваны» прэзыдэнтам і быў праведзены пад ягонай эгідай. Мне абсалютна ня сорамна за маіх дэбютантак, якіх я асабіста адбірала і рыхтавала.

Кожны раз я назіраю на фота і відэа з гэтых баляў, што Аляксандар Лукашэнка не выконвае бальны пратакол. Ён зьяўляецца там у гальштуку, што недапушчальна. Толькі мятлік. Ён не надзявае смокінг, хоць такая практыка павінна быць. Мы можам пабачыць яго ў смокінгу, дзе ён на фота з амэрыканскім тады прэзыдэнтам. І гэта было строгае пратакольнае патрабаваньне амэрыканскага боку.


Пра дэманстратыўнае парушэньне ўсіх правілаў

16 жніўня 2020. Лукашэнка на плошчы Незалежнасьці.
16 жніўня 2020. Лукашэнка на плошчы Незалежнасьці.

— Ён татальна і дэманстратыўна парушае правілы пратаколу, кажучы, што не яны будуць ім кіраваць. З апошняга інтэрвію расейскаму тэлеканалу мы можам атрымаць адну вельмі важную інфармацыю: у ягоных правілах — парушаць правілы. Ён самасьцьвярджаецца такім чынам.

Ён ня можа сьледаваць агульнапрынятаму, для яго вельмі важна — паказаць, што ён супраць. Можна яму хоць сто разоў, як казаў Мікалай, сказаць, якія лекі трэба піць і што трэба рабіць, ён спэцыяльна будзе рабіць насуперак. Такі псыхатып чалавека. Для гэтых людзей немагчыма выконваць правілы. Ніякія парады, рэкамэндацыі, патрабаваньні, прапісаныя законы для іх не аўтарытэт.


Пра жанчын ва ўладзе ў атачэньні Лукашэнкі

— Калі параўноўваць з Качанавай, Ярмошынай ці Ермаковай, то стыль Натальлі Эйсмант сурʼёзна адрозьніваецца ў добры бок. Мне абсалютна няма ў чым яе папракнуць, што тычыцца дзелавога пратаколу і зьнешняга выгляду.

2019 год. Лідзія Ярмошына.
2019 год. Лідзія Ярмошына.

Калі гаварыць пра Качанаву, Ярмошыну і Ермакову, то тут бяда — адсутнасьць стылю, неразуменьне дапушчальнасьці тканінаў, расфарбовак, прынтоў.

1 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка і тады кіраўніца часовай адміністрацыі "Белгазпрамбанку" Надзея Ермакова абмяркоўваюць сытуацыю ў банку.
1 жніўня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка і тады кіраўніца часовай адміністрацыі "Белгазпрамбанку" Надзея Ермакова абмяркоўваюць сытуацыю ў банку.

Вядомы фатаздымак, калі Ермакова размаўляе з Лукашэнкам у ягоным кабінэце, і на ёй гэтая дзіўная сукенка з геамэтрычным прынтом блакітнага колеру, белыя туфлі з панчохамі колеру насычанага загару. Глядзіцца гэта, мякка кажучы, жахліва, і абсалютна не адпавядае правілам пратаколу. У беларускіх чыноўніц мы часта бачым недапрацоўку з колерам, няўменьне карыстацца аксэсуарамі. Вельмі рэдка можна сустрэць сапраўды стыльную даму, нават пры датрыманьні дзелавога этыкету. Гэта можна назваць адным словам — адсутнасьць стылю.


Пра тое, як зьмянілася Ціханоўская

Кастрычнік 2020 году. Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Данію.
Кастрычнік 2020 году. Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Данію.

— І тут важна заўважыць, як зьмянілася Сьвятлана Ціханоўская, пабыўшы ў эўрапейскім асяродзьдзі. Мінімальнымі намаганьнямі з тыпова беларускай дамы яна пераўтварылася ў эўрапейку — праз удалую стрыжку, уменьне працаваць зь лініямі і колерамі. Пры гэтым яна абсалютна адэкватная ў пляне пратаколу і дзелавога стылю — манахром, чорнае, белае, шэрае. Вельмі ўдалае карэ — мінімалістычна, акуратна, нічога лішняга, ніякага яркага макіяжу. Яна чароўна выглядае. І ўсё гэта мінімальнымі высілкамі, якія не патрабуюць вялікіх укладаньняў ці працы стыліста. Сьвятлана казала, што ў яе няма стыліста. Гэта цудоўны прыклад таго, як асяродзьдзе фармуе твой зьнешні выгляд.

Пра стыль і асяродзьдзе

2018 год. Аляксандар Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
2018 год. Аляксандар Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

— У беларускім асяродзьдзі вельмі складана быць стыльным чалавекам. Калі вы бачыце сярод чыноўнікаў стыльнага чалавека, то, найхутчэй, у яго асаблівая гісторыя прыходу да гэтага стану. Калі распытаем, то даведаемся, што чалавек некаторы час жыў у Італіі ці Францыі, альбо доўгі час кантактаваў з замежнымі партнэрамі, якія натхнілі яго на гэты стыль.

Сотні чыноўнікаў МЗС працуюць у заходніх краінах, але адзінкі мяняюць свой стыль, бо павінна быць выхаванае зь дзяцінства пачуцьцё прыгожага. На жаль, гэтага бракуе, калі расьцеш у драўлянай халупе, выходзіш з дому і бачыш бруд. Ня ўсе жывуць у адносна прыгожым і чыстым Менску. Карціна на пэрыфэрыі абсалютна ня радасная. Калі расьцеш у такім асяродзьдзі, то атрымліваеш такі сярэдні ўзровень прыгажосьці, які моцна адрозьніваецца ад эўрапейскага.

Пра прычоскі, макіяж і адзеньне дэпутатак

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

—Гэта поўная адсутнасьць індывідуальнага стылю, адсутнасьць свабоднага доступу да сапраўды якасных тканінаў і дарагіх крамаў, дзе робяць добры крой. Часта яны адзяюцца на рынку. І асноўны фактар — цэнавы, каб было ня маркае, каб не было дарагое. Наконт макіяжу. Гэта жанчыны 50+ часта. У іх сваё асяродзьдзе, сваё ўяўленьне аб прыгожым. Многія жанчыны на пэрыфэрыі дагэтуль любяць хімзавіўкі. Стан валасоў і скуры вельмі шмат гаворыць пра стан здароўя. Мы бачым, што часта гэта жанчыны зь лішняй вагой, якія, найхутчэй, не займаюцца спортам.

Па стане валасоў і скуры можна меркаваць, што ў іх харчаваньні вельмі шмат вугляводаў. І гэта зусім не эўрапейскі падыход да здаровага ладу жыцьця, да стылю. Справа ж ня толькі ў тым, што можна зьмяніць прычоску — і чалавек зьменіцца. Змыеш макіяж, і мы пабачым тую ж самую скуру. Так, стылю няма, ёсьць нейкі наркомаўскі вобраз, яркія цені, яркая памада, няўменьне карыстацца хайлайтэрамі, няведаньне таго, якія часткі твару варта замаскаваць, што высьветліць, што выцемніць, што такое контурынг. Гэта ўсё па-за межамі сьвету гэтых жанчын, як правіла.


Што адрозьнівае стыль прыхільнікаў пераменаў

Аксана Зарэцкая і Павал Латушка
Аксана Зарэцкая і Павал Латушка

— Найперш гэта ўменьне працаваць з колерам, адсутнасьць боязі выражацца праз аксэсуары, любоў да дэталяў. Той жа шалік, завязаны пятлёй, які мы часта бачым у Паўла Паўлавіча Латушкі. Што тычыцца італьянскага гарнітура, то ёсьць такі панятак, як спрэцатура, гэта лёгкая нядбайнасьць, калі ўсё ідэальна, але ёсьць адна дэталь, якія крыху выбіваецца і падкрэсьлівае агульную выверанасьць стылю. Гэтым прыёмам, на мой погляд, цудоўна валодае Вадзім Пракопʼеў.

22 жніўня. Марыя Калесьнікава
22 жніўня. Марыя Калесьнікава

Што тычыцца жанчын, той жа Марыі Калесьнікавай, то гэта ўменьне працаваць з аксэсуарамі, яркія колеры і разуменьне таго, што вам пасуе, а што не пасуе. Ня столькі сьледаваньне за модай, колькі разуменьне ўласнага стылю. У гэтым сэнсе падабраць слушную даўжыню прычоскі, прабор з патрэбнага боку, колер памады — архіважна. У беларускіх чыноўніц гэтага няма, мы ня бачым гэтай любові да самавыражэньня.

Згадаем таемную інаўгурацыю Лукашэнкі. Ня будзем браць сёстраў Грузьдзевых, паглядзім на іншых жанчын. Як правіла, гэта адсутнасьць аксэсуараў, макіяж на мяжы адсутнасьці і цьмяныя шэрыя колеры. Не вылучацца, ня кідацца ў вочы, сьледаваць генэральнай лініі партыі, быць як усе — галоўнае правіла. У той час як людзі, якія імкнуцца стварыць новую Беларусь, якія хочуць лепшага жыцьця і гатовыя яго ствараць, — гэта людзі зь вельмі моцным унутраным пасылам, з характарам, што, безумоўна, адбіваецца на зьнешнасьці.

Аксана Зарэцкая
Аксана Зарэцкая

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG