Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сорамна Беларусь пакідаць з гэтым прэзыдэнтам». Чаму супраць Лукашэнкі выходзяць пэнсіянэры


Пэнсіянэр-пратэстовец Ян Грыб
Пэнсіянэр-пратэстовец Ян Грыб

З плякатамі і лёзунгамі людзі старэйшага ўзросту кожны панядзелак ідуць па цэнтры Менску на «маршы мудрасьці» і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. Чаму яны гэта робяць? І якія наступствы нясе ім удзел у пратэстах?

«Настоящее время» расказвае пра Тацяну Зялко, якая пасьля адной са сьнежаньскіх акцый апынулася на Акрэсьціна. Тады пэнсіянэраў атачылі на плошчы, дзе яны вадзілі карагод вакол ялінкі, і закінулі ў аўтазак. Для жанчыны марш скончыўся суткамі ў ізалятары і буйным штрафам.

«Мяне вельмі радуе, што я ўвесь час бачу новыя твары, — кажа пэнсіянэрка. — Памятаеце, раней адны і тыя ж выходзілі на акцыі? А тут... Калі размаўляеш, чуеш: вось мой сын ці зяць выйшлі па хлеб і не вярнуліся. Я хачу, каб мае дзеці нармальна жылі, таму выходжу».

Яшчэ адзін удзельнік пратэстаў, пэнсіянэр Вячаслаў Галецкі, кажа, што ніколі не падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку. А на пратэсты выходзіць, бо яму сорамна за сваё пакаленьне.

«Сорамна Беларусь пакідаць з гэтым прэзыдэнтам, якога мы прывялі да ўлады, наша пакаленьне, — заўважае Вячаслаў Галецкі. — Хацелася б пакінуць што-небудзь прыстойнае замест яго».

Першапачаткова беларускія сілавікі не перашкаджалі пэнсіянэрам зьбірацца і гуляць па горадзе. Сытуацыя зьмянілася ў канцы кастрычніка, калі Лукашэнка запатрабаваў «ачысьціць Менск» ад дэманстрантаў.

«Усё ідзе па нарастальнай, з закручваньнем гаек. Калі раней зьбіваць пэнсіянэраў лічылася „западло“, па тэрміналёгіі нашай зладзейскай улады, то цяпер ужо не, — гаворыць Вячаслаў Галецкі. — Можна пхнуць, можна ў аўтазак кінуць».

Не прапускае «маршы мудрасьці» і 84-гадовы Ян Грыб. Яго на пачатку студзеня сілай забралі з дому і адвезьлі ў суд, але пэнсіянэр адмовіўся ўдзельнічаць у паседжаньні і выйшаў з залі. У выніку яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і прысудзілі штраф 450 даляраў.

«Я кажу: гэта ня суд, гэта цырк. Вы не кіруецеся ні Канстытуцыяй, ні законамі, а выконваеце тое, што вам сказалі зьверху, — кажа Ян Грыб. — Вось вам сказалі вырываць грошы ў людзей, таму вы не саромеецеся нават у інваліда, старога чалавека вылічваць апошнюю капейку, забіраць у яго апошні кавалак хлеба».

Па словах Яна Грыба, людзі ў Беларусі нарэшце зразумелі, якая ўлада кіруе краінай 26 гадоў, прычым зразумелі нават ягоныя аднагодкі, якія заўсёды былі апорай рэжыму Лукашэнкі.

За ўдзел у акцыях пэнсіянэры атрымліваюць штрафы ў 2–3 разы большыя, чым іхныя пэнсіі. Сплаціць гэтыя грошы дапамагаюць фонды салідарнасьці і неабыякавыя беларусы. Нягледзячы на рэпрэсіі, пажылыя людзі і далей маюць намер выходзіць на вуліцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG