Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга марнаваць часу». Што Джо Байдэн зрабіў у першы дзень прэзыдэнцтва


Байдэн падпісвае першыя распараджэньні ў Авальным кабінэце Белага дома, 20 студзеня 2020 г.
Байдэн падпісвае першыя распараджэньні ў Авальным кабінэце Белага дома, 20 студзеня 2020 г.

Джо Байдэн 20 сьнежня, у першы дзень свайго знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта ЗША, падпісаў 17 распараджэньняў і ўказаў.

Адпраўныя пункты

Сказаўшы ў прысутнасьці журналістаў у Авальным кабінэце Белага дома, што «нельга марнаваць часу», Джо Байдэн адзначыў:

«Некаторыя выканаўчыя дакумэнты, якія я падпішу сёньня, дапамогуць зьмяніць ход каранавіруснага крызісу; мы будзем змагацца са зьмяненьнем клімату так, як да гэтага часу яшчэ не рабілі; прасоўваць расавую справядлівасьць і падтрымліваць іншыя малазабясьпечаныя супольнасьці. Гэта толькі адпраўныя пункты».

ЗША вяртаюцца ў СГА і САЗ

Джо Байдэн адмяніў некалькі рашэньняў свайго папярэдніка Дональда Трампа, у прыватнасьці:

  • падпісаў указ пра далучэньне ЗША да Парыскага пагадненьня аб клімаце;
  • скасаваў рашэньне пра выхад з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі;
  • адмяніў выхад з Сусьветнай арганізацыі здароўя;
  • зьняў забарону на ўезд у ЗША з шасьці краін зь пераважна мусульманскім насельніцтвам;
  • спыніў будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай.

«У наступныя дні і тыдні мы будзем абвяшчаць пра дадатковыя дзеяньні выканаўчай улады, каб супрацьстаяць выклікам і выканаць абяцаньні прэзыдэнта, дадзеныя амэрыканскаму народу», — сказала прэс-сакратарка Белага дома Джэніфэр Псакі.

Джо Байдэн зь першай лэдзі назіраюць за фаервэркам у гонар прэзыдэнцкай інаўгурацыі
Джо Байдэн зь першай лэдзі назіраюць за фаервэркам у гонар прэзыдэнцкай інаўгурацыі

І Сэнат цяпер за Байдэна

20 студзеня прысягу ў Сэнаце склалі нававыбраныя сэнатары ад Дэмакратычнай партыі Джон Осаф і Рафаэль Ўорнак. Такім чынам, на сёньняшні дзень рэспубліканцы і дэмакраты маюць па 50 месцаў у Сэнаце, але перавага ў галасаваньні застаецца за Дэмакратычнай партыяй, паколькі віцэ-прэзыдэнт Камала Гарыс у якасьці старшыні гэтай палаты Кангрэсу мае вырашальны голас.

Абноўлены склад Сэнату 20 студзеня зацьвердзіў першага намінанта Байдэна на высокую пасаду ў адміністрацыі: Аўрыл Гэйнз стала дырэктаркай Нацыянальнай выведкі ЗША.

У Палаце прадстаўнікоў дэмакраты маюць перавагу над рэспубліканцамі: 221 супраць 211.

Першая размова — з прэм’ерам Канады

Байдэн мае намер у першую чаргу патэлефанаваць лідэрам краін-саюзьніц. Першыя тэлефонныя перамовы пройдуць з прэм’ер-міністрам Канады Джастынам Трудо.

Прэс-сакратарка Белага дому Джэніфэр Псакі паведаміла, што ёй пакуль нічога не вядома аб плянах размовы Байдэна з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Фаервэрк у гонар інаўгурацыі Джо Байдэна
Фаервэрк у гонар інаўгурацыі Джо Байдэна

Рэакцыі лідэраў на інаўгурацыю Байдэна

Урсуля фон дэр Ляен, прэзыдэнтка Эўракамісіі:

«Злучаныя Штаты вярнуліся. І Эўропа гатовая. Каб аднавіць сувязь са старым і надзейным партнэрам, удыхнуць новае жыцьцё ў наш запаветны саюз. Я зь нецярпеньнем чакаю сумеснай працы з @JoeBiden».

Борыс Джонсан, прэм’ер Вялікай Брытаніі:

«Я зь нецярпеньнем чакаю супрацоўніцтва (з Байдэнам. — РС) і яго новай адміністрацыяй, умацаваньня партнэрскіх адносін паміж нашымі краінамі і працы над нашымі агульнымі прыярытэтамі: барацьбой са зьмяненьнем клімату, аднаўленьнем пасьля пандэміі і ўмацаваньнем нашай трансатлянтычнай бясьпекі».

Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Францыі:

«З найлепшымі пажаданьнямі ў гэты самы значны дзень для амэрыканскага народу! Мы разам. Мы будзем мацней супрацьстаяць выклікам нашага часу. Мацней будаваць сваю будучыню. Мацней абараніць нашу плянэту».

Франк-Вальтэр Штайнмаер, прэзыдэнт Нямеччыны:

«Сёньня добры дзень для дэмакратыі. У Злучаных Штатах Амэрыкі яна сутыкнулася зь велізарнымі праблемамі — і вытрымала».

Папа Рымскі Францішак:

«Няхай пад вашым кіраўніцтвам амэрыканскі народ працягвае чэрпаць сілу з высокіх палітычных, этычных і рэлігійных каштоўнасьцяў, якія натхнялі нацыю з самага яе заснаваньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG