Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Савецкая ўлада мяне зьнішчала». Мастак Барыс Забораў памёр у Францыі


Барыс Забораў, красавік 2015
Барыс Забораў, красавік 2015

Пра гэта паведамілі ў фэйсбуку паэт Дзьмітры Строцаў, рэжысэр Андрэй Курэйчык, журналіст Сяргей Ваганаў. Мастаку было 85 гадоў, прычына сьмерці пакуль невядомая.

Імя Барыса Заборава ў сьвеце, гаворачы пра мастакоў зь Беларусі, мабыць, прамаўляюць праз коску пасьля Шагала, пісала «Камсамолка» 12 гадоў таму.

Нарадзіўся Барыс Забораў у Менску ў 1935-м у сям'і мастака, вучыўся ў Ленінградзе і Маскве. Затым вярнуўся ў Менск.

Кар’еру мастака Барыс Забораў пачынаў у Менску, у якасьці кніжнага графіка і мастака тэатра. Шмат пакаленьняў дзяцей пазнаёміліся з аўтарамі ад Шэксьпіра, Уайльда і Пушкіна да Дастаеўскага, Купалы і Коласа дзякуючы ягонай графіцы. Кнігі, якія ён ілюстраваў, атрымлівалі высокія ўзнагароды, у тым ліку за мяжой.

Дома і ў майстэрні ён прымаў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Валянціна Тараса, Навума Кісліка, Алеся Адамовіча, Булата Акуджаву, Аляксандра Галіча.

«Сярод маіх блізкіх сяброў былі дысыдэнты. Але актыўнага ўдзелу ў дысыдэнцкім руху я ніколі не прымаў», — расказваў Забораў. Гэта не перашкодзіла ўладам правесьці ператрус у яго майстэрні ў навагоднюю ноч 1978 году.

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Георгі Вылчаў і Барыс Забораў
Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Георгі Вылчаў і Барыс Забораў

Пасьля некалькіх спробаў яму ўдалося пакінуць Савецкі Саюз. Перад тым выехалі члены яго сям'і. Каб вырашыць справу са зьняволеным на Валадарцы братам Заборава, давялося зьвяртацца да народных паэтаў Беларусі Аркадзя Куляшова і Петруся Броўкі, а ўжо Броўку – да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава.

У Францыю ён зьехаў у 1980 годзе.

«Калі я прыехаў у Парыж, на другі дзень у мяне быў нейкі францускі журналіст. Я па-француску — ні слова, быў перакладчык, і першае пытаньне, які задае мне журналіст: „Вы зьехалі, вядома, з палітычных меркаваньняў?“ І паспрабаваў павярнуць размову выключна ў гэта рэчышча. І я адразу яму сказаў тады — а значыць, гэта было ў маёй сьвядомасьці — не, я ня зьехаў з палітычных меркаваньняў. Твар яго спахмурнеў. І я адчуў, што ён цалкам страціў цікавасьць да мяне.

І тым ня менш, жывучы тут, я ўсё больш пераконваюся, што зьехаў не з палітычных меркаваньняў. Хоць я ня ведаю, ці можна было пагарджаць савецкай уладай больш, чым пагарджаў ёй я. Яна мне была ненавісная, яна мяне зьнішчала. Не фізычна. Не хапала кіслароду. А самае галоўнае, як выйшла ў выніку: я ня мог займацца тым, да чаго я сябе рыхтаваў усё жыцьцё — займацца жывапісам. Там гэтым займацца я ня мог. І таму я цалкам сышоў у кніжную графіку. Гэтая сфэра менш усяго кантралявалася ідэалягічнымі структурамі, таму што яна, як бы там ні было, вызначалася літаратурным зьместам таго, што я ілюстраваў».

Францыю Забораў лічыў роднай краінай. «Менавіта тут я знайшоў сябе. Што можа быць больш каштоўным у жыцьці мастака, чым гэтае адчуваньне і месца, дзе ён можа займацца сваім рамяством?»

Карціна Заборава «Аўтапартрэт з мадэльлю» вісіць у галерэі Ўфіцы.

Карціны Барыса Заборава ў майстэрні
Карціны Барыса Заборава ў майстэрні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG