Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя адмовіўся выклікаць Ціханоўскага сьведкам у крымінальнай справе палітвязьня Няронскага


Палітвязень Уладзімер Няронскі. Фота spring96.org
Палітвязень Уладзімер Няронскі. Фота spring96.org

На апошнім пасяджэньні ў рамках судовага сьледзтва Ўладзімер Няронскі прасіў прывезьці сьведкам на ягоны працэс Сяргея Ціханоўскага, але атрымаў адмову. Віну ў арганізацыі незаконных акцый Няронскі катэгарычна адмаўляе.

Суд Лагойскага раёну пад старшынствам Аляксандра Рыбакова 20 студзеня скончыў судовае сьледзтва ў дзьвюх крымінальных справах супраць палітзьняволенага Ўладзімера Няронскага, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Блогера вінавацяць у арганізацыі «незаконных грамадзкіх масавых мерапрыемстваў» і ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкаму, якую ён агучыў у адным са сваіх ролікаў на ютуб-канале «Слуцк для жизни». Па другім артыкуле Няронскі прызнаў віну, а па першым заявіў, што ня мае дачыненьня да справы. Калі 29 траўня ў Горадні затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага, Няронскі ўжо некалькі тыдняў сядзеў. Усяго ў зьняволеньні ён ад 6 траўня.

У матэрыялах справы Ўладзімеру Няронскаму інкрымінуюць незаконныя сходы ў шэрагу гарадоў краіны, называюцца некаторыя канкрэтныя адрасы кватэр і дамоў. Але падсудны катэгарычна заявіў, што ніколі ня быў па тых адрасах, за выключэньнем менскага на праспэкце Незалежнасьці, 137. Ды і тое ў кватэру не падымаўся, а толькі забіраў Сяргея Ціханоўскага на машыне. Хадайніцтва падсуднага і ягонай абароны аб выкліку самога Ціханоўскага для пацьвярджэньня гэтых словаў судзьдзя Рыбакоў адхіліў на падставе таго, што Ціханоўскі адмаўляецца ад любых паказаньняў.

Няронскі пра ўмовы ўтрыманьня і пратаколы

Таксама Няронскі згадаў на судзе 20 студзеня і размовы са сьледчым.

«Каб вы разумелі, я ніводнага пратаколу не чытаў. А сэнс? Я яшчэ ня чуў такога, каб гэта камусьці дапамагло. Я сьледчаму сказаў, што гэта будзе на яго сумленьні».

Таксама, па словах блогера, сьледчы сказаў яму, што 12 сьнежня выпускаць ня будзе, хоць тэрмін утрыманьня пад вартай завяршаўся. Калі выпусьціць, дык Няронскага «ўсё роўна затрымаюць зь якой-небудзь іншай прычыны». І сказаў палітвязьню, каб той раней за травень ня думаў пра волю. На думку случака, сьледчы «ўжо ведае пастанову суду».

Як і на кожным з папярэдніх пасяджэньняў, Няронскі спыніўся на ўмовах зьняволеньня. Да холаду ён ужо прывык, але прасіў хаця б памяняць яму пасьцельную бялізну, якая не мянялася ўжо 2 месяцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG